wd wp Пошук:

Піркі

Пі́ркі[1] (трансліт.: Pirki, руск.: Пирки) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (476 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].

Геаграфія

Размяшчэнне

У 32 км на поўдзень ад Брагіна, 13 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 147 км ад Гомеля.

Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Транспартная сетка

Побач аўтадарога Камарын — Брагін.

Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, якая на ўсходзе далучаецца да мерыдыянальнай вуліцы. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя, як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе сяло ў валоданні Ракіцкіх. У 1850 годзе валоданне Прозара. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся хлебазапасны магазін, школа граматы. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.

З 8 снежня 1926 года да 8 студзеня 1987 года[3] цэнтр Піркаўскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскага (з 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.

У 1920-е года дзейнічалі школа і аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны будаўнік», працавалі гамарня і вятрак.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны у красавіку 1943 года партызаны разграмілі створаны акупантамі ў вёсцы гарнізон. Карнікі ў маі 1943 года забілі 12 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на заходняй ускраіне), а ў лістападзе 1943 года спалілі 93 двары. У баях за вызваленне вёскі ў верасні — кастрычніку 1943 года загінулі 123 салдаты 89-га і 9-га гвардзейскага стралковага карпусоў 61-й арміі, а таксама 37 партызан атрада імя М. М. Кацюбінскага (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза С. К. Галавашанка і В. Ф. Загайнаў.

У 1959 годзе была цэнтрам саўгаса «Піркі». Месцаваліся камбінат побытавага абслугоўвання, бібліятэка, дзіцячыя яслі, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая.

З 8 студзеня 1987 года вёска ўваходзіла ў склад Савіцкага сельсавета, які 26 сакавіка 1987 года быў перайменаваны ў Хракавіцкі сельсавет[4].

Насельніцтва

Колькасць

  • 2010 год — жыхароў няма.

Дынаміка

  • 1850 год — 50 двароў, 343 жыхара.
  • 1897 год — 79 двароў, 496 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 120 двароў, 703 жыхара.
  • 1940 год — 196 двароў.
  • 1959 год — 552 жыхара (паводле перапісу).
  • 1986 год — жыхары (476 сем’яў) пераселены.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
  3. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
  4. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 26 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брагінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be