Сувіды
Суві́ды[1] (трансліт.: Suvidy, руск.: Сувиды) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (83 сем’і) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Афіцыйна ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].
Геаграфія
Размяшчэнне
У 25 км на поўдзень ад Брагіна, 16 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 143 км ад Гомеля.
Транспартная сетка
Побач аўтадарога Камарын — Брагін. Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў валоданні князя Вішнявецкага, а ва 2-й палове XVII стагоддзя — Каняцпольских. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе валоданне Ракіцкіх. Паводле перапісу 1897 года размяшчаліся хлебазапасны магазін, карчма. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Сувідавіцкага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг. Дзейнічала пачатковая школа.
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Беларусь», працавалі 2 вятракі і гамарня. У 1959 годзе ўваходзіла ў склад саўгаса «Брагінскі» (цэнтр — вёска Піркі).
З 30 снежня 1927 года па 8 студзеня 1987 года вёска ўваходзіла ў склад Піркаўскага сельсавета[3], пасля — у склад Савіцкага сельсавета, які 26 сакавіка 1987 года быў перайменаваны ў Хракавіцкі сельсавет[4].
Насельніцтва
- 1850 год — 35 двароў, 201 жыхар.
- 1897 год — 68 двароў, 382 жыхара (паводле перапісу).
- 1908 год — 91 двор, 549 жыхароў.
- 1959 год — 509 жыхароў (паводле перапісу).
- 1986 год — жыхары (83 сем’і) пераселены.
- 2010 год — жыхароў няма.
Вядомыя асобы
- Марыя Пятроўна Гарупа (1946—2016) — беларуская грамадская дзяячка, журналістка, ганаровая грамадзянка г. Іванава і Іванаўскага раёна (2016).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 26 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брагінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.