Нараўлянскі раён
Нараўля́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласці. Размешчаны ў зоне правабярэжжа ніжняга цячэння ракі Прыпяць. Мяжуе з Ельскім, Мазырскім і Хойніцкім раёнамі Беларусі, Корасценскім і Вышгарадскім раёнамі Украіны.
Рэльеф і глеба
Пераважная частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну, паўднёвая — на схіле Украінскага шчыта. 85 % тэрыторыі — на вышыні 120—140 м , 8 % — на вышыні 140—160 м і 7 % — на вышыні 100—110 м. Пры геамарфалагічным раянаванні Нараўлянскі раён адносіцца да Прыдняпроўскай ледавіковай галіны Беларускага Палесся.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, слабападзолістыя глебы. Ураджайнасць зямлі невысокая, пераважаюць кіслыя глебы.
Сельскагаспадарчыя ўгоддзі Нараўлянскага раёна — дзярнова-падзолістыя (14,3 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,8 %), дзярнова-балотныя (2,9 %), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (34,0 %).
Азёры і рэкі
Рачная сетка раёна адносіцца да басейна Чорнага мора і злучана з ім Дняпром. Частата рачной сеткі — 15 км на 100 км². Асноўная рака — Прыпяць. Даўжыня ракі — 802 км, плошча вадазбору — 121 тыс. км².
Карысныя выкапні
Раён мае невялікія адклады торфу. Торф нізінны. Глыбіня залягання — 1,34 м. Радовішчы размяшчаюцца на 292 га. На тэрыторыі раёна, каля вёсак Гута і Заракітнае, знойдзена каменная (павараная) соль. Глыбіня залягання ад 300 да 2500 м. Магутнасць саляной тоўшчы да 2 км. У Нараўлянскім раёне ёсць два радовішчы глін — Галоўчыцкае і Вепранскае.
Гісторыя
Гл. таксама: Гісторыя Нароўлі
Нараўлянскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Мазырскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Нароўля. 20 жніўня 1924 года падзелены на 13 сельсаветаў: Барбароўскі, Бярозаўскі, Вербавіцкі, Вуглоўскі, Галоўчыцкі, Даўлядоўскі, Дзямідаўскі, Дзёрнавіцкі, Красноўскі, Махаедаўскі, Нараўлянскі, Хаткаўскі, Цешкаўскі. У 1925 годзе ўтвораны Аляксандраўскі сельсавет. 24 верасня 1926 года Аляксандраўскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны польскі сельсавет, Бярозаўскі сельсавет — у нацыянальны нямецкі сельсавет. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Бібікаўскі, Кустаўніцкі нацыянальны польскі, Міхалкаўскі і Тварычаўскі нацыянальны польскі сельсаветы скасаванага Слабадскога раёна. 21 лютага 1929 года ўтвораны Акопскі нацыянальны ўкраінскі сельсавет. У 1930 годзе Тварычаўскі нацыянальны польскі сельсавет перададзены ў склад Мазырскага раёна.
26 ліпеня 1930 года (пасля скасавання акруговага падзелу ў БССР) раён у прамым падначаленні БССР — да 21 чэрвеня 1935 г. 25 красавіка 1931 года Хаткаўскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны ўкраінскі сельсавет. 5 красавіка 1935 года Мазырскаму раёну перададзены Бібікаўскі сельсавет. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Мазырскай акругі. 23 жніўня 1937 года Аляксандраўскі і Кустаўніцкі нацыянальныя польскія сельсаветы скасаваны. У 1937 годзе скасаваны Бярозаўскі нацыянальны нямецкі сельсавет, Акопскі і Хаткаўскі нацыянальныя ўкраінскія сельсаветы рэарганізаваны ў беларускія сельсаветы.
З 20 лютага 1938 года раён у складзе Палескай вобласці. 27 верасня 1938 года мястэчка Нароўля атрымала статус гарадскога пасёлка. 20 красавіка 1939 года Махаедаўскі сельсавет перайменаваны ў Кіраўскі сельсавет. 3 ліпеня 1939 года Міхалкаўскі сельсавет перададзены Мазырскаму раёну.
З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Акопскі, Дзямідаўскі і Хаткаўскі сельсаветы. 29 кастрычніка 1959 года скасаваны Цешкаўскі сельсавет. 26 красавіка 1962 года Нараўлянскі сельсавет перайменаваны ў Завайцянскі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Нароўля, Барбароўскі, Вербавіцкі, Вуглоўскі, Галоўчыцкі, Даўлядоўскі, Дзёрнавіцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі сельсаветы перададзены Ельскаму раёну.
6 студзеня 1965 года Нараўлянскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Нароўля, Вербавіцкі, Вуглоўскі, Галоўчыцкі, Даўлядоўскі, Дзёрнавіцкі, Завайцянскі, Кіраўскі і Красноўскі сельсаветы.
3 лістапада 1971 года Нароўля атрымала статус горада раённага падпарадкавання. 8 студзеня 1987 года скасаваны Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі сельсаветы.
20 кастрычніка 1995 года Нараўлянскі раён і горад Нароўля аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.
26 верасня 2006 года скасаваны Красноўскі сельсавет[6]. 1 снежня 2009 года скасаваны Завайцянскі сельсавет, утвораны Нараўлянскі сельсавет[7].
Старшыні райвыканкама
- ?—? — Н. У. Масюк
- ?—? — М. А. Фаляйчук
- ?—? — В. П. Меркуль
- ?—? — В. Ф. Мураўёў
- ?—? — Я. В. Элькін
- 1940—1941 — Данііл Фёдаравіч Булава (1908—1953)
- 10 снежня 1943—? — Ф. А. Садоўскі
- ?-1944—? — Данііл Фёдаравіч Булава (1908—1953)
- ?-1944—? — І. М. Качанаў
- ліпень 1946—? — Данііл Фёдаравіч Булава (1908—1953)
- ?—? — І. М. Кацапаў
- ?—? — П. Т. Лішафаеў
- ?—? — Альгерд Адамавіч Садоўскі (1907—1979)
- ?—? — А. П. Мацкевіч
- ?—? — А. В. Рагалевіч
- ?—? — В. І. Сямёнаў
- ?—? — А. А. Зайцаў
- ?—? — А. І. Караткевіч
- ?—? — М. Е. Хобатаў
- ?-1986—1990-? — Мікалай Мартынавіч Маркоўскі
- ?-1993—1994 — У. С. Кураленя
- 1994—1996 — Мікалай Міхайлавіч Шаўцоў (нар. 1948)
- 1996— 11 сакавіка 2018 — Валерый Васілевіч Шляга
- 12 сакавіка 2018 — 15 студзеня 2019 — Павел Аляксандравіч Сілівончык
- 15 студзеня — 26 снежня 2019 — Руслан Іванавіч Смірноў
- 27 снежня 2019 — 3 кастрычніка 2022 — Сяргей Віктаравіч Дылюк[8][9].
- з 3 кастрычніка 2022 — Уладзімір Пятровіч Антоненка.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Галіна Канстанцінаўна Васіленка
- Іван Міхайлавіч Шаўрэй (1956—2020), непасрэдны ўдзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ганаровы грамадзянін Нараўлянскага раёна
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://narovlya.gov.by/ru/committee/
- ↑ http://president.gov.by/ru/news_ru/view/prinjatie-kadrovyx-reshenij-22708/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области Архівавана 22 верасня 2019.
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 286 Об изменении административно-территориального устройства Наровлянского района Гомельской области
- ↑ Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
- ↑ В Наровле новый председатель райисполкома
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Маліноўскі, В.Т. Нароўля: фотаальбом / В.Т. Маліноўскі ; фот.: В.Алешкі [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 1994. — 112 с.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Наровля и Наровлянский район / сост.: Н.В. Кузьменкова, Н.И. Данильченко, С.В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
- Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — 26 с.
- Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В.В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы Катэгорыя·Населеныя пункты Нараўлянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Нараўлянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Нараўлянскага раёна Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1987 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1925 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Нараўлянскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.