wd wp Пошук:

Шацк (Пухавіцкі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Шацк.

Шацк[1] (трансліт.: Šack, руск.: Шацк) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Адміністрацыйны цэнтр Шацкага сельсавета.

Знаходзіцца за 32 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 68 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск; каля аўтамабільнай дарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае.

Сімвалы

Неафіцыйны герб

Герб Шацка не мае афіційнага статуса. За аснову ўзяты заняткі старажытных жыхароў вёскі. Пчолкі і лён сімвалізуюць пчалярства, таксама ганчарства і бандарства. Аўтар праекта — Наталля Мікалаеўна Вайцяховіч[2].

Назва

Тапонім Шацк утварыўся ад ракі Шачы, даўней называнай Шач’яй. Часам ужывалася падвоеная назва Шацк Белы[3].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У першай палове XV стагоддзя належыў Судзівою Валімонтавічу, а пазней яго сыну Станьку[4]. Вялікі князь Аляксандр 10 лістапада 1492 года перадаў Шацк разам з Нясвіжам троцкаму ваяводзе Пятру «Беламу» Мантыгердавічу.

У 1523 годзе — сяло, цэнтр воласці, уласнасць старосты генеральнага жамойцкага Яна Радзівіла.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шацк увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства.

Пазней паселішча перайшло да Кішак і ўрэшце да Радзівілаў. У XVI стагоддзі тут збудавалі кальвінскі збор.

У 1582 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прадаў Шацк. Пасля шэрагу ўладальнікаў у 1732 годзе Шацк куплены Гервацыям Аскеркам.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 года) — у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.

Паводле звестак тапаграфічнага апісання Мінскай губерні (1800 года) у Шацку быў цагельны і чарапічны заводы І. Аскеркі.

16 лістапада 1863 года ў мястэчку Шацку была адкрыта земская школа. 10 сакавіка 1881 года на базе земскай школы адкрываецца 2-класная народная вучэльня.

У 1879 годзе ад Ігната Аскеркі маёнтак Шацк перайшоў да Гамуліцкіх, потым да Пуцятаў.

Найноўшы час

У канцы лютага 1918 года тэрыторыя акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў БССР, да 1927 года цэнтр Шацкага раёна Менскай акругі, у 1927—1935 гадах — цэнтр сельсавета Пухавіцкага, у 1935—1938 гадах — Смілавіцкага і Рудзенскага раёнаў, з 1938 года — у Мінскай вобласці. У 1935 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

У часе Другой сусветнай вайны немцы з’явіліся ў Шацку 30 чэрвеня 1941 года. Адразу бала расстраляная першая група жыхароў. Нямецкія акупанты арганізавалі габрэйскае гета. Самая масавая акцыя па знішчэнні габрэяў праводзілася ў кастрычніку 1941 года. Ахвяры гэтых карных акцый пахаваны ў трох ямах на ўзлеску гаю з правага боку дарогі з Шацка ў бок вёскі Задашчэнне. Тры помнікі ўсталяваны на месцы трох ям. Чацвёрты помнік з крыжам, у падставе якога знаходзіцца зорка Давыда, усталяваны мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1993 годзе. Надпіс на ім: «Ахвярам фашысцкага генацыду ў 1941—1944 годзе. Удзячныя хрысціяне-суайчыннікі і іх нашчадкі»[5].

Са студзеня 1960 года — ва Уздзенскім, з красавіка 1960 года — ў Пухавіцкім раёне.

24 лістапада 1966 года вёскі Міхалевічы, Стары Шацк і Сярэдзіна зліліся з Шацкам. Міхалевічы ў пачатку XX ст налічвалі 59 двароў, 405 жыхароў, Стары Шацк у пачатку XX стагоддзя — маёнтак, 4 двары, 28 жыхароў, Сярэдзіна ў пачатку XX стагоддзя — 41 двор, 282 жыхары.

  • Шацк на старых фотаздымках
  • Палац Аскеркаў, 1927 годПалац Аскеркаў, 1927 год
  • Ільінская царква, 1927 годІльінская царква, 1927 год
  • Школа, 1927 годШкола, 1927 год
  • Бровар, 1927 годБровар, 1927 год
  • Рака Шача з боку вёскі Сярэдзіны, 1927 годРака Шача з боку вёскі Сярэдзіны, 1927 год
  • Вуліца ў Шацку, 1920 годВуліца ў Шацку, 1920 год
  • Шацк на карце 1927 годаШацк на карце 1927 года

  • Шацк на сучасных фотаздымках
  • Каля пошты, 2018 годКаля пошты, 2018 год
  • Вулiца Мiхалевiчы, 2018 годВулiца Мiхалевiчы, 2018 год

Насельніцтва

Інфраструктура

Дзейнічае Шацкая сярэдняя школа. Медычныя паслугі ажыццяўляе Шацкая ўчастковая бальніца, якая была збудавана ў студзені 1953 года. Колькасць абслугоўваных пацыентаў складае 15 чалавек у змену[6].

У Шацку ёсць прыход праваслаўнай царквы Святога прарока Ільі і дом малітвы ЕХБ[7].

Дэмаграфія

  • 1800 год — 142 жыхары, 29 двароў.
  • 1886 год — 184 жыхары, 27 двароў.
  • 1897 год — 974 жыхары, 130 двароў; маёнтак Шацк — 63 жыхары; маёнтак Стары Шацк — 22 жыхары, 2 двары.
  • 1908 год — 2476 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 2350 жыхароў, 240 двароў; маёнтакі Шацк і Стары Шацк — 126 жыхароў.
  • 1917 год — 1259 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 1121 жыхар, 166 двароў; маёнткі Шацк і Стары Шацк — 138 жыхароў.
  • студзень 1939 год — 3120 жыхароў[8].
  • 1960 год — 210 жыхароў.
  • 1999 год — 819 жыхароў.
  • 1 студзеня 2002 год — 732 жыхары, 324 гаспадаркі.
  • 2003 год — 773 чал.
  • 2009 — 669 жыхароў[9].
  • 2012 год — 697 жыхароў, 285 гаспадарак.

Славутасці

  • Парк пры колішняй сядзібе Аскерак (XIX ст.)
  • Курганны могільнік — археалагічны аб’ект.
  • Помнікі: землякам, загінулым у гады Другой сусветнай вайны; настаўнікам Шацка, загінулым у гады Другой сусветнай вайны (усталяваны мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1994 годзе); помнік на месцы яўрэйскага гета.

Страчаная спадчына

  • Помнік загінулым грамадзянам габрэйскай нацыянальнасці. Быў адкрыты 5 ліпеня 1964 г. на месцы збору габрэяў у цэнтры Шацка. Ініцыятарам яго стварэння быў мясцовы жыхар Левін Абрам Іцковіч. Грошы збіралі габрэі Шацка, Мінска, Пецярбурга, Масквы, карані якіх былі з Шацка. Праз некалькі гадоў гэты помнік прыбралі.
  • Царква Святога прарока Ільі (XIX ст.)
  • Сінагога
  • Сядзіба Аскеркаў (XIX)

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ша́цак
  2. “Зьявіцца Гаспадар у Шацку — застануся, не — зьеду, як і ўсе…”. // Радыё Свабода, 23 лістапада 2010. (бел.)
  3. Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 755.
  4. Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
  5. Пройти дорогами памяти. // Пухавіцкія навіны, 8 мая 2018. (руск.)
  6. Марьиногорская центральная районная больница. О больнице. (руск.)
  7. История Пуховичского благочиния. // Белорусская православная церковь. (руск.)
  8. Место расстрела евреев местечка Шацк
  9. Насельніцтва Мінскай вобласці па выніках перапісу 2009 года.

Літаратура

  • Азбукін М. В. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. № 1 (16). — С. 44-50.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
  • Вайцэховіч Н. Шацак: Краязнаўчыя нарысы. — Мінск: Пэйта, 1999. (З серыі «Ведаць свой край Беларусь»). ISBN 985-6024-20-X
  • Вайцэховіч Н. Мае землякі. — 2005. ISBN 985-6718-37-6
  • Вайцэховіч Н. Гісторыя побач: краязнаўчыя вандроўкі: [пра вёску Шацк Пухавіцкага раёна] / Наталля Вайцэховіч. ― Мінск, 2007. (1Н//41496(039))
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. IV. Мінская вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2013. — С.196—197 іл. ISBN 978-985-11-0735-9.
  • Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
  • Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 755—758.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be