Александрыя (Шклоўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Александрыя (значэнні). Александры́я[1] (трансліт.: Alieksandryja, руск.: Александрия) — аграгарадок у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, на правым беразе ракі Дняпро. У складзе Александрыйскага сельсавета. Насельніцтва 524 чал. (2010). Знаходзіцца за 12 км на поўнач ад Шклова, за 1 км ад чыгуначнай станцыі Копысь.
Александрыя — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Назва
Тапонім Александрыя ўтварыўся ад імя заснавальніка паселішча — графа Аляксандра Хадкевіча[2].
Гісторыя
Упершыню Александрыя згадваецца ў XVII ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве. Мясціна знаходзілася ва ўладанні Хадкевічаў і ўваходзіла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Згадваецца ў 1643 як мястэчка ў складзе Шклоўскай воласці ў Аршанскім павеце ВКЛ[3], меліся царква, 2 “шпіталі” (багадзельні), млын на рацэ Копысіца, перавоз на Дняпры, крамы, некалькі бровараў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Александрыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Копыскім павеце Магілёўскай губерні. З 1775 мястэчкам валодаў граф С. Зорыч. Паводле генеральнага межавання, у 1783—1784 тут было 53 двары, 2 царквы, сядзіба, паштовы дом, вадзяны млын; Дняпром хадзіў паром. Станам на 1886 — 54 двары, 2 праваслаўныя царквы, 2 царкоўна-прыходскія школы, яўрэйскі малітоўны дом, 2 вадзяныя млыны, кузня. З адкрыццём чыгуначнай лініі Віцебск — Орша — Жлобін (1902), якая прайшла за 1,5 км ад Александрыі, развіццё мястэчка паскорылася. На 1909 — 99 двароў.
У Першую сусветную вайну ў лютым — лістападзе 1918 Александрыю займалі нямецкія войскі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 Александрыю вярнулі БССР, дзе яна зрабілася цэнтрам сельсавета. Станам на 1 студзеня 1925 тут было 175 двароў, пачатковая школа, клуб з хатай-чытальняй. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1939 — 147 двароў. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Станам на 1944 — 131 двор, на 1990 — 178. У 2007 Александрыі надалі афіцыйны статус аграгарадку.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1784 — 378 чал.
- XIX стагоддзе: 1886 — 312 чал.; 1909 — 330 чал. (141 муж. і 189 жан.), з іх 302 праваслаўныя, 28 іўдзеяў[4]
- XX стагоддзе: 1909 — 682 чал. у мястэчку Александрыя, з іх паводле саслоўя: духоўнага 10 чал., мяшчан 30, сялян 642; паводле веры: хрысціян 652, іўдзеяў 30; таксама 13 чал. у маёнтку Александрыя; 1.1.1925 — 990 чал.; 1939 — 1371 чал.; 1944 — 860 чал.; 1990 — 357 чал.[5]; 1995 — 333 чал.; 1999 — 376 чал.
- XXI стагоддзе: 2010 — 524 чал.
Інфраструктура
У Александрыі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, бібліятэка.
Страчаная спадчына
- Царква (XVIII ст.)
Вядомыя асобы
- Аляксандр Лукашэнка (нар. 1954) — першы прэзідэнт Беларусі.
- Мікалай Міхайлавіч Іванчанка (нар. 1947) — беларускі палітык.
- Фёдар Мацвеевіч Іванчанка (нар. 1929) — беларускі архітэктар.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Андрэй Старжынскі. Разгорнем часаў шаты, або Чытаем Шклоўшчыну як кнігу // «Культура» № 35 (801), 1—7 верасня 2007.
- ↑ Biblioteka Czartoryskich w Krakowie, sygn. 9233, ark. 160.
- ↑ Aleksandrya (8) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 20.
- ↑ П. Лук’янаў. Александрыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 100.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Aleksandrya (8) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 20.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шклоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.