wd wp Пошук:

Баршчоўка (Хойніцкі раён)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Баршчоўка.

Баршчо́ўка[1] (трансліт.: Barščoŭka, руск.: Борщёвка) — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы была адселена.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню вёска названая ў памятным запісе 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «Возле Борщовки поле Михайловское звечное»[2].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Баршчоўка з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[3].

Карона Каралеўства Польскага

Герб уласны Нячай-Грузевічаў[4].

Паводле прафесара гісторыі Наталлі Якавенка, пан Іван Грузевіч, на момант надання яму 28 верасня 1638 года пасады кіеўскага войскага[5], ужо паспеў набыць сярод іншых добраў і Баршчоўку з Масанамі[6].

15 чэрвеня 1655 года, у самы цяжкі для Рэчы Паспалітай перыяд вайны з Расіяй, украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі сваім універсалам аддаў Баршчоўку, Масаны і іншыя сёлы памерлага пана Грузевіча ў трыманне кіеўскаму палкоўніку Паўлу Хмяльніцкаму-Яненку, у якога пазычыў быў 8 тысяч польскіх злотых[7]:

Всемъ вобецъ и кождому зособна.., всей старшине и черни Войскъ его царского величества Запорозкихъ.., до ведомости доносим, ижъ на потребу войсковую взялисмо осьмъ тысячей золотыхъ полскихъ у пана Павла Яновича Хмелницкого, за которую суму пустилисмо ему в спокойное уживаня маетности п[ана] Грузевича, то есть чотиры села: Бугаювку, Берково, а за Припетю рекою две села, то есть Масани и Борщувку з млинами, ставами, полями, сеножатми и зъ даню медовою, и зъдеревом бортным и зо всеми кгрунтами и пожитками до тихъ селъ чотырохъ належачими и з поддаными на кгрунтах тамошныхъ седячими, и зъ дворомъ у Киеве стоячимъ, якъ небожчикъ п[ан] Грузевичъ держал и уживалъ и все пожитки належніе отбиралъ.

Пасля вайны, 30 кастрычніка 1671 года, калі яшчэ існавала надзея вярнуць Кіеў, кароль Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей-пацверджанне Свята-Міхайлаўскаму Залатаверхаму манастыру на валоданне шэрагам добраў, сярод якіх «…w Połesiu nad Czarnobiłem, nad rzeką, nazwaną Przepieć, wsi Rudki, Mołoczki, Dronki, Barszowka wie[ś]…»[8]. Але манастыр, падобна, не здолеў скарыстаць з таго прывілею. Ужо за тры гады да падпісання Вечнага міру Баршчоўка вярнулася да нашчадкаў кіеўскага войскага Івана і Алены з дому Звалінскіх Грузевічаў, падданых Рэчы Паспалітай. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства на 1683 год засведчана, што з 12 дымоў уладання Масаны і Баршчоўка пана Грузевіча да скарбу выплачваліся 2 злотых[9].

Згаданая Баршчоўка разам з Масанамі ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. 31 жніўня/23 кастрычніка 1716 года датаваная судовая справа, якая скончылася ўзаемным пагадненнем кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і новагародскага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб супольным валоданні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка, карыстанні ўсялякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і святара[10]. У выпісцы з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства ад 23 сакавіка 1720 года засведчана, што калі сяляне кіеўскага харунжага, старосты жытомірскага і ўладзімірскага, палкоўніка Казіміра Стэцкага ехалі па дарозе з Баршчоўкі да Радзіна, каля балота Тужыр іх сустрэў кіеўскі падчашы Крыштаф Маржэцкі і моцна скалечыў зброяй некалькі чалавек[11]. Актам ад 6/27 чэрвеня 1723 года аформлены быў падзел сялян вёсак Масаны і Баршчоўка паміж братамі Аляксандрам і Базылём Нячай-Грузевічамі[12]. У 1734 годзе з вёскі Баршчоўка да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8, магчыма, 9 двароў[заўв 1][13].

Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Баршчоўка была сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 16 двароў[заўв 2] (×6 — каля 96 жыхароў) вёскі Баршчоўка выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 2 злотыя і 14 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 9 зл. і 26 гр.[15]

Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў Баршчоўцы адпаведна 10, 5 і 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), якія належалі да Чарнобыльскага кагала[16]. Значнае ўбыванне насельнікаў-яўрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе.

Расійская імперыя

Панскі двор і вёска Баршчоўка на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Баршчоўка апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[17]. Паводле рэвізіі 1795 года, вёска Баршчоўка знаходзілася ў арэндзе ў Кіпрыяна, сына Казіміра, Стоцкага, суддзі гродскага мазырскага, эканомам у якога служыў па кантракту шляхціч Андрэй, сын Сымона, Драздоўскі[18]. У крыніцы 1796 года сказана, што Баршчоўка належала пані Зофіі Стоцкай[19].

Двор і вёска Баршчоўка з 30 гаспадаркамі на карце 1846 г. А. К. Фіцінгофа.

12 чэрвеня 1831 года ў бітве пад Вугламі быў паранены, трапіў у няволю паўстанец Геранім, сын Рафала, Грузевіч з маёнтку Масаны і Баршчоўка. Паводле выраку Кіеўскай губернскай следчай камісіі, аддадзены ў рэкруты[20]. На 1844 — 1846 гады ў Баршчоўцы існавалі маёнткі паноў Дмішэвіча, Рыхвальскай, Міхалоўскага[21]; у Масанах і Баршчоўцы — маёнткі паноў Грузевіча і Араноўскай. У частцы добраў Рафала, сына Аляксандра, Грузевіча ў 6 дварах Масаноў і 3 дварах Баршчоўкі жылі 15 мужчын і 13 жанчын, у 3 дварах Масаноў і 4 дварах Баршчоўкі Раісы, дачкі Іосіфа, Араноўскай было 19 мужчын і 17 жанчын з ліку прыгонных[22].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 182 жыхары вёскі Баршчоўка належалі да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы[23].

У парэформенны перыяд Баршчоўка належала да Дзёрнавіцкай воласці. У пачатку 1870 года ў Баршчоўцы разам з Масанамі — 118 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласці[24]. З абшарнікаў Мінскай губерні на 1876 год названыя Рафал, сын Аляксандра, Грузевіч, які меў у Масанах і Баршчоўцы 278 дзесяцін угоддзяў, астатнія ў Баршчоўцы: Геранім, сын Рафала, Грузевіч — спадчынны уладальнік 130 дз., Адольф, сын Караля, Дмішэвіч — 433 дз., Вікторыя Іванава Яленская — 250 дз.[25]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Праабражэнскай прыходскай царквы названыя настаяцель а. Аляксандр Шахно, в. а. штатнага псаломшчыка Дзмітрый Пігулеўскі. Да прыходу, акрамя Баршчоўкі, належалі Масаны, Радзін, Уласы і Малочкі[26]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 1019 душ верных абодвух полаў[27]. У 1886 годзе ў сяле 29 двароў, 178 жыхароў, вадзяны млын[28]. У спіс уласнікаў зямлі ў Баршчоўцы 1889 года ўвайшлі адстаўны вахмістр Анатоль Густаваў Белагорскі (5 дзесяцін), дваране Юзаф і Караль, сыны Адольфа, Дмішэвічы (479 дз.), селянін Міхаіл Герасімаў Паўлавец (450 дз.), мешчанін Сабеслаў, сын Стэфана, Піатроўскі (142 дз.) і адстаўны унтэр-афіцэр Фёдар Філіпаў Шчураў (280 дз.)[29].

Згодна з перапісам 1897 года, у Баршчоўцы 47 двароў, 276 жыхароў, царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, карчма. На 1909 год у сяле налічвалася 67 двароў, 425 жыхароў, у маёнтку 3 двары, 13 жыхароў[30]. У 1913 годзе маёнткамі ў Баршчоўцы валодалі Адольф Дмішэвіч (450 дзесяцін), Юзаф Дмішэвіч (165 дз.), Караль Дмішэвіч (166 дз.), Вікторыя Яленская (450 дз.), Сабеслаў Піатроўскі (447 дз.)[31].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Баршчоўка ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[32].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Баршчоўка і Масаны на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Баршчоўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет пашыраны за кошт тэрыторый скасаваных Масаноўскага і Уласоўскага сельсаветаў. У 1929 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Баршчоўцы было 105 двароў з 389 жыхарамі. У жніўні 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 4 жыхароў[33]. 88 чалавек з вёсак Баршчоўка і Малочкі загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 года Баршчоўка ў Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 411 жыхароў. Цэнтр калгаса «1 Мая». Дзейнічалі 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветучастак, аддзяленне сувязі, крама.

25 снежня 1962 года Баршчоўка ўвайшла ў склад Хойніцкага раёна. 20 лютага 1964 года сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавета[34].

Асобы

Заўвагі

  1. Як і ў выпадку з Масанамі, у крыніцы паведамляецца пра «szesnastku» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. 7,5), ды пра «астатнія халупы». Агульная ж плата роўная той, што збіралася з адной толькі «szesnastki» ў вёсцы Ёлча.
  2. Усяго ў вёсцы налічвалася «puł szesnastki» дыму i «chałup sześć», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). – С.-Петербург, 1848. №. 140
  3. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  4. Boniecki. – Warszawa, 1915. T. VII. S. 378; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1915. Tom XII. S. 76
  5. Litwin, Henryk. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569–1648. – Warszawa 2000. S. 207
  6. Яковенко, Наталя. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна. /Вид. 2-ге, переглянуте і виправлене. — Київ: Критика, 2008. С. 253 — 254
  7. Універсали Богдана Хмельницького 1648-1657 / Упорядн.: І. Крип’якевич, І. Бутич; Ред. кол.: В. Смолій (голова), Г. Боряк, І. Бутич, Л. Гісцова, Я. Дашкевич, Ю. Мицик, В. Остапчук, П. Сохань, В. Степанков, Ф. Шабульдо, Ф. Шевченко, М. Шпаковатий, Н. Яковенко. НАН України. Інститут історії України, Інститут української археографії та джерелознавства імені М. С. Грушевського. – К.: Вид. дім “Альтернативи”, 1998. № 102
  8. Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 27
  9. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490
  10. Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: ОАК). – № 32 / Сост. А.Т. Белоусов – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1907. С. 10
  11. Описание архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1195
  12. ОАК. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев, 1906. С. 66
  13. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 65, 75, 292
  14. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  15. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 178
  16. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392, 712
  17. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  18. НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 254
  19. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  20. Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. — Warszawa, 1925. Tom II. S. 58 — 59, 129
  21. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1386. А. 1-24. Спр. 1387. А. 1-28. Спр. 1388. А. 1-60
  22. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1449. А. 1-24. Спр. 1450. А. 1-24
  23. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 682
  24. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
  25. Памяць. Брагінскі раён. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 60
  26. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  27. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 20
  28. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
  29. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364, 367, 373, 378
  30. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 16
  31. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka.– Mińsk, 1913. S. 107, 108 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  32. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  33. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 498
  34. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 20 лютага 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 21 (1061)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be