Любанскі раён
Лю́банскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Мінскай вобласці. Мяжуе з Салігорскім, Слуцкім, Старадарожскім раёнамі Мінскай вобласці, Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, Акцябрскім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім раёнамі Гомельскай вобласці.
Гісторыя
Утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Слуцкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Любань. 20 жніўня 1924 года падзелены на 9 сельсаветаў: Асавецкі, Любанскі, Ніжынскі (Нежынскі), Рачэнскі, Рэдкавіцкі, Тальскі, Турокскі, Юшкавіцкі, Ямінскі. 21 жніўня 1924 года Юшкавіцкі сельсавет перайменаваны ў Смольгаўскі, але 2 студзеня 1925 года сельсавету вернута старая назва. 21 жніўня 1925 года ў склад раёна перададзены Малагарадзяціцкі сельсавет Петрыкаўскага раёна Мазырскай акругі. 24 верасня 1926 года Любанскі сельсавет скасаваны, утвораны Слабадскі з цэнтрам у мястэчку Любань. З 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года раён уваходзіў у склад Бабруйскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у складзе БССР. З 21 чэрвеня 1935 года раён Слуцкай акругі. 5 красавіка 1936 года да раёна далучаны Загальскі сельсавет Глускага раёна. З 20 лютага 1938 года ў складзе Мінскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Слабадскі і Тальскі сельсаветы, утвораны Любанскі сельсавет, Ніжынскі сельсавет перайменаваны ў Камунараўскі, далучана вёска Забярэзінец Старобінскага раёна[4]. 1 красавіка 1960 года Загальскі сельсавет перайменаваны ў Соснаўскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Урэчча, Дарасінскі сельсавет Слуцкага раёна, гарадскія пасёлкі Старобін, Чырвоная Слабада, рабочы пасёлак Салігорск, Акцябрскі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Жываглодавіцкі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Краснадварэцкі, Мяцявіцкі, Новацярушскі, Пагосцкі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Яскавіцкі сельсаветы скасаванага Старобінскага раёна. 14 студзеня 1963 года Хорастаўскі сельсавет перададзены Лунінецкаму раёну Брэсцкай вобласці. 7 сакавіка 1963 года рабочы пасёлак Салігорск набыў статус горада абласнога падпарадкавання. 28 лютага 1964 года ўтвораны Рожанскі сельсавет. 28 жніўня 1964 года Жываглодавіцкі сельсавет перайменаваны ў Першамайскі. 6 студзеня 1965 года горад Салігорск, гарадскія пасёлкі Старобін і Чырвоная Слабада, Акцябрскі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Краснадварэцкі, Новацярушскі (за выключэннем вёсак Бычкі, Новая Дуброва, Новыя Дунцы, Старая Дуброва і Старыя Дунцы), Першамайскі, Пагосцкі, Рожанскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Яскавіцкі сельсаветы перададзены ў склад утворанага Салігорскага раёна. 7 сакавіка 1968 года гарадскі пасёлак Любань атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 10 красавіка 1969 года Любанскі сельсавет перайменаваны ў Тальскі, 16 жніўня 1973 года — Турокскі ў Ляхаўскі, 28 лютага 1974 года — Рэдкавіцкі ў Сароцкі. 29 верасня 2006 года Урэцкі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет, Дарасінскі і Ямінскі сельсаветы скасаваны.
Геаграфія
Працягласць з поўначы на поўдзень 75 км, з захаду на ўсход — 58 км. Плошча 1,9 тыс. км²[5]. Тэрыторыя ўваходзіць у склад паўночна-ўсходняй часткі Прыпяцкага Палесся. Паўночна-заходняя частка раёна захоплівае паўднёвую ўскраіну Слуцкага лёсападобнага плато, мяжа якога праходзіць па населеных пунктах Любань-Засмужжа-Дунцы. Гэтая частка ўяўляе сабой павышаную месцамі пагорыстую раўніну з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паўднёвая зона раёна характарызуецца пераважным распаўсюджваннем тарфяна-балотных глебаў, а паўночна-заходняя частка з перавагай суглінкавых глеб.
Паўночная частка раёна знаходзіцца на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Найвышэйшы пункт — 190 м — каля вёскі Юшкавічы. З карысных выкапняў ёсць торф, сапрапель, мел, калійныя і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны, мінеральныя воды.
Сярэдняя тэмпература студзеня −6,3 °C, ліпеня 18,2° С. За год выпадае 597 мм ападкаў. Па тэрыторыі раёна працякае рака Арэса з прытокам Таліца, вялікая сетка меліярацыйных каналаў (Сарачынскі, Шыпілавіцкі, Рэдкавіцкі і іншыя). Ёсць азёры Вячэра, Баяніцкае. На Арэсе створана Любанскае вадасховішча. Лясістасць 38 %. Створаны гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння Астроўкі, Вежань, Загальскі масіў.
Насельніцтва Любанскага раёна ў 1995 годзе налічвала 46,8 тыс. чалавек[5].
Сродкі масавай інфармацыі
Выходзіць газета «Голас Любаншчыны(руск.) бел.» і праграма радыёвяшчання «На хвалях Арэсы». Перыядычнасць выхаду газеты — 2 разы на тыдзень (серада і субота), аб’ёмам 4 і 12 палос адпаведна, апошняя субота месяца — 16 старонак. Агульны разавы тыраж раённага выдання на 01.01.2015 года склаў 5000 асобнікаў. Распаўсюджваецца недзяржаўнае штотыднёвае грамадска-палітычнае выданне Рэгіянальная газета «Інфа-Кур’ер». Зарэгістравана ў сакавiку 2001 г. Выдаецца на 24 палосах фармата А3. Наклад — ад 6400 да 7300 экз. (2011).
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Іван Міхайлавіч Каратчэня (нар. 1948, в. Таль) — беларускі палiтычны дзеяч, вучоны-эканаміст, доктар эканамічных навук, прафесар.
- Сяргей Патапавіч Кукраш — беларускі вучоны ў галіне аграхіміі
- Іван Муравейка — беларускі паэт
- Уладзімір Пузыня (1940, Суцін — 2012) — беларускі музыкант
- Лідзія Сымонаўна Савік — беларускі літаратуразнавец, крытык
- Уладзіслаў Сыракомля (1823, фальварак Смольгаў — 1862) — паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнаўца.
- Барыс Міронавіч Шапіра — доктар эканамічных навук, прафесар.
- Сямён Барысавіч Шапіра (нар. 1961, в. Рэчань) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Доктар эканамічных навук, прафесар.
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Минской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347с.
- 1 2 Беларусь, 1995
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Любанскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 441. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Любанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Любанскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1969 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Любанскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.