Навакухнаўшчына
Наваку́хнаўшчына[1] (трансліт.: Navakuchnaŭščyna, руск.: Новокухновщина) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавета.
Геаграфія
Вёска месцілася за 32 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі (на ветцы Васілевічы — Гомель ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 135 км ад Гомеля; сёння — на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на поўначы — меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Прыпяць (прыток р. Дняпро).
Гісторыя
Упершыню ўрочышча Кухенка (Kuchenka) згаданае ў размежаванні добраў Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста, Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага, складзеным 30 чэрвеня 1803 года, а 13 сакавіка 1806 года змешчаным у кнігах Рэчыцкага земскага суда. Менавіта ў тым урочышчы быў насыпаны 33-ці капец, пры якім сутыкаліся межы што да ўгоддзяў прылегласці Barborowszczyzny Кажушак, хойніцкіх Навасёлак і фальварку Бабчын hrabstwa Brahińskiego[2] паноў Ракіцкіх.
На 1909 год ва ўрочышчы Кухнаўшчына (Кухновщизна) Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні ў адным двары было 10 жыхароў[3].
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кухнаўшчыне налічвалася 38 двароў, 110 жыхароў. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску, загубілі аднаго чалавека[4]. 12 вяскоўцаў загінулі на франтах і прапалі без вестак[5].
Пасля вайны, з волі чыноўнікаў, вёску пачалі афіцыйна называць і пазначаць на картах Навакухнаўшчынай[заўв 1]. Паводле перапісу 1959 года ў Навакухнаўшчыне — 135 жыхароў. У складзе калгаса імя XXII з’езда КПСС (цэнтр — вёска Кажушкі).
Да 8 студзеня 1987 года вёска Навакухнаўшчына належала да Кажушкаўскага сельсавета, пасля — у складзе Тульгавіцкага сельсавета[7].
Заўвагі
- ↑ У хойніцкай кнізе «Памяць» нават у пераліку адселеных у сувязі з аварыяй на ЧАЭС вёсак названа Кухнаўшчына[6].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 12. S. 24
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 101
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 501
- ↑ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць). — Мінск: БЭ, 1993. С. 249
- ↑ Памяць. — С. 19
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.