wd wp Пошук:

Граб’ё

Граб’ё[2] (трансліт.: Hrabjo, руск.: Грабьё) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ламавіцкага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 22 км ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 252 км ад Гомеля, 29 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі АсіповічыЖлобін.

Гідраграфія

На захадзе і поўначы — меліярацыйныя каналы.

Транспартная сетка

На аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.

Інфармацыя

Планіроўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай драўлянымі сядзібамі. У складзе сельскагаспадарчага ДП «Ламавічы» з цэнтрам у аднайменнай вёсцы, малочнатаварная ферма. Клуб, бібліятэка, крама.

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У 1560 годзе згадваецца ў сувязі з устанаўленнем межаў вёсак, якое тут праводзілася. У 1750 годзе пабудавана ўніяцкая царква ў гонар Нараджэння Найяснейшай Панны Марыі.

Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. Была цэнтрам аднайменнага казённага маёнтка. У 1850 годзе пабудаваны новы драўляны будынак праваслаўнай Нараджэння Маці Божай царквы. У 1883 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа, а ў 1884 годзе для яе пабудаваны ўласны будынак. У 1908 годзе ў Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.

15 лістапада 1920 года вызвалена ад польскіх акупантаў. З 20 жніўня 1924 года да 5 верасня 1929 года цэнтр Грабаўскага сельсавета Азарыцкага раёна Мазырскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Культура», працавалі 2 ветракі і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты стварылі ў вёсцы гарнізон, разгромлены партызанамі 29 мая 1943 года. 49 жыхароў загінулі на фронце.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2011 год — 54 двары, 96 жыхароў.

Дынаміка

  • 1750 год — 19 двароў.
  • 1857 год — 22 двары, 146 жыхароў.
  • 1885 год — 26 двароў, 216 жыхароў.
  • 1897 год — 40 двароў, 280 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 58 двароў, 463 жыхары.
  • 1916 год — 73 двары.
  • 1920 год — 797 жыхароў.
  • 1959 год — 363 жыхары (паводле перапісу).
  • 1997 год — 92 двары, 158 жыхароў.
  • 2004 год — 38(?) двароў, 138 жыхароў.

Вядомыя выхадцы

  • В. І. Шалаенкаў — заслужаны юрыст Беларусі.
  • Л. А. Халадок — доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.

Зноскі

  1. Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be