Рэйк’явік
Рэйк’я́вік[1] (ісл.: Reykjavík — Дымная бухта) — сталіца і самы буйны горад Ісландыі. Насельніцтва — 119 108 жыхароў (2011), насельніцтва ж «Вялікага Рэйк’явіка» (Сталічнага рэгіёна — Хёвудборгарсвайдзіда) — каля 200 000 чалавек, што складае больш за 60 % насельніцтва краіны. Самая паўночная ў свеце сталіца незалежнай дзяржавы (269 км да паўночнага палярнага круга). Размешчаны на паўднёвым захадзе краіны, на паўднёвым беразе заліва Фахсафлоўі.
Гісторыя
Ісландыя была заселена нарвежскімі і кельцкімі імігрантамі на працягу канца IX — пачатку X стагоддзяў. Згодна з сярэдневяковай «Кнігай аб засяленні Ісландыі» (ісл.: Landnamabók), Інгальф Арнарсан, першы ісландскі пасяленец, у 874 годзе пабудаваў сваю ферму на паўвостраве, дзе зараз знаходзіцца Рэйк’явік. Месца для пасялення было выбрана згодна з традыцыйным метадам вікінгаў — калі Інгальф упершыню пасля адплыцця з Нарвегіі ўбачыў бераг, то кінуў ў ваду два тронныя слупы са сваёй ладдзі і плыў услед за імі да таго моманту, пакуль іх не выкінула на бераг. Сваю назву (Reykjavík — Дымная бухта) месца атрымала з-за слупоў пары, што падымаліся ад гарачых крыніц у наваколлі.
Пасля падпісання ў 1262 годзе т. зв. «Старога дагавора» з Нарвегіяй, па якому Ісландыя прызнала вярхоўную ўладу нарвежскіх каралёў (тыя, у сваю чаргу, абавязаліся штогадова адпраўляць у Ісландыю некалькі караблёў са збожжам, лесам і іншымі таварамі), Рэйк’явік становіцца цэнтрам збору даніны і падаткаў, а таксама важным цэнтрам гандлю з Нарвегіяй, Англіяй і Ганзай. Яшчэ больш адміністрацыйнае і эканамічнае значэнне Рэйк’явіка ўзмацняецца пасля таго, як Ісландыя з 1397 года стала ўладаннем Даніі, паколькі непадалёк ад яго, у Бессастадзіры, знаходзілася рэзідэнцыя спачатку нарвежскіх, а затым дацкіх губернатараў.
У 1402—1404 і 1494—1495 гадах Рэйк’явік, як і амаль уся Ісландыя, перажыў дзве эпідэміі чумы, а ў 1627 годзе яго абрабавалі берберскія піраты.
Каля сярэдзіны XIX стагоддзя побач з фермай Рэйк’явік пачаў расці маленькі горад. Гэта адбылося дзякуючы каралеўскаму казначэю Скулі Магнусану, вядомаму як «бацька Рэйк’явіка», які заснаваў шарсцяныя майстэрні ў Рейк’явіку ў рамках сваёй дзейнасці па мадэрнізацыі ісландскай эканомікі. Гэта паслужыла штуршком да пачатку развіцця Рэйк’явіка. Акрамя таго, пасля адмены ў 1786 годзе Даніяй манаполіі на гандаль у Ісландыі, Рэйк’явік стаў адной з шасці ісландскіх абшчын, што атрымалі выключныя правы на знешні гандаль (але толькі з Даніяй), таму 1786 лічыцца годам заснавання горада Рэйк’явіка. У 1796 годзе сюды са Скалхольта быў афіцыйна перанесены цэнтр біскупства (фактычна ён знаходзіўся тут з 1784 года, пасля таго як рэзідэнцыя біскупа ў Скалхольце была разбурана землетрасеннем у час вывяржэння Лакі), а ў 1845 годзе ў Рэйк’явіку была адноўленая дзейнасць Альтынга — ісландскага парламента, які з 930 па 1799 гады збіраўся на Палях тынга (Тынгвелір, Þingvellir) на паўднёвым захадзе Ісландыі. Знаходжанне Альтынга ў Рэйк’явіку фактычна вызначала яго статус сталіцы краіны.
З паскарэннем эканамічнага прагрэсу ў XX стагоддзі рос і Рэйк’явік, але асабліва хуткае развіццё ён атрымаў у другой палове XX стагоддзя. У 1920—1930-я гады ў Рэйк’явіку базіравалася большая частка ісландскага рыбалавецкага флоту, адпаведна галоўнай галіной эканомікі горада стала рыбаперапрацоўчая прамысловасць. Аднак з нарастаннем наступстваў Вялікай дэпрэсіі ў горадзе значна пашырылася беспрацоўе, што прывяло да значных выступленняў прафсаюзаў і сутыкненняў іх з праваахоўнымі органамі.
У час Другой сусветнай вайны 10 мая 1940 года Рэйк’явік, а затым і ўся Ісландыя, быў акупіраваны брытанскімі войскамі, што было зроблена з мэтаю прадухіліць уварванне сюды немцаў, якія ў красавіку акупіравалі Данію і значную частку Нарвегіі. Узброенага супраціўлення ісландцы не аказвалі, і фактычна пачалі супрацоўнічаць з сіламі Антыгітлераўскай кааліцыі. Паступовае нарошчванне замежнага ваеннага кантынгенту ў Рэйк’явіку прывяло да таго, што к канцу вайны колькасць вайскоўцаў амаль зраўнялася з колькасцю ўласна жыхароў горада. У эканамічным плане акупацыя ў значнай ступені дапамагла пераадолець эканамічны крызіс, так, амаль знікла беспрацоўе, у горадзе і наваколлі было развернута значнае будаўніцтва, у тым ліку аэрапортаў у Рэйк’явіку і Кеблавіку (апошні, што знаходзіцца ў 50 км ад Рэйк’явіка, зараз з’яўляецца асноўным міжнародным аэрапортам Ісландыі).
Клімат
Нягледзячы на тое, што Рэйк’явік знаходзіцца на поўначы Атлантыкі, клімат у горадзе больш мягкі, чым у многіх іншых мясцовасцях, што знаходзяцца на такой самай шыраце. Сярэднюю тэмпературу зімой можна параўнаць з тэмпературай у Нью-Ёрку. Зімой у сталіцы Ісландыі тэмпература рэдка апускаецца ніжэй за −10 °C. Усё гэта дзякуючы цёплай плыні Гальфстрыма.
Клімат субарктычны марскі, зіма мягкая, з адлігамі (сярэдняя тэмпература студзеня 0,4 °C) дзякуючы цёплым водам цячэння Ірмінгера, лета халаднаватае (сярэдняя тэмпература ліпеня 11—12 °C). Ападкаў 800 мм за год. Вада ў заліве зімой не замярзае. Характэрнымі з’яўляюцца частыя змены надвор’я.
Насельніцтва
Рост гарадскога насельніцтва
1801 | 1860 | 1901 | 1910 | 1920 | 1930 | 1940 | 1950 | 1960 | 1970 | 1980 | 1985 | 1990 | 1995 | 2003 | 2006 | 2008 |
600 | 1.450 | 6.321 | 11.449 | 17.450 | 28.052 | 38.308 | 55.980 | 72.407 | 81.693 | 83.766 | 89.868 | 97.569 | 104.258 | 113.387 | 116.446 | 118.861 |
Гаспадарка
Рэйк’явік — асноўны эканамічны цэнтр Ісландыі, галоўны порт і рыбалавецкая база. Развіваецца рыбаперапрацоўчая прамысловаць, суднарамонт, вытворчасць рыбалоўных сетак, рыбапрамысловага абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы, традыцыйная вытворчасцьсць шарсцяных тканін. У раёне Рэйк’явіка — алюмініевы, азотнахімічны, цэментны заводыды. Гарачыя крыніцы паблізу горада выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Дзейнічае міжнародны аэрапорт Кеблавік.
Музеі
- Музей культурнай спадчыны Ісландыі
- Нацыянальная галерэя Ісландыі
- Ісландскі нацыянальны музей
- Музей К’ярваля
- Музей Асмундара
- Музей Эйнара-Ёнсана
- Збор рукапісаў Арні-Магнусана
- Ісландскі музей фаласаў (заснаваны ў Рэйк’явіку, пасля перамешчаны ў Хусавік)
- Нацыянальны парк Тынгвелір
- Рэйк’явікскі музей пад адкрытым небам
Тэатры
Адукацыя
- Ісландскі ўніверсітэт мастацтваў
- Універсітэт Ісландыі
- Рэйк’явікскі ўніверсітэт
- Рэйк’явікская гімназія
У сталіцы знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Ісландыі.
Вядомыя асобы
- Б’ёрк — спявачка
- Балтасар Кармакур — ісландскі рэжысёр
- Хальдаўр Кільян Лакснес — ісландскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры
- Эйнар Карасан — ісландскі пісьменнік
- Гурт Múm
- Іоўн Сігурдсан — ісландскі вучоны, лідар нацыянальнага руху за незалежнасць Ісландыі.
- Халгрымур Хельгасан — ісландскі пісьменнік і мастак
- Хера Б’ёрк — ісландская спявачка
- Гейр Хордэ
- Арнальдур Індрыдасан
- Аляксандра Іварсдоцір
- Эйдур Гудзьёнсен
Выдатныя месцы Рэйк’явіка
Сімвал Рэйк’явіка
Хальгрымскірк’я — лютэранская царква. Гады будаўніцтва: 1938—1986
Перліны Рэйк’явіка
- Перлан
- У Рэйк’явіку знаходзіцца самы вялікі ў Ісландыі батанічны сад — Батанічны сад у Рэйк’явіку.
- Будынак ісландскага парламента (Alþingishúsið) — альтынга.
- Рэйк’явікскі двор (Höfði): дом, у якім сустракаліся на саміце Рональд Рэйган і Міхаіл Гарбачоў у 1986 годзе.
- Кафедральны сабор Рэйк’явіка
- Гатэль «Борг»
- Нацыянальная і Універсітэцкая бібліятэка Ісландыі
- Геатэрмальны гарадок Хверагердзі
- Царква Скалхолт
- Рэйк’явікская ратуша: (Ráðhús)
- Т’ёрнін (Tjörnin): Возера ў Рэйк’явіку
- Ландакоцкірк’я: самы вялікі каталіцкі храм Ісландыі
- Вольная царква ў Рэйк’явіку
- Хатайгскірк’я
- Помнік Інгальфу Арнарсану
Гарады-пабрацімы
- Вайльбург[d], Германія
- Вільнюс, Літва[2]
- Вініпег, Канада
- Капенгаген, Данія
- Кінгстан-апан-Хал, Вялікабрытанія
- Нук, Грэнландыя
- Осла, Нарвегія
- Санкт-Пецярбург, Расія
- Сіэтл, ЗША
- Торсхаўн, Фарэрскія астравы
- Хельсінкі, Фінляндыя
- камуна Стакгольм, Швецыя
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ У ісландскай мове націск падае на першы склад
- ↑ http://www.ivilnius.lt/pazink/apie-vilniu/miestai-partneriai
Літаратура
- Йоун Р. Хьяульмарссон. История Исландии. — М: «Весь мир», 2003. — 240 с.: илл.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.