wd wp Пошук:

Васілевічы

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Васілевічы (значэнні). Васіле́вічы[3] (трансліт.: Vasilievičy) — горад раённага падпарадкавання ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыгуначны вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. Насельніцтва — 3 349 чалавек (2017)[4].

Герб

Герб Васілевічаў зацверджаны рашэннем Васілевіцкага райвыканкама № 82 ад 27 верасня 2001 года. Унесены ў Гербавы мартыкул Беларусі 28 снежня 2001 года (№ 77). Уяўляе з сабе іспанскі шчыт, дзе на блакітным полі выяўлены сярэбраны абрыс хваёвага дрэва. Абрыс дрэва сімвалізуе лясную і дрэваапрацоўчую прамысловасць, блакітнае поле — вадаёмы.

Гісторыя

Жыхары Васілевічаў на фатаграфіі І. Сербава

Тэрыторыя горада была заселена ўжо ў бронзавым веку. Паводле падання, калодзежы, называныя «зоўжынымі» ці «іоўжынымі» былі выкапаны на загад кіеўскай княгіні Вольгі, падчас паходу супраць драўлян. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў XV ст. як вёска ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Як сведчыць Літоўская метрыка, у 1466 годзе вёскай валодала памешчыца Іванава. Паводле рэвізіі Рэчыцкай воласці за 1560 год у вёсцы было 17 дымоў і 7 службаў. Праходзіў тракт Рэчыца — Мазыр. Пэўны час вёскай валодалі Патоцкія, потым Масальскія.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе, вёска ў Рэчыцкім павеце, уладанне графа Юдзіцкага. Дзейнічала Свята-Мікалаеўская царква (у ёй захоўваліся спавядальныя ведамасці з 1800 года і метрычныя кнігі з 1822 года). У 1825 годзе замест старога пабудаваны новы драўляны будынак царквы. У 1866 годзе адкрыта народнае вучылішча, дзейнічала таксама царкоўна-прыходская школа. У 1877 годзе ў ваколіцах сяла, дзе залягае самы глыбокі на Палессі тарфянік, заснавана метэаралагічная станцыя для вывучэння клімату Палесся. Апісваючы паселішчы Беларускага Палесся А. Г. Кіркор у выданні «Жывапісная Расія» адзначыў, што Васілевічы «казённая вёска… на мяжы непраходных балот, якія называюцца Хмяльніцкімі». Вёскі значна павялічылася пасля пракладання чыгункі Лунінец — Гомель і адкрыцця чыгуначнай станцыі (15 студзеня 1886 года). Цэнтр воласці, у склад якой у 1890 годзе ўваходзілі 17 паселішч з 1085 дварамі. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, 5 магазінаў, 2 ветраных млына, 2 конных млына, 2 кузні, 2 тракціры. У 19041913 гадах працаваў дрэваапрацоўчы завод з паравым рухавіком, прадукцыя якога экспанавалася на Міжнароднай выстаўцы 1905 года ў Льежы і адзначана Вялікім Залатым Медалём. 23 верасня 1911 года пачала працу чыгуначная лінія Васілевічы—Хойнікі. У 1914 годзе дала першую прадукцыю фабрыка па вытворчасці шпуль.

У пачатку 1918 года занятая германскімі войскамі. У жніўні 1918 года партызанскі атрад разграміў нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў Васілевічах. Каля вёскі 30 сакавіка 1919 года былі разгромлены стракапытаўскія фарміраванні, якія адступалі з Гомеля і спрабавалі прарвацца праз фронт у Польшчу. У пачатку сакавіка 1920 года мястэчка было занята польскімі войскамі, потым занята бальшавікамі ў пачатку чэрвеня 1920 года. У час пагрому, учыненага 16 красавіка 1921 года бандай Галакі, загінулі 13 жыхароў.

З 26 чэрвеня 1919 года — цэнтр воласці Гомельскай губерні РСФСР. З 8 снежня 1926 года ў складзе БССР. З 8 снежня 1926 года да 4 жніўня 1927 года і з 20 лютага 1938 года да 16 верасня 1959 года цэнтр Васілевіцкага раёна. У 19271938 гадах і з 1959 года ў Рэчыцкім раёне. З 8 снежня 1926 года па 29 красавіка 1950 года і з 16 ліпеня 1954 года па 29 лістапада 1959 года цэнтр Васілевіцкага сельсавета

У 19251927 гадах працаваў лясны тэхнікум (да гэтага знаходзіўся ў Гомелі, потым у Буда-Кашалёва). У 1929 годзе арганізаваны калгас, працавалі торфазавод, 2 кузні, слясарня, паравы млын, цагляны завод, смалакурня, дрэваапрацоўчая майстэрня, 7-гадовая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, бальніца. У 1934 годзе створана МТС. З 15 ліпеня 1935 года — мястэчка.

У час Вялікай Айчыннай вайны у чэрвені 1941 года ў Васілевічах была сфарміравана кавалерыйскай група пад кіраўніцтвам А. І. Бацкалевіча, якая пэўны час вяла баявыя дзеянні ў тыле наступаючай нямецкай арміі. З 24 жніўня 1941 да снежня 1943 года дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі Л. П. Курганская-Сакалова, Т. М. Астапенка, А. І. Белы). Вясной 1942 года налічвалася 5 падпольных груп. Загінулі 32 падпольшчыкі (пахаваны ў брацкай магіле ў скверы па вул. Камсамольскай). Акупанты расстралялі 41 жыхара (пахаваныя ў магіле ахвяр фашызму, за 2,5 км да захаду ад горада). Вызвалена 18 снежня 1943 года часткамі 65-й арміі Беларускага фронту. Разам з салдатамі Савецкай Арміі ў вызваленні Васілевіч удзельнічалі партызаны, сярод якіх быў камандзір кавалерыйскага эскадрона лейтэнант Мікалай Трафімавіч Маструкоў (пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза). 428 жыхароў загінулі на фронце.

З 29 красавіка 1950 года — гарадскі пасёлак, з 19 лістапада 1971 года — горад раённага падпарадкавання[5]. Працавалі мэблевая фабрыка, завод масла і сухога малака, цагляны завод, філіял Рэчыцкага камбіната бытавога абслугоўвання, цэхі па вытворчасці безалкагольных напояў і каўбас, цэх прапіткі стаўбоў, лясгас, лесаўчастак Хойніцкага леспрамгаса. Дзейнічаюць сярэдняя і мастацкая школы, школа-інтэрнат для слабабачачых дзяцей, гідраметэастанцыя, 2 бібліятэкі, Дом культуры, Дом школьніка, бальніца і паліклініка, 2 дзіцячых садка, аддзяленне сувязі.

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай (піўзавод), дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца.

Забудова

Планіроўка складаецца з кароткіх шыротных вуліц, звязаных 2 магістральнымі вуліцамі. Забудова цагляная і драўляная. На поўначы і ўсходзе — сетка меліярацыйных каналаў.

Славутасці

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Рашэнне Гомельскага абластнога Савета дэпутатаў ад 10 лістапада 2011 г. № 146
  2. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  4. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 19 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Жыткавічы Жыткавіцкага раёна і Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 33 (1335).
  6. 1 2 Беларусь, 1995
  7. Итоги переписи населения 2009 года по Речицкому району
  8. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8. — С. 112.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520 с.: іл. — Тыраж 4000 экз. — ISBN 985-11-0330-6
  • Васілевічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 152. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гродзенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Жлобінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Краснінскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Рэчыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Слонімскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Смаргонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Ушацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be