Альбінск
А́льбінск[2] (трансліт.: Aĺbinsk, руск.: Альбинск) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Ляскавіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 37 км на захад ад Акцябрскага, у 3 км на захад ад Ляскавіч, у 240 км ад Гомеля, у 30 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Водная сістэма
На поўдні і ўсходзе сетка меліярацыйных каналаў. Прыкладна за 1,6 км у напрамку на поўдзень ад вёскі знаходзіцца вадасховішча Альбінскае.
Транспартная сістэма
Транспартная сувязь па прасёлкавай, а затым па аўтамабільнай дарозе Слуцк — Мазыр.
Інфармацыя
У вёсцы 21 жылая хата (2005 год). Планоўка — кароткая вуліца з шыротнай арыентацыяй, да якой з поўначы прылягае другая вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса» з цэнтрам у Парэччы. Клуб, крама. Мемарыяльная дошка ў гонар Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б, штабоў Мінскага партызанскага злучэння, партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей, падпольнай друкарні, устаноўленая ў 1972 годзе на будынку клуба.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вёска вядомая з XIX стагоддзя пад назвай маёнтак Альбінск (ён жа Загалле) і знаходзілася ў валоданні абшарніка А. М. Статкевіча. Па стану на 1844 г. у маёнтку было 6 цяглых дымоў, 19 асоб мужчынскага полу і 18 — жаночага. На 1908 год знаходзілася ў складзе Ляскавіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1930 годзе арганізаваны калгас імя К. Маркса. У вёсцы знаходзілася гамарня.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты размясцілі ў вёсцы свой апорны пункт, разгромлены партызанамі. У вёсцы некаторы час грунтаваўся Мінскі падпольны абкам КП(б) Беларусі, а таксама знаходзіліся штабы Мінскага партызанскага злучэння, партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей і падпольная друкарня. У красавіку 1942 года карнікі спалілі амаль усю вёску (61 двор з 66) і забілі 137 жыхароў. Падчас вайны 7 жыхароў вёскі загінулі на фронце.
Насельніцтва
Колькасць
- 2011 год — 12 двароў, 24 жыхары.
Дынаміка
- 1844 год — 6 двароў, 37 жыхароў.
- 1908 год — 20 двароў, 217 жыхароў.
- 1940 год — 66 двароў, 300 жыхароў.
- 1959 год — 213 жыхароў (паводле перапісу).
- 1997 год — 34 двары, 65 жыхароў.
- 2004 год — 22 двары, 38 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт А́льбін
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 13. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
Спасылкі
-
Albińsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XV, cz. 1 (Abablewo — Januszowo), 1900. — S. 14 (польск.)
-
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.