wd wp Пошук:

Масаны

Масаны́[1] (трансліт.: Masany, руск.: Масаны) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Герб Бродзіч шляхты Францкевічаў-Радзімінскіх.

Ці не ўпершыню паселішча названае ў памятным запісе 1526 года ігумена Макарыя пра сёлы і ўгоддзі, купленыя Кіеўскім Свята-Міхайлаўскім (Залатаверхім) манастыром альбо падараваныя каралём Жыгімонтам Старым. У ім сказана, што «зъ Масановича земле две ведре меду идетъ»[2]. Напэўна, Масановіч, чалавек-першапасяленец у той мясціне, быў адным з манастырскіх даннікаў, які жыў, аднак, на дзяржаўных землях. У апісанні Чарнобыльскага замка 1552 года вялося ўжо пра сяло Масановічы, што належала да Беласароцкай нядзелі[заўв 1][3]. Уладальнік яго не ўказаны. Але недзе каля сярэдзіны XVI ст. Масаны сталі ўласнасцю шляхецкага роду Францкевічаў-Радзімінскіх герба Бродзіч[4].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Масаны з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[5].

Карона Каралеўства Польскага

У першыя гады пасля заключэння Люблінскай уніі Масаны былі ўласнасцю Міхала Францкевіча, полацкага падкаморага[4]. На 1581 год, калі Масанамі валодаў яго сын Мікалай[заўв 2], надворны харунжы літоўскі, у вёсцы налічвалася 9 дымоў асадных сялян(×6 — каля 54 чалавек), з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 1 агароднік (≈6 чал.), з якога, у залежнасці ад акалічнасцяў, — 4 альбо 6 грошаў падатку[7].

20 снежня 1603 года пан Мікалай Харлінскі[заўв 3] і ігумен Свята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра Іосіф Міроўскі, дамаўляючыся наконт спрэчных угоддзяў сяла шляхецкага Краснаселля і сяла манастырскага Лыскоўцаў, зазначылі, што на поўдні яны пачыналіся ад мяжы сяла Масаны, а на поўначы — ад мяжы сяла Аравічы[8]. 25 красавіка 1607 года Лукаш Сапега, уладальнік Чарнобыльскіх добраў, падаў судовую скаргу на Мікалая Францкевіча за гвалтоўны напад на на грунтах Шэпеліцкіх, калі той ехаў па дарозе паміж Чарнобылем і Антонавам, што ў Кіеўскім ваяводстве. Тады ж Л. Сапега судзіўся з М. Францкевічам, як спадчыннікам вёскі Масаны, з-за адмовы выдаць яму ўзнагароду за абарону ад суседзяў, найперш, ад Мікалая Харлінскага, пра што яны дамаўляліся з нябожчыкам-бацькам панам Міхалам, які на той час знаходзіўся ў далёкіх краях. 16 мая 1618 года М. Харлінскі праз суд патрабаваў ад М. Францкевіча-Радзімінскага выдачы сялян, збеглых да Масаноў з яго вёскі Стралічаў. 29 мая т. г. Ян, брат Мікалая, Францкевіч-Радзімінскі заявіў у судзе пра тое, што падданыя сужэнства Станіслава і Барбары з Хадкевічаў Харлінскіх забралі коней у Масанах і перагналі іх да Гастомля[9].

Герб уласны Нячай-Грузевічаў[10].

Згодна з тарыфам падымнага падатку 1628 года, з 5 дымоў сяла Масаны пана Мікалая Францкевіча-Радзімінскага скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 4 агароднікаў яшчэ 6 зл., усяго — 21 злоты[11]. У 1634 годзе ўласнікам Масаноў названы кіеўскі мечнік Іпаліт Радкевіч[4]. Але яшче да складання тарыфу падымнага 1640 года Масанамі і Баршчоўкай завалодаў кіеўскі войскі Іван Нячай-Грузевіч[12].

15 чэрвеня 1655 года, у самы цяжкі для Рэчы Паспалітай перыяд вайны з Расіяй, гетман Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал[13], у якім запісаў:

Всемъ вобецъ и кождому зособна.., всей старшине и черни Войскъ его царского величества Запорозкихъ.., до ведомости доносим, ижъ на потребу войсковую взялисмо осьмъ тысячей золотыхъ полскихъ у пана Павла Яновича Хмелницкого, за которую суму пустилисмо ему в спокойное уживаня маетности п[ана] Грузевича, то есть чотиры села: Бугаювку, Берково, а за Припетю рекою две села, то есть Масани и Борщувку з млинами, ставами, полями, сеножатми и зъ даню медовою, и зъдеревом бортным и зо всеми кгрунтами и пожитками до тихъ селъ чотырохъ належачими и з поддаными на кгрунтах тамошныхъ седячими, и зъ дворомъ у Киеве стоячимъ, якъ небожчикъ п[ан] Грузевичъ держал и уживалъ и все пожитки належніе отбиралъ.

Праз чатыры гады ігумен Феадосій і чарняцы Міхайлаўскага манастыра выкарысталі зручны момант, каб завалодаць шляхецкімі добрамі, білі чалом маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. 31 снежня 1659 года манарх выдаў пажаданую для іх грамату[14]:

…И мы, великий гсдр цр и великий княз, Алексий Михайлович всея Великия и Малыя и Белыя Россиі самодержец, Михайловского мнстра игумена Феодосия з братиею пожаловали теми шляхетскими маетностями: Бородянкою, Новою Греблею, Загалцами, да на Полесю за Припетю двема деревенками: Мосанами и Красносельем со всеми доходи буде те маетности нне впусте и никто ими не владеет и впредь о тих маетностях спору и челобитя от казаков не будет велели владеть им и на те маетности велели им дат ншу великого гсдря жаловалную грамоту за ншею гсдрскою печатью и по ншей гсдрской милости Михайловского мнстра игумену Феодосию з братиею и хто по нем иний игумен и братия будут тими маетностями, селцом Бородянком доходи всякия збирать попрежнему, как имано напред сего. Дана ся нша царскаго величества жалованная грамота в ншем црстующем граде Москве лета от создания миру 7168 мсца декабра 31 дня.

У хуткім часе тое маскоўскае падараванне пацвердзіў універсалам украінскі гетман Юрый Хмяльніцкі[15]:

…Всей старшине и черни Войска его царского вел: Запор: и всякого стану людем, которым колвекъ о томъ ведати належит. Іжъ яко его царское вел. изволил з побожности своей, пожаловавши на монастыр святого Золотоверхого Михайла Киевский, надал повагою своею царскою оной для выживленя братіи маетности лядскіе, называемыи Бородянку, Новую Греблю и Загальце, а на Полесю за Припетю, Мосаны и Красноселля: так и мы не в чом воле и наданя его царского вел: не нарушаючи, ведлуг грамоты царской, мы иж вновъ наданыи маетности вышменованыи от его царского вел: сим нашим варуемъ уневерсаломъ, абы нехто з старшины и черни Войска его царского вел: Запорозкого и всякого стану людей помененым законникам моныстыра Золотоверхо[го] Михайловского Киевского в обнятю вышъменованых маетностий в спокойном держаню и пожитковъ з ных уживаню найменшею не был перешкодою и нехто в тые маетности не втручался, под срокгим каранем войсковым и повторе напоминаемъ. З Чигрина, 22 фебруаріа, року 1660. Юрей Хмелницкий, рукою власною.

Пасля вайны, аднак, Масаны вярнуліся да нашчадкаў кіеўскага войскага Івана і Алены з дому Звалінскіх Грузевічаў, падданых Рэчы Паспалітай. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства на 1683 год засведчана, што з 12 дымоў уладання Масаны і Баршчоўка пана Грузевіча да скарбу выплачваліся 2 злотых[16].

Згаданыя Масаны ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1707, 1711 і 1714 гадоў. 31 жніўня/23 кастрычніка 1716 года датаваная судовая справа, якая скончылася ўзаемным пагадненнем кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і навагародскага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб супольным валоданні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка, карыстанні ўсялякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і святара[17]. Актам ад 6/27 чэрвеня 1723 года засведчаны падзел сялян вёсак Масаны і Баршчоўка паміж братамі Аляксандрам і Базылём Нячай-Грузевічамі[18]. 18 днём мая 1725 года пазначаная позва ў трыбунальскі суд оўруцкага падстолія Аляксандра Нячай-Грузевіча, абвінавачанага братам Базылём Нячай-Грузевічам у наездзе на яго сяло Масаны і збіцці сялян[19]. У 1734 годзе з вёскі Масаны, прыналежнай пану Базылю Грузевічу, лоўчаму навагародскаму, да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8, магчыма, 9 двароў[заўв 4][20].

Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Масаны былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[21]. 20 кастрычніка 1750 года гайдамацкі ватажка Іван Падаляка паведаміў у Кіеўскім гродскім судзе (у Жытоміры)[22]:

… той жа Сцяпан з Брагіня… калі паведаміў ім, што ў ваколіцах Кімбараўкі няма вялікіх лясоў, то вярнуліся і ўдаліся да Масаноў; там у яго міласці[заўв 5] пана Грузевіча ўзялі рублёў шэсць, сукмані і яго самога, з якім пайшлі да ракі Прыпяці і, пераправіўшыся, прыйшлі да Старых Шэпелічаў; там узялі чалавека Пятра і жыда, а Сцяпана і пана Грузевіча перад Прыпяцю адправілі…

У 1754 годзе з 13 двароў[заўв 6] (каля 78 жыхароў) вёскі Масаны выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 2 злотыя і паўгроша, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 8 зл. і 2 гр.[23]

Расійская імперыя

Масаны на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Масаны апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[24]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сяло Масаны было ўласнасцю пана Аляксандра Грузевіча[25]. Паводле метрычнай кнігі 1795 года прыходскай царквы Святой Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў Масанах, калі яна была павернутая да расійскага праваслаўя, у прыходзе нарадзіліся 7 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак, асвечана 2 шлюбы, пахаваныя 5 мужчын і 2 жанчыны. Наглядчыкам названы беласароцкі святар Георгій Драганецкі. У 1796 годзе настаяцелем быў Антоній Кміта, у 1798 і 1799 гадах — Грыгорый Еліноўскі[заўв 7]. 24 сакавіка 1796 года складзены вопіс царквы[26].

Масаны на карце 1846 г. А. К. Фіцінгофа.

У рэвізіі 1811 года сказана, што дыяканам у названай царкве быў Рыгор Іосіфаў Скараход, панамаром — Філімон Мікалаеў Чачот[27]. 12 чэрвеня 1831 года ў бітве пад Вугламі быў паранены, трапіў у няволю паўстанец Геранім, сын Рафала, Грузевіч з маёнтку Масаны і Баршчоўка. Паводле выраку Кіеўскай губернскай следчай камісіі, аддадзены ў рэкруты[28]. На 1844 год у Масанах і Баршчоўцы існавалі маёнткі паноў Грузевіча, Араноўскай і Мазеўскага, дзеля чаго былі складзены адпаведныя інвентары. У частцы добраў Рафала, сына Аляксандра, Грузевіча ў 6 дварах Масаноў і 3 дварах Баршчоўкі жылі 15 мужчын і 13 жанчын, у 3 дварах Масаноў і 4 дварах Баршчоўкі Раісы, дачкі Іосіфа, Араноўскай было 19 мужчын і 17 жанчын з ліку прыгонных[29].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 108 жыхароў сяла Масаны з’яўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы, 2 мужчыны і 1 жанчына з фальварку былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[30].

У парэформенны перыяд Масаны належалі да Дзёрнавіцкай воласці. На 1864 год у сяле яшчэ існавала прыходская Параскевіцкая, 5-га класа, драўляная царква[31]. У пачатку 1870 года у Масанах разам з Баршчоўкай — 118 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласці[32]. З абшарнікаў Мінскай губерні на 1876 год названыя селянін[заўв 8] Рафал, сын Аляксандра, Грузевіч, які меў у Масанах і Баршчоўцы 278 дзесяцін угоддзяў, дваранін Ян, сын Фелікса, Грузевіч, што валодаў у Масанах 269 дзесяцінамі, дваранка Марыя, дачка Казіміра, Стравінская — спадчынніца 380 дзесяцін зямлі тут жа ў Масанах[33]. У спісе прыходаў і прычтаў Мінскай епархіі на 1876 год сярод паселішчаў, прыналежных да прыходу Баршчоўскай Праабражэнскай царквы, названыя і Масаны[заўв 9][34]. Так і ў «Описании церквей и приходов Минской епархии» 1879 года [35]. У 1889 годзе землеўласнікаў у Масанах ужо нашмат болей: сын псаломшчыка Анісім Аляксееў Васінскі (23 дзесяціны), мешчанін Аляксандр, сын Франца, Гержыдовіч (20 дз.), сялянка Барбара, дачка Рафала, Глінская (60 дз.), мяшчане Мікалай і Базыль, сыны Юзафа, Грузевічы (264 дз.), дваранін Ян, сын Фелікса, Грузевіч (160 дз.), селянін Валерыян Фадзееў Міхалоўскі (15 дз.), селянін Антон Маісееў Савілаў (44 дз.), дваранка Марыя, дачка Казіміра, Стравінская (150 дз.), сялянка Улляна Пятрова Фількова (30 дз.), селянін Еўдакім Васільеў Фількоў (40 дз.), селянін Пётр Ларыёнаў Худобнікаў (30 дз.), казак Цімафей Яўціхееў Шуман (33 дз.), казак Мікалай Яўціхееў Шуман (24 дз.)[36].

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Масаны — 21 двор, 146 жыхароў, на хутары — 8 двароў, 43 жыхары. На 1909 год у вёсцы налічвалася 26 двароў, 154 жыхары[37]. У 1913 годзе маёнткамі ў Масанах валодалі Марыя Стравінская (258 дзесяцін), Антоній Гержыдовіч (120 дз.), Міхал Грузевіч (112 дз.), Ігнацый Грузевіч (112 дз.), Тэадор Грузевіч (112 дз.), Юзаф Грузевіч (112 дз.), Сяргей Шчурын (160 дз.), Канстанцін Васіленка (100 дз.)[38].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкай міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Масаны ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[39].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Масаны і Баршчоўка на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Масаноўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Ударнік», працавалі кузня, вятрак, конная крупарушка. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Масанах было 72 двары з 385 жыхарамі. У жніўні 1943 года акупанты спалілі вёску і знішчылі 214 жыхароў[40]. 29 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года Масаны ў Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у Масанах налічвалася 160 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — вёска Радзін). 25 снежня 1962 года Масаны ўвайшлі ў склад Хойніцкага раёна.

20 лютага 1964 года Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавета[41]. У яго складзе вёска заставалася да 8 студзеня 1987 года[42].

У 1994 годзе ў Масанах створана даследчая станцыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Заўвагі

  1. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замка. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці.
  2. У хойніцкай кнізе «Памяць» беспадстаўна сцвярджаецца, нібы ў 1570 — 1580 гг. Масаны належалі Кіеўскаму Міхайлаўскаму манастыру[6]; тое паўторана і ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  3. Уладальнік Астраглядавічаў і Хойнікаў.
  4. У крыніцы паведамляецца пра «szesnastku» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. 7,5), ды пра «астатнія халупы». Агульная ж плата роўная той, што збіралася з адной толькі «szesnastki» ў вёсцы Ёлча.
  5. Гэта выраз судовага пісара, а не гайдамака; яго патрабаваў тагачасны этыкет.
  6. Усяго ў вёсцы налічвалася «puł szesnastki» дыму i «chałup trzy», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
  7. Пісьмовая даведка іерэя Расціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна.
  8. У 1844 г. гэты «селянін» валодаў маёнткам з амаль 3-ма дзясяткамі прыгонных. Яшчэ больш здзіўляе тое, што яго сын Геранім, паўстанец 1831 г., якому давялося адбываць рэкрутчыну, названы дваранінам і спадчынным уладальнікам 130 дзесяцін угоддзяў у Баршчоўцы. Але трапіць у рэкруты магла хіба асоба, пазбаўленая дваранства. Ці не пераблытаны ў даведніку статус бацькі і сына?..
  9. Раней Баршчоўка належала да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. №. 140
  3. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  4. 1 2 3 Генрых Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569—1648 г. // Беларускі гістарычны агляд. 2011. Т. 18. Сш. 1-2. С. 9 — 11; Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki (далей: Boniecki). – Warszawa, 1902. T. V. S. 310 – 311
  5. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  6. Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раена / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 26
  7. Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 42
  8. Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 300, 302, 303
  9. ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 92, 248, 267
  10. Boniecki. – Warszawa, 1915. T. VII. S. 378; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1915. Tom XII. S. 76
  11. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 403
  12. Яковенко, Наталя. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна. /Вид. 2-ге, переглянуте і виправлене. — Київ: Критика, 2008. С. 253 — 254
  13. Універсали Богдана Хмельницького 1648-1657 / Упорядн.: І. Крип’якевич, І. Бутич; Ред. кол.: В. Смолій (голова), Г. Боряк, І. Бутич, Л. Гісцова, Я. Дашкевич, Ю. Мицик, В. Остапчук, П. Сохань, В. Степанков, Ф. Шабульдо, Ф. Шевченко, М. Шпаковатий, Н. Яковенко. НАН України. Інститут історії України, Інститут української археографії та джерелознавства імені М. С. Грушевського. – К.: Вид. дім “Альтернативи”, 1998. № 102
  14. Документальна спадщина. — № 310
  15. Універсали Івана Мазепи (1687 – 1709). – Київ; Львів, 2006. Частина ІІ. Додаток І. № 14. С. 439
  16. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490
  17. Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: ОАК). – № 32 / Сост. А.Т. Белоусов – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1907. С. 10
  18. ОАК. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев, 1906. С. 66
  19. ОАК. – № 38 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев, 1906. С. 81
  20. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 55, 65, 75, 292
  21. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  22. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 3. Акты о гайдамаках (1700–1768). – Киев, 1876. С. 530
  23. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 178
  24. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  25. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  26. НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 25-25адв.
  27. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 328-328адв.
  28. Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. — Warszawa, 1925. Tom II. S. 58 — 59, 129
  29. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1449. А. 1-24. Спр. 1450. А. 1-24. Спр. 1551. А. 1-19
  30. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 682
  31. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 301
  32. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
  33. Памяць. Брагінскі раён. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 60, 61
  34. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  35. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 20
  36. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364, 365, 367, 371, 374, 377, 378
  37. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 120
  38. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 108, 109, 111 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  39. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  40. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 51, 53, 501
  41. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 20 лютага 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 21 (1061)
  42. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be