Старая Ёлча
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ёлча (значэнні). Стара́я Ёлча[1] (трансліт.: Staraja Jołča, руск.: Старая Ёлча) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавета.
Геаграфія
Вёска размешчана за 39 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Чарнігаў), за 158 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым па аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін. На ўсходзе і поўначы возера Ёлчанскае.
Гісторыя
Выяўленае археолагамі гарадзішча канца I тысячагоддзя да н. э. — пачатка I тысячагоддзя н. э. і пазнейшага часу (ва ўрочышчы Пасёлак) сведчыць пра засяленне тутэйшых месцаў з даўніх часоў.
Карона Каралеўства Польскага
Ці не ўпершыню Ёлча (Jewcza) згаданая ў падатковым рэестры ад 6 студзеня 1571 года як сяло воласці Любецкага замку ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. Тады ў ім налічвалася 10 дымоў (двароў)[2]. Надалей вёска, паводле звестак І. В. Кандрацева, 7 кастрычніка 1596 года разам з Бярозкамі трапіла ў пажыццёвую пасэсію да пана Івана Лобава[3]. У 1614 годзе папярэдні пасэсар, са згоды караля, «саступіў» Ёлчу на тых жа ўмовах князю Сямёну Лышко (Лычко) і яго жонцы пані Катарыне Каменскай. У Ёлчы на той час было 6 службаў, з якіх штогод разам збіралася 45 злотых, жыта 9 бочак, кожная па 15 грошаў, разам складалі 4 злотыя, 15 грошаў, з арандаваных млыноў Ёлчанскага і ў Бярозках яшчэ 120 злотых, за працу ў фальварку; усяго 178 злотых 15 грошаў[4].
Паводле тарыфа падымнага падатку 1628 года, з маёнтку пана Яна Мікалая Яніцкага Ёлчы і Бярозак з 12 дымоў скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 18 агароднікаў па паўтары злотыя, са святара 6 злотых, з кола млыновага 3 злотыя[5]. Тая пасэсія была пацверджана каралеўскім прывілеем ад 12 сакавіка 1631 года. Валодаў М. Яніцкі Ёлчай з Бярозкамі і ў 1636 годзе[6].
14 снежня 1656 года каралеўскім прывілеем Ёлча (Jołcza) і Бярозкі перададзеныя ў пажыццёвае валоданне пану Лукашу Бялабжэскаму. 20 сакавіка 1659 года тыя ж добры пажыццёва падараваныя пану Юрыю Нячаю (Грузевічу[7]) і жонцы яго пані Даміцэлі з Хадыкаў. 22 мая 1660 года датаваны прывілей, якім пацверджана пажыццёвае права на Ёлчу і Бярозкі сужэнства Лукаша і Ганны з Сілічаў Бялабжэскіх. Але новымі каралеўскімі прывілеямі 1662, 1667, 1668 гадоў вёскі былі замацаваныя за панамі Нячаямі; адначасова скасаваныя ўсе папярэднія наданні[8].
У 1683 годзе з 12 дымоў вёскі Ёлча пана Нячая да скарбу выплачваліся 2 злотыя[9]. У акце Оўруцкага гродскага суда ад 28 чэрвеня 1687 года зазначана, што Ёлчу (Jołcza), Юркавічы і Хатучу, якія трымаў пан Нячай, у адрозненне ад места Брагіна, вёсак і хутароў пана Яна Канецпольскага, казакі палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага сваім больш як паўгадавым пастоем не абцяжарвалі, хоць і мусілі («lubo tam powinni byli stać»)[10].
Згаданая Ёлча (Juwcza) ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе з вёскі Ёлча да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8 двароў[upper-alpha 1][11]. Паводле тарыфу 1754 года, з 40 двароў[upper-alpha 2] (×6 – каля 240 жыхароў) вёскі Ёлча (Jełcza) «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 6 злотых, 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых[12]. У апошніх двух выпадках прыналежнасць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Але ўладальнік названы ў датаваным 15 лютага 1754 года запісе «wieczystego prawa darownego» на добры Ёлча (Jołcza), Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[upper-alpha 3], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[13].
У 1774 годзе ў Ёлчы ўзведзены новы драўляны на падмурку з цэглы будынак Свята-Міхайлаўскай царквы[upper-alpha 4][14].
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ёлча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[15]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сёлы Ёлча, Грушна, вёскі Бярозкі, Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, зноў жа застаўным правам[upper-alpha 5]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[16]. З 27 жніўня 1799 года аднаасобным уладальнікам Ёлчанскага ключа стаў пан Людвік Ракіцкі[17].
На 1811 год эканомам у фальварку Ёлча названы Казімір Шчасновіч[18]. Паводле ведамасці Міхайлаўскай царквы за 1818 год, сяло Ёлча і навакольныя вёскі належалі былому маршалку Мінскай губерні, стацкаму саветніку пану Людвіку Ракіцкаму[19]. У канцы снежня 1831 года пан падкаморы рэчыцкі Уладзіслаў Прозар, жанаты з дачкой маршалка Л. Ракіцкага пані Тэкляй, заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[20], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камерцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні.
У 1850 годзе — уласнасць паноў Прозараў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 244 жыхары сяла і 268 жыхароў вёскі Ёлча былі прыхаджанамі Свята-Міхайлаўскай царквы, 7 мужчын і 6 жанчын з ліку жыхароў фальварка Ёлча з’яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[21]. Ад 27 кастрычніка 1869 года маёнткам Ёлча з 13 597 дзесяцінамі ўгоддзяў валодалі расійскія купцы Якаў Аляксандравіч, Флор Аляксандравіч, Андрэй Аляксандравіч Селюковы. Тут дзейнічалі паравы з прыбыткам 2000 рублёў у год, два вадзяныя (200 р.), конны (80 р.) млыны, дзве карчмы (160 р.)[22]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы ў Ёлчы названыя настаяцель а. Феафан Мінкевіч, в. а. штатнага псаломшчыка Аляксей Юрашкевіч і звышштатны Фёдар Варсоба, просфірня Еўфрасіння Шнэк[23]. На 1879 год да прыходу належалі 889 душ мужчынскага і 935 душ жаночага полу сялянскага саслоўя з жыхароў сяла Ёлча, вёсак Новая Ёлча, Бярозкі, Кацічаў, Чэрнеў, Капорынка, Галкі, Вялле, мястэчка Камарын; у архіве царквы захоўваліся метрычныя кнігі з 1755 года, евангеллі выдання 1773 і 1795 гадоў, спавядальныя спісы 1800 года[24]. Паводле «Спісу землеўладальнікаў Мінскай губерні» 1889 года, праваслаўны купец Флор Аляксандравіч Сялюк меў у Ёлчы 6975 дзесяцін зямлі. Згодна з перапісам 1897 года, у сяле існавалі школа граматы, царква; побач — сядзіба Ёлча і бровар. Дзейнічалі параходная прыстань і паромная пераправа. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Ёлча спадчынны ганаровы грамадзянін Аляксандр Флоравіч Сялюк[25].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старая Ёлча ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[26].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля ўз’яднання з БССР, ад 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Стараялчанскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі).
У 1929 годзе арганізаваны калгас.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года нацысты спалілі тут 50 двароў і забілі 18 жыхароў. Вызвалена вёска 23 верасня 1943 года. У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Краснае» (цэнтр — вёска Краснае).
У 1962 годзе да Старой Ёлчы далучана вёска Прудавіца.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1850 год — 38 двароў; 1885 год — 32 двары, 130 жыхароў; 1897 год — 33 двары, 190 жыхароў.
- XX стагоддзе: 1909 год — 52 двары, 369 жыхароў у вёсцы Ёлча, 1 двор, 31 жыхар у маёнтку Ёлча; 1940 год — 150 двароў, 611 жыхароў; 1959 год — 334 жыхары.
- XXI стагоддзе: 2004 год — 94 гаспадаркі, 185 жыхароў; 2006 год — 98 гаспадарак, 172 жыхары, з якіх 13 — ва ўзросце да 16 гадоў, 57 — у працаздольным і 102 — старэйшым за працаздольны.
Забудова
Планіроўка складаецца з амаль прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і перасякаемай каналам. На поўдні да галоўнай, далучаецца кароткая вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Заўвагі
- ↑ Толькі шаснаццатая частка дыму ў 120 двароў (7,5).
- ↑ Усяго ў паселішчы налічвалася «puł ćwierci dymu», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
- ↑ Ёсць згадка пра інвентар Ёлчанскага ключа 1771 года: APiJ. Sygn. 1. S. 1. На Генеральнай карце «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атласа Беларусі Ёлча пазначаная як цэнтр аднаіменнага староства, а Савічы і Грушна па-за яго межамі (Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 223). Але сярод старостваў Кіеўскага ваяводства такога не было. У арыгінальных крыніцах уладанне, як ужо сказана, называлася Ёлчанскім ключом пры Ракіцкіх (1771 г. і раней) альбо нават і Ёлчанскім «графствам» пры Страшэвічах (1784 г.: Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1914. Т. XXXVIII. Инвентари староств, имений, фольварков и деревень XVIII века. (1720—1798). С. 24, 25), таму што было не дзяржаўным, а прыватнаўласніцкім маёнткам. Выдаўцы апошняга дакумента ў загалоўку адвольна назвалі тое «графства» «староствам», калі з яго часова былі вылучаныя вёскі Капоранка і Нежыхаў на карысць сужэнства Якуба і Гэлены з Міцкевічаў Зялёнкаў.
- ↑ Больш падрабязна пра Ёлчанскую царкву і прыход гл.: Ростислав Бондаренко, священник. Два столетия назад в Старой Иолче был храм. // Маяк Палесся. 22 лістапада 2014
- ↑ Далейшы лёс паселішчаў паказвае, што яны, як і раней, былі ўласнасцю паноў Ракіцкіх, пакуль не перайшлі да Прозараў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Стара́я Іёлча
- ↑ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 30
- ↑ Кондратьєв І. Любецьке староство (XVІ — середина XVII ст.). — Чернігів: Видавець Лозовий В., 2014. С. 300
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 301—302
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 394
- ↑ Źródła dziejowe. T. V. Lustracye królewszczyzn ziem ruskich Wołynia, Podola i Ukrainy z piérwszéj połowy XVII wieku. / Wydał Aleksander Jabłonowski. — Warszawa, 1877. S. 208
- ↑ Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1915. T. XII. S. 76
- ↑ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: APiJ). Sygn. 1. S. 202
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 153—154
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 66, 75, 295
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 187; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
- ↑ АРіJ. Sygn. 1. S. 205
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Спр. 573. А. 20
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
- ↑ Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016. С. 211
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 77
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40523. А. 41
- ↑ НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 831. А. 9
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв., 706
- ↑ Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 61
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 74 — 75
- ↑ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 59
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.