Вілейка
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вілейка (значэнні). Віле́йка[2] (трансліт.: Viliejka) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Вілейскага раёна, на р. Вілія. За 103 км на паўночны захад ад Мінска. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы. Насельніцтва 26 751 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Лічыцца, што Вілейка з’явілася каля пяці стагоддзяў таму, аднак археалагічныя знаходкі сведчаць аб тым, што людзі заснавалі пастаяннае паселішча недалёка ад сённяшніх межаў Вілейкі нашмат раней гэтай даты. Першыя людзі на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна з’явіліся прыкладна ў 9 тысячагоддзі да нашай эры. Недалёка ад вёсак Сосенка і Асташкава знойдзеныя стаянкі старажытных людзей і крэмневыя прылады працы, па якіх ўзрост знойдзеных стаянак адносяць да 7-5 тысячагоддзя да нашай эры. Пазнейшыя археалагічныя помнікі, якія адносяцца да эпохі неаліту (4-2 тысячагоддзя да нашай эры), выяўленыя каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нароча (Нарач), Рабунь і некаторых іншых.
У X—XIII стст. тэрыторыя сучаснай Вілейшчыны ўваходзіла ў склад Полацкага княства, а з XIV па XVII ст. — У Вялікае княства Літоўскае. У гэты перыяд паселішча насіла назву Стары Куранец.
Мястэчка ўзнікла на землях велікакняжацкага маёнтка Куранец. Упершыню Куранец разам з возерам Нарач і ракой Нарачанкай узгадваецца ў лацінамоўнай грамаце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча віленскаму катэдральнаму касцёлу Святога Станіслава ад 2 лютага 1436 года («districtum Kureniecz», «lacu Norocz», «flavium Norocz»)[4].
З 1599 года мястэчка, цэнтр староства Ашмянскага павета Вялікага Княства Літоўскага.
У 1727 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны даў прывілей на штотыднёвыя таргі ў Вілейцы па нядзелях і на 3 кірмашы на год.
З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Вілейка ўваходзіць у склад Расійскай імперыі. На вядомых картах Вілейкі XVIII стагоддзя відаць, што паселішча размяшчалася на працягу больш за кіламетр па беразе Віліі ўздоўж адзінай вуліцы з невялікай плошчай ля месца ўпадзення ў Вілію яе прытоку Пляснянкі. Тады ж, у канцы XVIII ст., 3 мая (па старым стылі) 1795 года, Вілейка стала павятовым горадам — цэнтрам Вілейскага павета Мінскай, а пазней (з 1843 года) — Віленскай губерні.
22 студзеня (па старым стылі) 1796 зацверджаны герб Вілейкі: чырвонае поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Ад першапачатковага малюнка якога да нашага часу ў некалькі змененым выглядзе захавалася толькі ніжняя частка (у верхняй адлюстроўваўся Мінскі герб, які ў 1845 годзе быў заменены на Віленскі, а пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў адменены адначасова са знікненнем Віленскай губерні).
Асноўнымі заняткамі жыхароў горада з’яўляліся земляробства і рачное суднаходства. Па Віліі і далей па Нёмане ў Еўропу вывозілі дрэва, лён, пяньку, збожжа, воск. Штогод у горадзе праводзіліся 4 гандлёвыя кірмашы, аб’ёмы гандлю пачалі спадаць толькі ў канцы XIX ст. Ад XVIII ст. у Ільі запрацавала найбуйнейшая на тэрыторыі сучаснай Беларусі шкляная мануфактура. У XIX ст. недалёка ад Даўгінава існавала суконная фабрыка.
У канцы XVIII ст. тэрыторыя Вілейкі ў плане нагадвала трохвугольнік. Адметных будынкаў і ўмацаванняў не было. У XIX ст. набыла стройнасць забудовы. Вялікія страты гораду прычынілі пажар 1810 г. і руска-французская вайна 1812 г. Пасля вайны 1812 года пачалася буйная рэканструкцыя горада. На працягу стагоддзя цалкам была заменена старая забудова. Многія будынкі сённяшняй Вілейкі былі закладзены ў канцы XIX — пачатку XX стст.
У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—31 гг. у горадзе 8.4—1.9.1831 дзейнічаў паўстанцкі камітэт на чале з Радзішэўскім. Паўстанне задушана царскім войскам пад камандаваннем Саф’янава. У час паўстання 1863—64 гг. у павеце дзейнічаў паўстанцкі атрад Вінцэнта Козела-Паклеўскага (разбіты ў сутычцы пад Уладыкамі).
У сярэдзіне XIX ст. ў Вілейцы быў маёнтак з палацам; у 1860 — 2 турмы, царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861—2931 жыхар, у 1880 — 3450, у 1897 — 3560 жыхароў, з іх 40,9 % пісьменных. Роднай мовай паказвалі: беларускую — 1871, яўрэйскую — 1326, рускую — 217, польскую — 109[5], 2 навучальныя ўстановы, шпіталь. Горад быў забудаваны пераважна драўлянымі аднапавярховымі дамамі, вуліцы падзялялі горад на кварталы.
Водныя грузаперавозкі па рацэ ў XX ст. замяніліся значнымі па велічыні плынямі грузаў і пасажыраў праз Вілейскую станцыю чыгункі (У 1904 годзе праз Вілейку пракладзеная чыгунка). У рэвалюцыю 1905—07 у горадзе дзейнічалі рэвалюцыйна-сялянскі камітэт, сацыял-дэмакратычная група.
У час Першай сусветнай вайны, у верасні 1915 г. Вілейка была акупаваная германскай арміяй, аднак неўзабаве вызвалена рускай арміяй падчас цяжкага бою. Баі ў 1915—1916 гадах за Вілейку былі самымі жорсткімі і кравапралітнымі падчас Нарачанскай аперацыі. У гонар вызвалення горада ў 1916 г. быў названы новы пяхотны полк рускай арміі — 748-й Вілейскі. У Вілейцы дыслацыраваўся корпус расійскай 10-й арміі Заходняга фронту.
8 (21) лістапада 1917 года ў Вілейцы ўсталяваная савецкая ўлада, створаны ваенны рэвалюцыйны камітэт. У лютым 1918 года акупіравана Германіяй. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 8 снежня 1918 года занята чырвонаармейцамі 2-й акругі пагранічнай аховы. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З ліпеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы. 10 ліпеня 1920 года занята ненадоўга Чырвонай Арміяй.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) адышла да Польшчы, была цэнтрам Вілейскага павета Навагрудскага, потым Віленскага ваяводстваў. Цэнтр вясковай гміны Вілейка, якая 11 чэрвеня 1929 года перайменаваная ў гміну Каловічы[6]. Горад Вілейка таксама ўтвараў аднайменную гарадскую гміну[7].
У Вілейцы дзейнічалі падпольныя арганізацыі КПЗБ, КСЗМБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады (26.8.1926 у Вілейцы адбыўся павятовы з’езд БСРГ), Таварыства беларускай школы (павятовы з’езд адбыўся 13.5.1928). У рабоце з’ездаў удзельнчалі Рыгор Шырма, Аляксандр Уласаў. Адным з кіраўнікоў грамадска-дэмакратычнага руху на Вілейшчыне быў Флягонт Валынец. У Беларускім народным доме вялася палітычна-асветная работа, пры ім існаваў драматычны тэатр (кіраўнік А.І.Каляда). Спектаклі ставіліся ў будынку пажарнай аховы (цяпер галоўны будынак Вілейскага краязнаўчага музея на пл. Свабоды).
У горадзе размяшчалася камандаванне палка Корпусу аховы памежжа «Вілейка», база гарнізону брыгады КАП «Вілейка» (Brygada KOP «Wilejka») і аднаіменнага батальёну. Вілейская турма была адна з найбуйнейшых, тут трымалі і палітзняволеных. У ёй адбывалі пакаранне паэты-рэвалюцыянеры Максім Танк, Ганна Новік.
Увосень 1939 года Вілейка увайшла ў склад Беларускай ССР. Дзейнічала часовая павятовая ўправа, з 4 снежня 1939 года цэнтр Вілейскай вобласці. Выдавалася абласная «Сялянская газета», у рэдакцыі якой у 1939-41 працавалі Максім Танк, Міхась Машара, Наталля Арсеннева, Ежы Путрамант, Мікола Шыла.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Вілейка захоплена войскамі гітлераўскай Германіі. Перад акупацыяй нямецкімі войскамі сотні зняволеных Вілейскай турмы былі этапіраваныя ўглыб тэрыторыі СССР.
Нямецкія акупанты ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Было забіта і закатавана больш 6 тыс. чалавек (большасць у Вілейскай турме) і амаль цалкам знішчаны горад. У вілейскім гета забітая большая частка яўрэйскага насельніцтва абласнога цэнтра.
2 ліпеня 1944 года 35-я гвардзейская танкавая брыгада, якой камандаваў Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў, вызваліла Вілейку.
20 верасня 1944 года Вілейская вобласць была перайменаваная ў Маладзечанскую вобласць, адміністрацыйны цэнтр вобласці перанесены ў Маладзечна. З чэрвеня 1946 — цэнтр раёна, са студзеня 1960 — у складзе Мінскай вобласці.
З 1991 года Вілейка — у складзе Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе ў межы горада ўключаныя некаторыя вуліцы вёскі Порса[8].
- Вялікая Сынагога
- Касцёл Узвіжання Святога Крыжа
- Касцёл, перабудаваны на царкву
- Царква Марыі Эгіпецкай. 1901 г.
- Удалечыні касцёл і царква
- У цэнтры горада, злева былы касцёл кармэлітак
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1765 — 126 чал.[9]; 1797 — 310 чал.[10]
- XIX стагоддзе: 1801 — 241 чал.[11]; 1841 — 1 369 чал.[11]; 1861 — 2 931 чал.[12]; 1880 — 3 450 чал.[12]; 1897 — 3 560 чал.[12]
- XX стагоддзе: 1907 — 4 060 чал.[13]; 1921 — 3 417 чал.; 1939 — 7,5 тыс. чал.[12]; 1945 — 3 353 чал.[14]; 1959 — 8,2 тыс. чал.[12]; 1965 — 10,8 тыс. чал.[12]; 1970 — 12,2 тыс. чал.[12]; 1989 — 25,0 тыс. чал.[12]; 1993 — 29,1 тыс. чал.[12]; 1995 — 29,8 тыс. чал.[15]
- XXI стагоддзе: 2006 — 29,1 тыс. чал.; 2007 — 28,8 тыс. чал.; 2009 — 26 906 чал.[16]; 2009 — 26 836 чал. (перапіс)[17]; 2010 — 26 833 чал.[16]; 2011 — 26 736 чал.[16]; 2012 — 26 797 чал.[18]; 2013 — 26 874 чал.[19]; 2014 — 26 942 чал.[20]; 2015 — 26 890 чал.[21]; 2016 — 26 831 чал.[22]; 2017 — 26 751 чал.[3]
Эканоміка ———
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай і харчовай прамысловасці. Гасцініца «Вілія». На беразе Вілейскага вадасховішча зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка». Вілейская ГЭС.
- ААТ «Зеніт — БелОМА» — вытворца фотатэхнікі, аптычных прыцэлаў для стралковай зброі, прыбораў назірання, вагавымяральнай тэхнікі. Уваходзіць у склад ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне»
За 10 км ад горада размешчаны 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі.
СМІ
- «Рэгіянальная газета»
- «Шлях перамогі». У савецкія часы — орган партыйных і савецкіх улад, сёння — газета Вілейскага раённага выканаўчага камітэта.
Культура
- У 1936—1940 гадах у Вілейцы жыў і працаваў мастак-авангардыст Уладзіслаў Страмінскі.
- Вілейскі краязнаўчы музей.
- Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча (пры краязнаўчым музеі).
- Народны тэатр гарадскога Дома культуры.
- Народны ансамбль гітарыстаў «Адэліта»[23].
- Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія».
Культурныя ініцыятывы
- У 2004 і 2012 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[24][25].
- 4 — 5 ліпеня 2015 года ў райцэнтры ўпершыню прайшоў рыцарскі фэст «Гонару Продкаў 2015»[26].
Славутасці
- Царква ў імя святой прападобнай Марыі Егіпецкай (1865)
- Вілейскі Крыжаўзвядзенскі касцёл (1913)
- Царква Свяціцеля Ціхана (1997)
- Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы (2015)
- Капліца 2000-годдзя хрысціянства
- Брама-капліца ў гонар загінулых воінаў Першай сусветнай вайны[27] (2015)
- Будынкі гімназіі, турмы, шпіталя (19—пач. 20 ст.)
- Жылыя дамы (19—пач. 20 ст.)
Помнікі, мемарыялы
- Помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, плошча Свабоды.
- Помнік Азі Асланаву, Двойчы Герою Савецкага Саюза, вул. Савецкая.
- Помнік экспедыцыі графа Тышкевіча, вул. 17 Верасня[28].
- Помнік Уладзіміру Леніну на Цэнтральнай плошчы.
- Мемарыял «Памяці зніклых вёсак», прыгарад, пры шашы Вілейка-Ушачы[29].
- Мемарыяльны камень ахвярам Вілейскай турмы, на Лясных могілках, пры аб’язной дарозе[30].
- Мемарыяльныя крыжы на месцы меркаванага расcтрэлу Расціслава Лапіцкага — члена антысавецкага падполля, урочышча Красны Беражок ля Вілейкі[31].
Страчаная спадчына
Турысцкія маршруты
Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў па наваколлях Вілейкі[33].
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт і праходзіць праз Вілейку водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам[34]. Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі[35].
Галерэя
- Вілейка сёння
- Царква святой Марыі Егіпецкай
- Касцёл Узвіжання Святога Крыжа
- Былая турма
- Бальнічны будынак
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Вілейкі
- Наталля Арсеннева — беларуская паэтэса.
- Эва Марыя Астроўская (1938—2012) — польская пісьменніца і журналістка[36].
- Леанід Аўдзей (1929—1977) — хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар[37].
- Павел Валынцэвіч (1875—1962) — фотамастак, святар.[38].
- Уладзімір Гулецкі (1895—1948) — савецкі мастак[39].
- Міхаіл Казінец — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
- Зміцер Казлоўскі — беларускі бард.
- Мікалай Фаміч Красінскі — беларускі тэатральны дзеяч.
- Мікіта Крыўцоў — беларускі футбольны фанат, загінулы ўдзельнік пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
- Расціслаў Лапіцкі — удзельнік беларускага антысавецкага падполля[40].
- Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932) — арганізатар сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, мецэнат, філантроп
- Аляксандр Манцэвіч — журналіст і выдавец[41].
- Эдуард Мацюшонак — беларускі мастак.
- Ганна Новік — беларуская паэтэса, дзеяч падпольнага беларускага руху ў Польшчы (1914—1997)[42][43][44][45].
- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля.[46]
- Леапольд Родзевіч — (1895—1938) — беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Скончыў (1909) у Вілейцы гарадское вучылішча.
- Сяргей Сакалоў — (1886—?) — хірург, доктар медыцыны[47].
- Уладзіслаў Сапея — беларускі спартсмен, удзельнік 19-х Алімпійскіх гульняў, рэкардсмен СССР у бегу на 100 м[48].
- Уладзіслаў Страмінскі — мастак-авангардыст, стваральнік унізму.
- Аляксандр Уласаў — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, эканаміст.
- Кандрат Церах — апошні міністр гандлю СССР (1986—1991).
- Алесь Шут (1952—2019) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання ад Лагойшчыны. Член Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».
- Аляксей Чубат — беларускі паэт.
Гарады-пабрацімы
- Мажайск, Расія
- Вілмар (Мінесота, ЗША)
- Пераяслаў, (Украіна)
- Астара, Азербайджан
- Уязд, Польшча
- Валдай, Расія
- Оберхаўзен, Германія
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ «Акты Литовской Метрики». — Т.1. — Варшава, 1896. — С.5
- ↑ Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ↑ Obwieszczenie Ministra Spraw Wewnętrznych // Monitor Polski — 1929 г. — нумар 132 — пазіцыя 325
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923
- ↑ Вілейскі раён. На 2 сельсаветы меней. Горад вырас за лік Порсы. Падрабязнасці Архівавана 20 кастрычніка 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Пазднякоў В. Вілейка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 408. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2. С. 408
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 561.
- 1 2 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 562.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Вілейка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 267.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 563.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 564.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. С. 158.
- 1 2 3 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2011 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2010 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2011). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2012 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2011 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2012). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2013 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2012 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2013). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2014 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2013 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2014). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ На канцэрце вілейскага ансабля гітарыстаў «Адэліта» не было свабодных месц Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ «Адна зямля» збірае сяброў //«Рэгіянальная газета», 23 ліпеня 2004 г., № 30 (481)
- ↑ Гран-пры «Адной зямлі» ўзяў маладзечанец Артур Міхайлаў, вучань Пятра Ялфімава Архівавана 13 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Змаганні рыцараў і народныя спевы. У Вілейцы ўпершыню прайшоў фэст «Гонару Продкаў 2015» (Фота) Архівавана 8 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Браму-капліцу ў гонар загінулых воінаў Першай сусветнай адкрылі ў Вілейцы. Будавалі яе ўсёй грамадой (Фота) Архівавана 5 красавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Рака часу // «Звязда»
- ↑ Памяці зніклых вёсак Архівавана 21 верасня 2016.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 7 лістапада 2017. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Ушанавалі памяць Расціслава Лапіцкага Архівавана 21 верасня 2016.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ ГІСТОРЫЯ ЦАРКВА УСЯЧЭННЯ ГАЛАВЫ ІААНА ПРАДЦЕЧЫ
- ↑ Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут «Па даўгінаўскіх ваколіцах» Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У ліпені ізноў праплывуць «Шляхам Тышкевіча». Экспедыцыя стартуе з Вілейкі Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У сплаве «Шляхам Тышкевіча» бярэ ўдзел 77-гадовы турыст Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ Эва Астроўская: пісьменніца, якая не баялася жыцця Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Авдей Леонид Викентьевич // Сайт Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Жанна Левина Художники Омска и Омской области (1928–1937): учебное пособие
- ↑ Міхась Чарняўскі: Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў //«Рэгіянальная газета», 25 ліпеня 1997 г., № 13 (258), стар. 3
- ↑ «Рэгіянальная газета» Архівавана 18 мая 2013.
- ↑ «Новік Ганна, біяграфія»
- ↑ «Восеньскі роздум Ганны Новік» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «З любоўю да людзей» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «Рэгіянальная газета», № 12 (465), 12 сакавіка 2004
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Духовенство и миряне // Сайт Санкт-Петербургский мартиролог духовенства и мирян
- ↑ Памяць. Вілейскі раён. // Удзельнік Алімпійскіх гульняў. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 548. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. — Лондан: Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 80-81. — 198 с.
- Вынятак са сьведчаньня Васіля Місюля, прадстаўленага ў 1954 г. адумысловаму камітэту Амэрыканскага Кангрэсу, пад старшынствам Ч. Керстэна, дасьледуючаму камуністычную агрэсыю // Сайт pawet.net
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Вилейка // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага р-на. -Мн., 2004. С. 42-59, 70-71.
- Prochwicz Jerzy, «Walki oddziałów KOP na obszarach północno-wschodniej Polski»// Białoruskie Zeszyty Historyczne № 13, Białystok 2000.
- Prochwicz Jerzy, Konstankiewicz Andrzej, Rutkiewicz Jan «Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939», wyd. Barwa i Broń, Warszawa 2003.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вілейка
- Геаграфічныя звесткі па тэме Вілейка на OpenStreetMap
- Афіцыйны сайт Вілейскага райвыканкама Архівавана 8 ліпеня 2014.
- Сайт Вілейка-Info
- Вілейка — vialejka.info
- «Рэгіянальная газета» он-лайн Архівавана 18 верасня 2020.
- Вілейка на Radzima.org
- Вілейка на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Чавускага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.