Беладубраўскі сельсавет
Беладу́браўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 года вёска) Белая Дуброва. Кіраўнік сельвыканкама — Мікалай Віктаравіч Кажамякін[1].
Гісторыя
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Касцюковіцкага раёна Калінінскай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Магілёўскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Касцюковіцкім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Студзянецкага сельсавета[2].
8 снежня 1959 года цэнтр Студзянецкага сельсавета перанесены ў вёску Белая Дуброва, сельсавет перайменаваны ў Беладубраўскі, у склад сельсавета з Саматэвіцкага сельсавета перададзены 6 населеных пунктаў (Аляксандраўка, Астравок, Вуглы, Клеткі, Клеявічы і Ленінскі), у адміністрацыйнае падпарадкаванне Касцюковіцкага гарсавета перададзены 4 населеныя пункты (Варашылава, Глыбокі, Ізбужар і Студзянец)[3]. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 10 населеных пунктаў[4]. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя сельсавета часткова апынулася забруджанай радыяцыяй. 26 лютага 1992 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Дзяражненскага і Саматэвіцкага сельсаветаў. 28 сакавіка 1996 года ў склад сельсавета з адміністрацыйнага падпарадкавання Касцюковіцкага гарсавета перададзены 4 населеныя пункты (Варашылава, Глыбокае, Ізбужар і Студзянец). 20 сакавіка 2012 года скасавана вёска Дзяражня[5], 30 чэрвеня 2015 года — вёскі Крывая Ніва, Прудок і Саматэвічы[6].
Геаграфія
Беладубраўскі сельсавет — найвялікшы ў Касцюковіцкім раёне, яго тэрыторыя займае плошчу ў 43 275 га. Працягласць з поўначы на поўдзень — 40 км. У межах сельсавета працякаюць рэкі Беседзь, Дзяражня, праходзіць аўтамабільная дарога Касцюковічы — Краснаполле.
Насельніцтва
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1142 чалавекі[7], з іх 96,1 % — беларусы, 3,0 % — рускія, 0,7 % — украінцы[8].
Станам на 1 студзеня 2019 года ў Беладубраўскім сельсавеце пражываў 881 чалавек, налічвалася 439 двароў.
Інфраструктура
Дзейнічаюць тры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, Беладубраўскае лясніцтва, Беладубраўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа і Беладубраўскі яслі-сад. Культурнае абслугоўванне забяспечваюць Беладубраўскі дом культуры і Беладубраўская сельская бібліятэка. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 16 воінскіх пахаванняў і 1 памятны знак. Медычнае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 2 фельчарска-акушэрскія пункты, гандлёвае — крамы ў Белай Дуброве і Студзянцы. Маецца аддзяленне сувязі і 4 дамы сацыяльных паслуг. Тэлефонная сувязь падтрымліваецца дзякуючы 3 аўтаматычным станцыям у Белай Дуброве, Студзянцы і Відуйцах[1].
Зноскі
- 1 2 Белодубровский сельский Совет
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Могилевской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 снежня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
- ↑ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.) . — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 178. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Костюковичского районного Совета депутатов от 20 марта 2012 г. № 15-11 Об упразднении сельского населенного пункта Костюковичского района(недаступная спасылка)
- ↑ Решение Костюковичского районного Совета депутатов от 30 июня 2015 г. № 11-5 Об упразднении сельских населенных пунктов Костюковичского района
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2009 года
- ↑ Этнічны склад насельніцтва сельсаветаў Беларусі паводле перапісу 2009 года
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Касцюковіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.