Валачыск
Валачыск[1] (укр.: Волочиськ) — горад у Хмяльніцкай вобласці Украіны на левым беразе ракі Збруч насупраць мястэчка Підвалачыск Цярнопальскай вобласці, размешчанага на правым беразе. Чыгуначная станцыя на лініі Хмяльніцкі - Цярнопаль.
Гісторыя
Спачатку паселішча называлася Валачышча. Паходзіць гэта назва ад слова «валачыць» («цягнуць»), гэта значыць перацягваць валок. У часы Галіцка-Валынскага княства і ў наступныя стагоддзі тут праходзіў гандлёвы шлях з захаду на ўсход. Каб перабрацца праз раку Збруч і яе забалочаныя берагі купцам даводзілася валачыць свае грузы. На гэтым шляху (на левым і правым берагах Збруча) паўстала два паселішчы з аднайменнай назвай — Валачышча. Пазней, мабыць, як малодшае, паселішча на правым беразе ракі было перайменавана ў Підвалачыск.
У старажытны перыяд тэрыторыю сучаснага Валачыска засялялі славянскія плямёны валынян. У IX і X ст. гэтая мясцовасць належала да Кіеўскай Русі, пазней - да Галіцка-Валынскага княства. У 1241 г. гэтую мясцовасць захапілі і спустошылі мангола-татары, якія ішлі з Кіева для захопу Галіча. У другой чвэрці XIV ст. Валачыск уваходзіў у склад Кузьмінскага павета, які ахопліваў тэрыторыю Паўднёвай Валыні. Валынь у гэты час ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага.
Упершыню згадваецца Валачыскі пад назвай вёскі Валачышча ў Падольскім акце князёў Збаражскіх ад 9 ліпеня 1463 г. Да гэтага Валачышча належала валынскаму магнату князю Васілю Збаражскаму, пасля смерці якога, па Падольскім акце 1463 г., сяло перайшло ў валоданне яго сына Сямёна Збаражскага. Па дадзеных “Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага”, 4 мая 1518 г. кароль Жыгімонт І Стары пацвердзіў правы князя Канстанціна Астрожскага на валоданне маёнткамі, атрыманымі як спадчыну бабулі яго першай жонкі. У 1545 г. паселішча было ўласнасцю князя Міхаіла Збаражскага.
Недалёка ад Валачыска, у паўднёвай частцы гэтага краю, праходзіў так званы “Чорны шлях” - адзін з галоўных шляхоў татарскіх набегаў на гэтыя землі. У канцы XV ст. крымская арда моцна спустошыла Кузьмінскі павет, ацалела толькі нязначнае колькасць паселішчаў. Уступіўшы ў гандлёвыя сувязі з іншымі гарадамі, Валачыск расце эканамічна. У 1557 г. князь Уладзіслаў Збаражскі атрымаў ад урада права на закладанне тут мястэчка. У 1583 г. ў Валачыску (ён ужо ў дакументах называецца мястэчкам) налічвалася 135 дымоў і 675 жыхароў. У гэты час Валачыск ператвараецца ў гандлёва-рамеснае мястэчка, многія жыхары якога займаюцца гандлем і рамесніцтвам. Са смерцю князя, кракаўскага кашталяна Юрыя Збаражскага згас род князёў Збаражскіх. Валачыск па спадчыне ў 1631 г. пераходзіць у валоданне князёў Вішнявецкіх.
У верасні 1648 г. казацкія войскі Багдана Хмяльніцкага, разграміўшы польскую армію пад Піляўцамі, захапілі Валачыск. Але горад не быў далучаны да Масковіі ў 1654 г. Па Зборыўскаму дагавору ён застаўся і ў далейшым пад уладай Рэчы Паспалітай. З 1695 г. Валачыскам па спадчыне стаў валодаць сваяк Вішнявецкіх Юзэф Патоцкі, ваявода Кіеўскі. У 1772 г. адзін з Патоцкіх прадаў Валачыск разам з іншымі маёнткамі кароннаму маршалку Аўгусту Фрыдрыху Машынскаму за 1700 тыс. злотых.
Да пачатку XIX ст. насельніцтва мястэчка было непісьменным, да таго часу тут не было ні адной школы. Толькі ў 1801 г. была адкрыта аднакласная школа, у якой вучылася невялікая колькасць дзяцей багатых мяшчан. У другой палове XIX ст. узнікае шэраг прамысловых прадпрыемстваў. У 1860 г. ужо працаваў піваварны завод, які вырабляў за год 9000 вёдраў прадукцыі на суму 900 рублёў, свячны завод, гадавая вытворчасць прадукцыі якога складала 600 рублёў. У 1870 г. быў пабудаваны цукровы завод, якім валодала Нямецкае таварыства “Збруч”. У 1870 г. праз Валачыск была пракладзеная чыгунка, якая злучыла Кіеў са Львовам. Тады ж было скончана будаўніцтва чыгуначнай станцыі. 4 лістапада 1871 г. Підвалачыск быў злучаны з Валачыскам, і гэта была першая каляіна, якая злучыла Галічыну, якая тады належала да Аўстра-Венгрыі, з Усходняй Украінай у складзе Расійскай імперыі.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Хмяльніцкай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.