Свяцілавічы (Веткаўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Свяцілавічы.
Свяці́лавічы[1] (трансліт.: Sviacilavičy, руск.: Светиловичи) — аграгарадок у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Свяцілавіцкага сельсавета.
Знаходзіцца на рацэ Беседзь (прыток р. Сож), за 40 км на паўночны ўсход ад Веткі і ў 62 км ад Гомеля, на аўтадарозе Чачэрск — Ветка. На поўдні — тарфяны заказнік.
Гісторыя
Верагодна, вёска існавала з XII—XIII ст. ў складзе Ноўгарад-Северскага, затым Чарнігаўскага княства. Каля 1335 г. вялікі князь літоўскі Альгерд далучыў гэтыя тэрыторыі да ВКЛ. У 1503 г. мясцовасць часова акупаваная маскоўскімі войскамі. Першыя дакументальныя звесткі пра Свяцілавічы датуюцца 1565 г., калі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў пустое сяльцо Свяцілавічы («люди того сельца сего лета все в поветрие вымерли») чачэрскаму баярыну Ілле Іванавічу. У 1625 г. унукі Іллі — Цімафей, Фёдар і Іван Шэлюта атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы пацвярджальны прывілей на Свяцілавічы. Свяцілавічы адміністрацыйна адносіліся да Чачэрскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства ВКЛ. У Свяцілавічах былі царква і касцёл[2].
Да канца XVIII ст. у Свяцілавічах жылі шляхецкія сям’і: Вяроўкіны-Шэлюты, Маліноўскія, Драбышэўскія, Язерскія, Леванды, Чапліцы, Шклярэвічы, Шэлякі. Падчас сялянскай рэформы ў Прыбалтыцы (1816—1819), цар Аляксандр I даў саноўніку І. І. Севярынцаву грамату і даручэнні на кіраванне вёскай; тут быў праведзены адзін з першых праектаў па адмене прыгоннага права. У XIX ст. землі Свяцілавічаў былі падзеленыя паміж шматлікімі прадстаўнікамі роду Вяроўкіных-Шэлютаў, а пасля адмены прыгоннага права вялікая частка зямлі перайшла да сялян.
Па выніках Брэсцкага міру Свяцілавічы апынуліся на тэрыторыі, акупаванай з сакавіка па лістапад 1918 германскімі войскамі. У 1927 падчас калектывізацыі ў Свяцілавічах арганізаваны калгас «Севастопальскі металіст». У час Вялікай Айчыннай вайны, з 19 жніўня 1941 года па 30 верасня 1943 знаходзіліся ў зоне фашысцкай акупацыі. У 1950-я арганізаваны саўгас «Свяцілавічы» (цяпер сельскагаспадарчае прадпрыемства «Свяцілавічы», філіял прадпрыемства «Гомельхлебпрам»).
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года Свяцілавічы апынуліся на мяжы зоны высокага радыяцыйнага забруджвання. У 2004 годзе забруджванне глебы цэзіем-137 складала 19,38 Кі/км², стронцыем-90 — 0,43 Кі/км².
У Свяцілавічах функцыянуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, участковая бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, некалькі харчовых і прамтаварны магазіны. У 1980-1990-я гады пабудаваны сельскі дом культуры і саўгасны пасёлак.
Помнікі гісторыі — недалёка ад Свяцілавіч на беразе ракі Бесядзі знойдзены найбольш старажытныя на тэрыторыі Беларусі прылады працы мусцьерскага тыпу; гарадзішча зарубінецкай культуры; брацкая магіла герояў Грамадзянскай вайны (1917—1923); помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны; помнік воінам-вызваліцелям.
Насельніцтва
- 1880 — сяло, 103 дамы (795 жыхароў)[3].
- 1989—1640 чалавек (паводле перапісу насельніцтва). Значная частка жыхароў перасялілася ў Гомель і ў іншыя населеныя пункты рэспублікі.
- 2000—1042 чалавекі
- 2004—1014 чалавек (419 гаспадарак)
- 2008—980 чалавек
Геаграфія
У 1565 г. вёска ў складзе Чачэрскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Рэчы Паспалітай, пазней непасрэдна ў складзе Рэчыцкага павета.
Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай — у складзе Расійскай імперыі.
У 1772—1778 гадах у Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерні.
У 1778—1796 гадах у Рагачоўскім павеце Магілёўскага намесніцтва.
У 1796—1801 гадах у Рагачоўскім павеце Беларускай, а пасля 1801 года і да 1917 — Магілёўскай губерні.
У пачатку XX стагоддзя Свяцілавічы — мястэчка Стаўбунскай воласці Гомельскага павета.
У 1917—1919 гадах у прыфрантавой паласе расійска-германскага фронту, у падпарадкаванні вайсковых уладаў Заходняга фронту РСФСР, у Заходняй вобласці (Заходняй камуне) РСФСР.
У 1919—1926 гадах у Гомельскім павеце Гомельскай губерні РСФСР.
У 1926 годзе ў выніку другога ўзбуйнення БССР тэрыторыя, якая ўключае Свяцілавічы, перададзеная з складу РСФСР у склад БССР.
У 1926—1927 гадах цэнтр Свяцілавіцкага раёна Гомельскай акругі. У 1927—1930 у Веткаўскім раёне Гомельскай акругі. З 1938 па 1956 гады ізноў цэнтр Свяцілавіцкага раёна, мястэчка. З 1956 года — сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці (у 1962—1966 гадах у складзе Гомельскага раёна).
Вядомыя жыхары і ўраджэнцы
- Сяргей Балахонаў (нар. 1977) — беларускі пісьменнік.
- Фёдар Рыгоравіч Вішнякоў (1882—1937) — беларускі святар, рэпрэсаваны[4], навамучанік Рускай праваслаўнай царквы.
- Міхаіл Якаўлевіч Каплан (1932—2022) — савецкі і расійскі драматычны акцёр і тэатральны педагог, народны артыст Расійскай Федэрацыі (1997).
- Аляксандр Аляксеевіч Шалюта (нар. 1952) — беларускі спецыяліст у галіне раслінаводства. Доктар сельскагаспадарчых навук (2000), прафесар (2003).
- Уладзімір Лук’янавіч Шалюта (1938—2009) — беларускі фармаколаг. Доктар фармацэўтычных навук (1989), прафесар (1989).
- Сцяпан Фаміч Вяроўкін-Шэлюта — падпалкоўнік расійскай імператарскай арміі. Кавалер ордэна Святога Георгія IV класа.
- Фларыян Фаміч Вяроўкін-Шэлюта — генерал-лейтэнант імператарскай расійскай арміі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ НГАБ ф.3095
- ↑ str. 636; tом XII, «SLOWNIK GEOGRAFICZNY» KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH, WARSZAWA, 1880—1914.
- ↑ Вишняков Федор Григорьевич
Літаратура
- «Памяць. Гіст.-дакум. Хроніка Веткаускага р-на. У 2-х кн.» Мінск, 1997 г., кн. 1-2;
- «SLOWNIK GEOGRAFICZNY» KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH, WARSZAWA, (1880—1914), tом XII, str. 636;
- под. ред. Г. П, Пожаров, «Список населенных мест Могилевской губернии», г. Могилев, 1910 г.;
- «Список населенных мест Гомельского округа», Гомельское окружное статистическое бюро, г. Минск, 1927 г.;
- «Гісторыя Беларусі (ў шасці тамах). Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII—XVIII ст.)», г. Мінск, «Экаперспектыва», 2004 г., Т. 3, с. 302—303;
- Марцэлеў С. В., Рэдкалегія: Пашкоў Г. П. (галоўны рэдактар) і інш., «Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя», г. Мінск, БелЭн., 2004 г., ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0, Гомельская вобласць Т. 1, кн. 1, с. 243;
- «Памятная книжка Могилевской губернии», составлена Могилевским Губернским Статистическим Комитетом, г. Могилев, 1853—1916 г.;
- «Архіварыус», (Навуковае выдание) серыя «Гісторыя, архівазнаўства, крыніцазнаўства», БелНДІДАС, г. Мінск, 2009 г., выпуск № 7, с. 80-99;
- «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской,
хранящихся в Центральном архиве в Витебске», губернская типо-литография, г. Витебск;
Спасылкі
- административная карта Ветковского района Гомельской области (Институт радиологии РНИУП, паспорт Ветковского района Гомельской области)(недаступная спасылка)
- Список населенных мест Могилевской губернии, литеры А-Е
- Список населенных мест Могилевской губернии, литеры Ж-Л
- Список населенных мест Могилевской губернии, литеры М-Я
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Веткаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.