Лазовіца (Клімавіцкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лазовіца. Лазо́віца[2] (трансліт.: Lazovica, руск.: Лозовица) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Рэкта. Уваходзіць у склад Родненскага сельсавета. Знаходзіцца за 6 км на паўднёвы ўсход ад Клімавічаў, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы (лінія Орша—Унеча), побач з аўтамабільнай дарогай Клімавічы — Касцюковічы.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Узнікла, верагодна, у першай палове XVII стагоддзя і першапачаткова мела назву Лазоўшчына[3]. У 1682 годзе ў вёсцы ўжо існавалі дзве службы.
У 1724 годзе згадваецца пад назвай Лазовіцы як уладанне мсціслаўскага падчашага, палкоўніка Яна Кіркора. Тады гэта было мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Яго планіровачную аснову складала вуліца над берагам Рэкты, забудаваная жылымі дамамі толькі з аднаго боку, а агароды яе двароў спускаліся да ракі[4].
У 1752 годзе Ян Кіркор заснаваў у Лазовіцах езуіцкую місію, для якой былі ўзведзены місійны дом, шпіталь і драўляны філіяльны касцёл Святой Тройцы, прыпісаны да парафіі Мсціслаўскага кляштара кармелітаў (з 1776 года — асобная парафія). Місія залежала ад Мсціслаўскага езуіцкага калегіума. Звычайна тут было 3 місіянеры, адзін з якіх узначальваў парафію, астатнія праводзілі душпастырскую дзейнасць[4]. Да езуіцкай рэзідэнцыі адносіўся фальварак Стайкі.
Расійская імперыя
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Лазовіцы апынуліся ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. У 1777 годзе — мястэчка, штогод праводзіліся 2 вялікія кірмашы. Паводле статыстычнага апісання губерні 1784 года, у мястэчку дзейнічаў касцёл, пры якім у 1799—1807 гадах працавала школа[4].
Па звестках 1816 года, існавалі аднайменныя мястэчка і сяло, якія знаходзіліся ва ўласнасці памешчыка. У 1820 годзе езуіцкая місія ў Лазовіцы была скасавана, будынкі перададзены бернардзінцам.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў паселішчы дзейнічалі вадзяны млын, драўляныя царква і парафіяльны касцёл (адзіны ў Клімавіцкім павеце[5]), малітоўны дом, сукнавальня (з 1873 года). Гаспадар маёнтка меў тут у 1864 годзе млын, сукнавальню і 160.5 дзесяцін зямлі. Штогод 29 чэрвеня і 1 кастрычніка адбываліся кірмашы[6].
У 1909 годзе была заснавана царкоўнапрыходская школа, для якой неўзабаве ўзвялі памяшканне. Дзейнічала казённая вінная лаўка.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лазовіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яна ўвайшла ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні.
У выніку першага ўзбуйнення БССР Лазовіцу вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яна стала цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці[6].
Яшчэ ў 1918 годзе ў вёсцы быў створаны сельсавет на чале з Ф. М. Пруднікавым. На базе дарэвалюцыйнай адкрылася пачатковая працоўная школа, дзе станам на 1925 год было 70 вучняў. 6 жніўня 1929 года ў Лазовіцы быў арганізаваны калгас «Камінтэрн», які аб’ядноўваў 262 гаспадаркі і 2203 га ворыва. Калгас абслугоўвала Клімавіцкая МТС. У 1931 годзе ў вёсцы збудавалі школу, працавалі ветраны млын і кузня.
З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Лазовіца была пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1943 года нацысты часткова спалілі вёску. На франтах загінулі 118 вяскоўцаў, на ўшанаванне якіх у 1967 годзе быў пастаўлены абеліск[6].
Пасля вайны вёска аднавілася[7]. У канцы 1980-х гадоў у Лазовіцы дзейнічалі аддзяленне сувязі, бібліятэка, вытворчая брыгада, дзіцячы дом (размяшчаўся ў будынку езуіцкага шпіталя), клуб, механічная майстэрня, пачатковая школа, стацыянарная кінаўстаноўка і фельчарска-акушэрскі пункт, у 1997 годзе — клуб, аддзяленне сувязі і крама[7].
21 снежня 2011 года Лазовіцкі сельсавет быў скасаваны і вёска апынулася ў складзе Родненскага сельсавета[8]
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1780 год — 23 двары, 115 жыхароў; 1783—1784 гады — 33 двары, 176 жыхароў[4].
- XIX стагоддзе: 1861 год — 32 двары, 236 жыхароў; 1885 год — 41 двор, 238 жыхароў; 1897 год — 24 двары, 148 жыхароў у мястэчку Лазовіцы, 40 двароў, 264 жыхары ў сяле Лазовіцы[6].
- XX стагоддзе: 1909 год — 24 двары, 202 жыхары ў мястэчку, 42 двары, 269 жыхароў у сяле; 1926 год — 91 двор, 465 жыхароў; 1972 год — 67 двароў, 247 жыхароў[7]; 1986 год — 62 двары, 167 жыхароў; 1998 год — 61 двароў, 141 жыхар[9].
- XXI стагоддзе: 2007 год — 54 двары, 106 жыхароў; 2009 год — 85 жыхароў[10]; 2020 год — 37 двароў, 67 жыхароў[1].
Інфраструктура
Дзейнічае крама[1].
Забудова
Складаецца з крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі традыцыйнымі хатамі. У цэнтры сярод жылой забудовы размешчаны мураваныя і драўляныя грамадскія будынкі. На поўдні пабудаваны мураваныя аднапавярховыя аднакватэрныя і двухпавярховыя 4-кватэрныя дамы. На паўночнай ускраіне вёскі — гаспадарчы комплекс[6].
Славутасці
- Свята-Пакроўская царква (пачатак XX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000470шыфр 513Г000470.
Страчаная спадчына
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1752 год) — разабраны ў 1930-я гады.
Зноскі
- 1 2 3 Родненскі сельскі Савет(руск.) . Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Мяцельскі А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ—ХVIII стст. // А. А. Мяцельскі; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — 663, [1] с. — ISBN 978-985-08-1202-5.
- 1 2 3 4 ЭнцВКЛ, 2010
- ↑ Łozowica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. — S. 768
- 1 2 3 4 5 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — С. 109—110.
- 1 2 3 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 330
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 Архівавана 14 красавіка 2019. (руск.)
- ↑ БелЭн, 1999
- ↑ Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года(руск.) . Праверана 20 ліпеня 2020.
Літаратура
- Андрэй Мяцельскі. Лазовіцкая місія езуітаў, Лазовіцы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 299. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 102. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2. — С. 109—110.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 330
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лазовіца (Клімавіцкі раён)
- Вёска Лазовіца — Падарожжа з Жыгамонтам, 2019. (бел.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Клімавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.