Рослаўль
Рослаўль (руск.: Рославль) — горад (з 1755 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Рослаўльскага раёна Смаленскай вобласці. Насельніцтва 55,3 тыс. чалавек (2007). Заснаваны ў 1137 годзе.
Горад размешчаны на левым беразе ракі Асцёр (басейн Дняпра), за 123 км ад Смаленска, за 135 км ад Бранска. Лёгкая і харчовая прамысловасць, вытворчасць будматэрыялаў.
Назва
На думку сучасных даследчыкаў, Рослаўль атрымаў назву ў гонар свайго заснавальніка — князя Расціслава Мсціславіча[2]. Тым часам паводле расійскага гісторыка Карамзіна, горад заснаваў муж полацкай князёўны Рагнеды — Уладзімір Святаславіч. Некаторыя гісторыкі прыпісваюць заснаванне Рослаўля Уладзіміру Манамаху.
Варыянты напісання назвы горада ў гістарычных крыніцах: Ростиславль, Rostislawl[3].
Гісторыя
Ранняе Сярэднявечча
Каля 1137 года князь Расціслаў Мсціславіч заснаваў Рослаўль як адзін з гарадоў на заваяваных у радзімічаў землях. Першы пісьмовы ўспамін пра Рослаўль датуецца 1150 годам, калі ён уваходзіў у склад Смаленскага княства.
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай
У ХІV стагоддзі Рослаўль далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года рослаўльская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1493 годзе горада захапілі маскоўскія войскі.
У 1503 годзе Рослаўль вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1508 годзе ён увайшоў у склад Смаленскага ваяводства. У 1515[удакладніць] годзе маскоўскі гаспадар Іван IV зноў захапіў горад. Пасля яго смерці, у «смутныя часы» рослаўцы падтрымалі войскі Ілжэдзмітрыя I, прагнучы вяртання ў Вялікае Княства Літоўскае.
У 1618 годзе Рослаўль стаў цэнтрам староства ў складзе Смаленскага павета Смаленскага ваяводства. 24 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду магдэбургскае права[4] і герб «у блакітным полі выява збройнага Святога Жыгімонта, у руках якога скіпетар і яблык»[5]. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Рослаўль захапілі маскоўскія войскі.
Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі
Згодна з Андрусаўскім перамір’ем 1667 года Рослаўль апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён увайшоў у склад Смаленскай губерні, дзе ў 1776 годзе стаў цэнтрам павета. У 1738 годзе ў Рослаўлі адкрылася школа з навучаннем на расійскай і польскай мовах.
Паводле афіцыйных звестак за 1866 год, беларусы складалі 94,7 % насельніцтва Рослаўльскага павета[6]. У канцы XIX стагоддзя ў Рослаўлі дзейнічалі 7 цэркваў, сярод іх саборная славілася абразам Маці Боскай (прывезены ў 1793 годзе з вострава Мальты), працавалі 2 прагімназіі, 5 вучылішчаў, сярод якіх духоўнае і чыгуначна-тэхнічнае, 2 багадзельні, 4 лякарні і 3 аптэкі. Агулам існавала 22 прамысловыя прадпрыемствы, з якіх вылучаліся 2 алейні і столькі ж гарбарняў. Гандлявалі канапланым і льняным алеем, пянькой, зернем, скурамі, тытунем, лыкам. Пункты адпраўкі — Рыга і Цэнтральная Расія. У гэты час беларусы складалі 94 % насельніцтва Рослаўльскага павета[5].
Найноўшы час
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Рослаўль увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе меў стаць цэнтрам павета («падраёна»)[7]. Аднак 16 студзеня горад разам з іншымі тэрыторыямі Смаленскай губерні быў перададзены ў склад РСФСР.
У Вялікую Айчынную вайну з 3 жніўня 1941 да 25 верасня 1943 года Рослаўль знаходзіўся пад нацысцкай акупацыяй.
Геаграфія
Клімат
Клімат Рослаўля | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 8,5 | 9,4 | 18,3 | 28,7 | 31,0 | 31,4 | 36,4 | 37,3 | 29,4 | 25,9 | 15,2 | 10,1 | |
Сярэдні максімум, °C | −4 | −3,3 | 2,7 | 11,7 | 18,5 | 21,5 | 23,7 | 22,3 | 16,5 | 9,5 | 1,7 | −2,3 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −6,9 | −6,6 | −1,2 | 7,0 | 13,2 | 16,4 | 18,5 | 17,1 | 11,7 | 5,7 | −0,5 | −4,8 | |
Сярэдні мінімум, °C | −9,7 | −10 | −5,1 | 2,2 | 7,8 | 11,3 | 13,3 | 11,9 | 6,9 | 1,9 | −2,7 | −7,2 | |
Абсалютны мінімум, °C | −36,6 | −32,3 | −26,9 | −7,4 | −4,9 | −0,1 | 5,0 | 1,8 | −4 | −12,6 | −23,3 | −27,9 | |
Крыніца: meteolabs.ru: Рославль |
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1856 год — 6,3 тыс. чал.; 1897 год — 17 776 чал.
- XX стагоддзе: 1910 год — 28 тыс. чал.; 1939 год — 41 480 чал.; 1974 год — 54 тыс. чал.[8]; 1993 год — 60,7 тыс. чал.[9]; 1998 год — 60,0 тыс. чал.[10]; 2000 год — 59,8 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2007 год — 55,3 тыс. чал.; 2017 год — 50 870 чал.
Адукацыя
У Рослаўлі працуюць 10 сярэдніх школ.
Сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі
Вышэйшыя навучальныя ўстановы
- Маскоўскі дзяржаўны індустрыяльны ўніверсітэт (філіял)
- Маскоўскі фінансава-юрыдычны ўніверсітэт (філіял)
- Маскоўскі псіхолага-сацыяльны ўніверсітэт (філіял)
- Дзяржаўны ўніверсітэт кіравання (філіял)
Культура
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, палац і дом культуры.
Прамысловасць
Хімічная
Харчовая
Машынабудаванне
- Рослаўскі аўтаагрэгатны завод
- Рослаўскі завод алмазных інструментаў
- Рослаўскі вагонарамонтны завод
- Доследна-механічны завод
- 720 рамонтны завод
Шкляная
Лёгкая
Транспарт
Праз Рослаўль праходзяць аўтамабільныя дарогі А141 Рудня — Арол (ад Віцебска праз Смаленск і Бранск), А101 (Масква — Шэры Камень і далей на Бабруйск), і P137.
Горад стаіць на гістарычнай чыгуначнай Рыжска-Арлоўскай лініі. Тут знаходзіцца станцыя Рослаўль-I, вузлавая, аднесеная да другога класа.
Рослаўль злучаецца прыгыраднай чыгункай з Смаленскам, Жукаўкай і Фаянсавай (г. Кіраў Калужскай вобласці). Гарадскі транспарт прадстаўляюць дзясятак аўтобусных маршрутаў, таксі і маршрутныя таксі. Гарадская аўтастанцыя суседнічае з чыгуначным вакзалам і забяспечвае працу значнай колькасці маршрутаў прыгарадных і міжгародніх аўтобусаў.
Турыстычная інфармацыя
У горадзе захавалася дастаткова вялікая колькасць архітэктурных пабудоў XIX стагоддзя. Сярод іх асабнякі, сядзібы, гасцініцы, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Але і культавых збудаванняў старажытнай пабудовы ў Рослаўлі нямала. Гэта каменныя цэрквы, саборы, манастыры, большасць з якіх былі пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя.
Славутасці
- Гарадзішча «Бурцава гара»
- Гістарычная забудова (XIX — пачатак XX ст.; фрагменты)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1905)
- Царква Казанскага Абраза Маці Божай (1833—1845)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (1780—1790)
- Царква Раства Багародзіцы (1850-я)
- Спаса-Праабражэнскі манастыр: царква Святога Спаса (1811—1819), царква Аляксандра Неўскага (1854—1857)
- Васкрасенская царква (1816—1825)
- Спаса-Узнясенская царква (1821—1832)
- Свята-Успенская царква (1790-я)
Страчаная спадчына
- Царква Звеставання Багародзіцы (1779—1783)
- Свята-Духаўская царква (XIX ст.)
Галерэя
- Краявіды Рослава
- Гарадзішча «Бурцава Гара»
- Царква Ушэсця Гасподняга
- Царква Раства Багародзіцы
- Спаскі манастыр
- Спаса–Праабражэнская царква
- Царква Аляксандра Неўскага
- Земскі склад
- Сход міравых суддзяў
Гарады-пабрацімы
Вядомыя асобы
- Яўген Аляксандравіч Глебаў (1929—2000) — беларускі кампазітар, дырыжор, педагог.
- Міхаіл Кузьміч Дабрынін (1889—1955) — літаратуразнавец, доктар філасофскіх навук[11]
- Міхаіл Міхайлавіч Дзятлаў (1937—2007) — беларускі ўрач-траўматолаг-артапед. Доктар медыцынскіх навук (2004).
- Марыя Лявонцьеўна Іткіна (1932—2020) — беларуская лёгкаатлетка.
- Валерый Мікалаевіч Малышкін (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Юрый Барысавіч Мартаў (1944—2007) — беларускі вучоны ў галіне хірургіі.
- Васіль Якаўлевіч Уласаў (1896—1957) — савецкі партыйны дзеяч.
Зноскі
- ↑ Колькасць насельніцтва Расійскай Федэрацыі па гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і раёнах на 1 студзеня 2010 года (руск.)
- ↑ Смоленская область. Энцикл. Т. 2. — Смоленск, 2003.
- ↑ Krzywicki J. Rosław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. — S. 758
- ↑ Рославль, Адміністрацыя МУ «Рослаўскі раён» (руск.)
- 1 2 Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 227.
- ↑ Списки населенных мест Российской империи, составленные и издаваемые Центральным статистическим комитетом Министерства внутренних дел. Вып. 40: Смоленская губерния. — СПб., 1868. С. 60.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
- ↑ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Энциклопедический словарь
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 250. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
Літаратура
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рослаўль
- Рослаўль на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Рослаўльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Смаленскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Смаленскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.