Сялец (Брагінскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сялец. Сяле́ц[1] (трансліт.: Sialiec, руск.: Селец) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Малейкаўскага сельсавета.
Геаграфія
За 9 км на паўночны ўсход ад Брагіна, 35 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 122 км ад Гомеля.
Рака Брагінка, на ўсходзе сетка меліярацыйных каналаў.
Транспартная сетка
Побач аўтадарога, якая злучае Брагін з дарогай Лоеў — Рэчыца.
Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на ўсходзе далучаецца прасталінейная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Старажытнасць
Выяўленае археолагамі гарадзішча (за 3 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Бярозавік, у пойме ракі Брагінка) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў.
Карона Каралеўства Польскага
У пісьмовых крыніцах паселішча ці не ўпершыню згаданае ў 1574 годзе пры раздзеле Брагінскага маёнтку паміж князямі-братамі Аляксандрам Аляксандравічам і Міхаілам Аляксандравічам Вішнявецкімі. Тады «Село Селце з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з лесы, дубровами, чертежами, полями, сеножатми и з гоны бобровыми и ловы зверинными» дасталося князю Аляксандру[2]. На 1581 год, калі маёнткам валодала яго ўдава княгіня Аляксандра (з роду Капустаў) Вішнявецкая, у Сяльцы налічвалася 22 дымы асадных сялян (×6 — прыблізна 132 чалавекі), з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 8 агароднікаў (каля 48 чалавек), з якіх, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4 альбо па 6 грошаў падатку[3]. 29 чэрвеня 1609 года спадчыннікі часткі Брагінскіх добраў князя Аляксандра[upper-alpha 1] яго сын князь Адам і княгіня Аляксандра з Хадкевічаў Вішнявецкія фундавалі ў Сяльцы царкву Святога Спаса і мужчынскі манастыр, якому надалі сяло «Защовъбъе… зо всими доходами и пожытками». Заснаваны таксама манастыр жаночы з царквой Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, на ўтрыманне якога адпісана трэцяя частка прыбыткаў мужчынскага манастыра.
З тэксту ліста ўдавы Крысціны, княгіні Вішнявецкай, Мікалаевай Малінскай, датаванага 24 днём лютага 1632 года, вынікае, што абодва манастыры «на тот час суть спустошалые». І «ку лепшому чынечи розмноженю хвалы Бжои» княгіня аддала іх ігуменні Кіеўскага Узнясенскага Пячорскага манастыра Алімпіядзе з дому Рагозаў Сілічавай, яе дачцэ Марыне «и иншим законницом при них мешкаючым и напотом будучым», а таксама пацвердзіла бацькоўскае наданне на[5]:
Село Защовбе с поддаными и зо всякими ихъ повинностями и послушенством, пожитками и приналежностями… А меновите теж и въ Селцу подданых трох з их кгрунтами, и з деревом бортным, ово зо всякими здавна приналежностями и звычаиными пожитками. Зособна теж до самого манастыра поля робочые и неробочые, сеножати, млынъ и з его вымелками на реце Щовби, также на тои реце волное рыб ловене на язах и иншими посудками, водле старых прыналежностеи звычаев и уживаня до тых манастыровъ належачих. Ничого на себе и на потомки свое тых добръ не имуючы и не зоставуючы…
16 жніўня 1673 года кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі пацвердзіў даўні фундуш манастырам у Сяльцы, што быў у складзе Брагінскага графства, як запісана ў загалоўку граматы, альбо Брагінскага ключа — як у самым тэксце[6]. Згодна з люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 года, 3 дымы ў вёсцы Сялец трымаў пан Ясінскі, а з 6 дымоў (у другі пабор — з 3-х) вёскі Зашчоб’е (wsi Zaszczeblów) «czerniczek Brahińskich[upper-alpha 2]» выплачваліся 3 злотыя [7].
28 чэрвеня 1687 года Сялец названы ў справе Оўруцкага гродскага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтка ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запарожскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 20 яго дварах (каля 120 жыхароў) казакі, у адрозненне ад іншых месцаў, самі не стаялі, размясцілі толькі трох коней на пакорм. Але вяскоўцаў прымусілі справіць ажно 7 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазніцай з двума гарцамі дзёгцю; з іх выбралі здору, гарэлкі, за порах, 20 пар хустаў палатна на ўладкаванне паходных шатроў агулам на 969 злотых, легуміны 44 вядры, аўса 67 вёдраў, 21 кабана (wieprzow), 58 падсвінкаў, 143 кур, 9 баранаў; палкоўніку Шчуроўскаму і сотніку Русановічу далі адпаведна 24 і 6 злотых, каляды — 30 злотых[8].
Пасля смерці ў 1719 годзе апошняга спадчыннага ўладальніка пана серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і шматгадовага знаходжання (яшчэ і пры жыцці нябожчыка) у заставе ў паноў Сілічаў[9], прыкладна з 1733 года Сялец стаў уласнасцю князя Міхала Сервацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта ў тым годзе ці не ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[10]. Лістом ад 14 чэрвеня 1742 года ваявода віленскі, вялікі гетман ВКЛ князь Міхал Сервацы і княгіня Тэкля з Радзівілаў Вішнявецкія пацвердзілі фундуш Сялецкаму манастыру. Гэтым разам — айцам базыльянам[11].
Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Сялец быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[12]. У 1754 годзе з 32 двароў (каля 192 жыхароў) вёскі Сялец Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 5 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 20 злотых. З 5 двароў (≈30 чалавек) у Сяльцы айцоў базыльянаў адпаведна — 22 з паловай грошы і 3 злотых[13]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.
Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у вёсцы Сялец (Sielce) пражывалі адпаведна 6, 3 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагала[14]. Пэўна, на змяншэнне колькасці яўрэяў не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 года, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сялец апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[15].
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 138 жыхароў Сяльца абодвух полаў належалі да прыходу Праабражэнскай царквы[16].
У парэформенны перыяд Сялец належаў да Брагінскай воласці. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Праабражэнскай царквы ў Сяльцы названыя настаяцель а. Андрэй Пяцельчыц, в. а. штатнага псаломшчыка Раман Тучкевіч і звышштатны Аляксандр Мігай. У складзе прыходу, акрамя Сяльца, — вёскі Гарадзішча, Малейкі, Катловіца, Зарэчча, Сцяжарнае, Цюцькі, Крыўча, Пераносы, Юркавічы, Углы, Каманоў, Міхнаўка, Рудня Жураўлёвая, Лубенікі[17]. На 1879 год прыход складалі 1196 мужчынскага і 1119 жаночага полу верных[18]. У 1886 годзе паселішча налічвала 33 двары, 195 жыхароў, дзейнічалі царква і капліца[19]. 31 мая 1890 года, на запрашэнне а. Андрэя Пяцельчыца, прыходскую школу ў Сяльцы наведаў інспектар з Мінска протаіерэй Павел Афонскі, які застаўся задаволены ведамі вучняў[20].
Паводле перапісу 1897 года ў Сяльцы было 44 двары з 283 жыхарамі, існавалі царкоўна-прыходская школа, царква, капліца, вятрак. На 1909 год — 57 двароў, 340 жыхароў[21].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Сялец і Брагін, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[22].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Брагінская воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква далучыла яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі да РСФСР.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Сялецкага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Новы беларус», працавалі 2 вятракі, конная крупадрабілка, 2 гамарні, воўначасальня. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 66 мясцовых жыхароў. У памяць пра загінулых у 1965 годзе ў скверы ўсталявана скульптура салдата.
З 8 студзеня 1954 года Сялец адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласці. У 1959 годзе вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса імя Э. Тэльмана. Працавалі клуб, пачатковая школа, бібліятэка, дзіцячы сад.
Насельніцтва
- 1850 год — 41 двор.
- 1885 год — 195 жыхароў.
- 1897 год — 44 двары, 283 жыхара (паводле перапісу).
- 1908 год — 57 двароў, 340 жыхароў.
- 1959 год — 661 жыхар (паводле перапісу).
- 2004 год — 101 гаспадарка, 261 жыхар.
- 2006 год — 100 гаспадарак, 238 чалавек, з якіх 58 ва ўзросце да 16 гадоў, 109 — у працаздольным і 71 — старэйшым за працаздольны.
Вядомыя выхадцы
- А. І. Шаўчэнка — камісар партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава, якая дзейнічала на Вілейшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны.
- У. П. Чапега — беларускі перакладчык.
Заўвагі
- ↑ Аб’яднаў абедзьве паловы ў сваіх руках князь Іерамія Міхал Вішнявецкі толькі ў 1641 г.[4]
- ↑ Маюцца на ўвазе сялецкія; пра манастыры ў Брагіне звестак няма.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 188
- ↑ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
- ↑ Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007. S. 145, 171
- ↑ Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам. — Минск, 1848. С. 68—71, 166—168
- ↑ Князі Вишневецькі. — Київ, 2016 (2017). С. 213
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. T. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489, 490, 507
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 152
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 284
- ↑ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 694. Воп. 5. Спр. 140. А. 129—132
- ↑ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 720
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 457
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 30
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 111
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1891. № 2. С. 78—80
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 179
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.