Кашалёва (Буда-Кашалёўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Кашалёва.
Кашалёва[1] (трансліт.: Kašaliova, руск.: Кошелёво) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Кашалёўскага сельсавета.
Паблізу ёсць паклады гліны.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 4 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 52 км ад Гомеля. Прыкладна за 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі працякае рака Ліпа.
Транспартная сетка
Аўтамабільная дарога Чачэрск — Буда-Кашалёва. Планіроўка складаецца з доўгай прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай з двух бакоў драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Выяўленае археолагамі гарадзішча (за 0,5 км на поўнач ад вёскі) сведчыць пра засяленне тэрыторыі гэтых месцаў з даўніх часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з XV стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, уласнасць казны. У 1503 і 1508 гадах згадваецца ў грамаце пра перамір’е ў перапісцы Васіля III і Жыгімонта I па пытаннях памежных канфліктаў паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім. У 1560 годзе 12 дымоў, 4 службы, пустаўшчыны Хлусоўская, Пашкоўская, Гваздоўская, Дзербінская. У 1640-х гадах па інвентары Гомельскага староства ў Кашалёва 12 дымоў, 4 службы, 16 валоў, 13 коней, Свята-Міхайлаўская царква. У 1765 годзе — маёнтак, валоданне Вышынскага, цэнтр староства, якое аб’ядноўвала 4 вёскі з 72 дварамі.
Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1807—1809 гадах адбыліся выступы сялян Кашалёўскай воласці супраць памешчыка. Працяглы час вёска была цэнтрам казённага маёнтка, у склад якога ў 1824 годзе ўваходзілі вёскі Кашалёў, Кастрышча, Буда-Славянец, Сяльцо, Рудзенка, Бушаўка. З 1825 года дзейнічала карчма (валоданне Солтана). Праз вёску праходзіла паштовая дарога з Гомеля ў Жлобін. Па інвентары 1847 года 103 двары і 42 незанятыя ўчасткі. У 1886 годзе размяшчаліся: школа (адкрыта ў 1845 годзе), царква (валодала зямельным участкам і з 1830 года сукнавальняй), лякарня, 2 ветракі. З другой паловы XIX стагоддзя дзейнічаў хлебазапасны магазін. Цэнтр воласці (да 9 мая 1923 года), у склад якой у 1890 годзе ўваходзілі 38 населеных пунктаў з агульнай колькасцю 1064 двары. Па перапісе 1897 года знаходзіліся: драўляная на каменным падмурку царква (згарэла ў 1953 годзе), лякарня, вучэльня, 2 хлебазапасныя магазіны, лясніцтва, аддзяленне паштовай сувязі, 3 ветракі, 8 крам, карчма. З 1898 года працавалі 2 пільні. У 1908 годзе арганізавана крэдытнае таварыства. У 1909 годзе пры школе мелася бібліятэка.
22 кастрычніка 1919 года створаны Кашалёўскі валасны рэўкам. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Кашалёўскага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.
У 1930 годзе арганізавана 2 калгасы, працавалі 3 ветракі, гамарня, 2 конныя крупарушкі, нафтавы млын, народная хата.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны вызвалена 28 лістапада 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінуў 141 жыхар вёскі. У памяць пра загінуўшых у 1966 годзе ў цэнтры вёскі ўсталяваны помнік. У 1959 годзе цэнтр саўгаса імя П. Я. Галавачова. Працуюць маслазавод, базавая школа, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад, лякарня, аддзяленне сувязі, магазін.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 189 гаспадарак, 412 жыхароў.
Дынаміка
- 1847 год — 103 двары.
- 1886 год — 176 двароў 983 жыхара.
- 1897 год — 262 двары, 1643 жыхара (паводле перапісу).
- 1909 год — 1826 жыхароў.
- 1959 год — 662 жыхара (паводле перапісу).
- 1998 год — 180 двароў, 479 жыхароў[2].
- 2004 год — 189 гаспадарак, 412 жыхароў.
Вядомыя выхадцы
- К. П. Буслаў — акадэмік Акадэміі навук БССР, доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР.
- П. Я. Галавачоў — двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі. У Гомелі і Буда-Кашалёве ўсталяваны помнікі. Яго імем названы вуліцы ў Гомелі і Буда-Кашалёве, саўгас у Буда-Кашалёўскім раёне.
- Усцін Мікітавіч Шваякоў — падчас Вялікай Айчыннай вайны камандзір партызанскага атрада ў Глускім раёне.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Кашалёў, м.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 197. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Кашалёў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 197. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 18. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.