Тэльман (Брагінскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Тэльман.
Тэ́льман[1] (трансліт.: Teĺman, руск.: Тельман) — пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Брагінцы. Уваходзіць у склад Малейкаўскага сельсавета.
Размешчаны за 4 км на паўночны ўсход ад Брагіна, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на лініі Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 126 км ад Гомеля.
Гісторыя
Фальварак Гарадзішча і грунт яго згаданыя ў эксплікацыі да карты Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года. У метрычным запісе Астраглядаўскага касцёла за 31 ліпеня 1787 года аб шлюбе Яна Шандэра (Сандэра) з Барбарай Бялінскай месцам пражывання названа менавіта Гарадзішча, хоць і без указання статуса паселішча[upper-alpha 1][2]. Паводле рэвізіі 1795 года, у паселішчах, прыналежных да фальварка Гарадзішча, налічвалася 2 848 душ прыгонных мужчынскага полу[3]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах той жа рэвізіі, вядома, што вёскі Гарадзішча (верагодна, і фальварак), Углы, Каманоў, Сялец, хутар Малейкі, саўладальнікамі якіх былі Людвік і Рафал Алаізі Ракіцкія, у «оренду поступлено капитану Сандеру»[4][upper-alpha 2]. Будучы Двор-Гарадзішча пазначаны побач з аднаіменнай слабадой як фальварак таксама на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года.
Недзе ў пачатку XIX стагоддзя тут, на правым беразе ракі Брагінкі, паўстала рэзідэнцыя графа Людвіка Ракіцкага[upper-alpha 4] з радыяльна-рэгулярным у плане паркам. Аляксандр Ельскі пісаў пра «wspaniały pałac murowany», у якім гаспадар, маршалак Рэчыцкага павета, а пазней маршалак Мінскай губерні, шыкоўна і з густам бавіў свайго жыцця гады [6]. Людвік Ракіцкі, сам музыкант і вялікі знаўца музыкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, займеў выдатны аркестр з сарака музыкантаў; захоўваліся ў тым палацы і колькі твораў мастацтва. У шляхецкай рэвізіі 1811 года ў фальварку Гарадзішча засведчана пражыванне 37-гадовага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[upper-alpha 5], Міхала (16 г.), сына яго брата Рафала[upper-alpha 6], Уладзіслава Аскеркі (17 г.), сына яго сястры Ізабэлы[upper-alpha 7]. Там жа сярод «шляхетства беспоместного», акрамя дварэцкага, эканома, штальмейстара і іншых службоўцаў, названыя «директор музыки» Антоні Скібінскі (43 г.)[upper-alpha 8], «мэтр музыки» Ян Пецэльд (37 г.), «при музыке» Казімір Казлоўскі (57 г.)[upper-alpha 9] і яго сын Антоні (22 г.)[7][upper-alpha 11].
Пад кіраўніцтвам запрошанага ў двор Гарадзішча ў 1814 годзе таленавітага музыканта, кампазітара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага[upper-alpha 12] згаданы аматарскі аркестр дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія з’язджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[9].
20 жніўня 1818 года «jedyne dziecię i jedyna pociecha ojca» Л. Ракіцкага дачка Тэкля і сын Караля Прозара Уладзіслаў узялі шлюб[10], таму рэзідэнцыя з прыналежнымі да яе паселішчамі і ўгоддзямі з цягам часу дасталася роду Прозараў. У снежні 1831 года пан падкаморы рэчыцкі Уладзіслаў Прозар заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[11], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камерцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 20 асоб мужчынскага і 19 жаночага полу з ліку жыхароў фальварка Гарадзішча належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[12].
У парэформенны перыяд паселішча належала да Брагінскай воласці. У 1876 годзе сын і дочкі Мечыслава Прозара Канстанцін, Марыя, Зофія, Станіслава мелі ў дварах Гарадзішча, Астраглядавічы і Савічы разам 31 581 дзесяціну ўгоддзяў; яшчэ ў Гарадзішчы — 2 вадзяныя з гадавым прыбыткам у 1260 рублёў, 1 конны млын (50 р.), 1 вятрак (100 р.), сукнавальню (60 р.), завод па вытворчасці жалеза (70 р.)[13]. У 1886 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын[14]. Паводле спісу землеўладальнікаў Мінскай губерні на 1889 год, уласнікам маёнтка Гарадзішча ў 3730 дзесяцін угоддзяў быў сапраўдны стацкі саветнік Уладзімір Мацвееў Ергольскі[15]. Але ў дадатку «Апісанне сумежных земляў» да плану надзела брагінскіх сялянак Аляксандры і Ганны Сідаравых Лаўрусенкаў, выкананым у 1887 годзе землямерам Вырвічам, засведчана, што маёнтак Гарадзішча належаў Патону[16]. У кнізе “Памяць. Брагінскі раён” без спасылкі на крыніцу сказана, што ў 1890 годзе двор Гарадзішча набыў расійскі аташэ ў Швейцарыі Аскар Пятровіч Патон[upper-alpha 13]. На 1903/1904 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы уладальнік маёнтку Гарадзішча, што ў Брагінскай воласці, спадчынны дваранін Пётр Аскаравіч Патон[17]. У 1913 годзе маёнтак Гарадзішча П. А. Патона складаў 2183 дзесяціны ўгоддзяў[18].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Двор Гарадзішча, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтка, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[19].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Брагінская воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня яна разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.
8 снежня 1926 года Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласць вярнулі БССР. Тады ж утвораны Брагінскі раён. Найболей інтэнсіўна пасёлак Двор-Гарадзішча развіваўся ў 1920-я гады. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Паводле Я. Н. Рапановіча, імя Э. Тэльмана паселішчу нададзена 25 кастрычніка 1934 года[20].
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты забілі 13 жыхароў. Падчас баёў за вызваленне пасёлка ў кастрычніку 1943 года загінулі 6 савецкіх салдатаў, якія пахаваны ў брацкай магіле на могілках. На 2004 год, пасёлак знаходзіўся ў складзе калгаса імя Э. Тэльмана (цэнтр — вёска Сялец); працавалі клуб, крама.
Насельніцтва
- XX стагоддзе: 1909 год — у фальварку Гарадышча (Городыще) 1 двор, 17 жыхароў[21].
- XXI стагоддзе: 2004 год — 57 гаспадарак, 177 жыхароў; 2006 год — 55 гаспадарак, 169 чалавек, з якіх 50 ва ўзросце да 16 гадоў, 75 — у працаздольным і 44 — старэйшым за працаздольны; 2009 год — 133 жыхары[22]; 2021 год — 107 жыхароў[23].
Забудова
Планіроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Хойнікі.
Славутасці
У канцы XVIII стагоддзя тут быў закладзены парк, які меў характэрныя прыметы барочнага паркабудавання. У планіровачную структуру парка арганічна ўключана рака, па беразе якой праходзіць алея. Растуць ліпа, клён, граб, дуб, вяз, вярба.
- Парк з рэшткамі сцяны сядзібы Ракіцкіх[upper-alpha 15] (канец XVIII стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000121шыфр 313Г000121
Вядомыя асобы
- Людвік Міхалавіч Ракіцкі (1774 — каля 1828) — рэчыцкі павятовы маршалак 1802—1811, мінскі губернскі маршалак 1811—1814
- Юзаф Даміянавіч Дашчынскі (1774, Вільня — 1844, двор Астраглядавічы[24]) — піяніст, кампазітар, дырыжор, кіраўнік аркестра.
Заўвагі
- ↑ Але наўрад ці пан арандатар жыў у вёсцы Гарадзішча, хутчэй у фальварку.
- ↑ Ян Сандэр, капітан «польской службы», уладальнік у Рэчыцкім павеце 53 сялянскіх душ (гл.: Кондратьєв Ігор. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 307, 310).
- ↑ Менш як праз тры тыдні, ва ўзросце 19 гадоў, пакінула свет жывых ў выніку пасляродавай гангрэны; 26 студзеня пахавана на Сялецкіх могілках (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 245).
- ↑ У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзідэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[5].
Найраней pałac Horodyszcze згаданы 5 студзеня 1799 г. у метрычных кнігах царквы Сялецкага базыльянскага кляштару ў запісе аб хросце Тэклі Юзафаты Антаніны, дачкі Людвіка і Ганны з Плятэраў[upper-alpha 3] Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касцёла. Кумамі былі кашталяніч менскі Рафал Ракіцкі з Брагіня і Тэкля з Сівакоўскіх Валовічава, шамбэлян Ксаверы Валовіч з Холмеча і Барбара Сандэрава, падстараста судовы рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Антаніна Сандэраўна, лоўчы рэчыцкі Андрэй Солтан і Казімера Забэлаўна з Гарадзішча (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 3адв.). Але ў датаваным днём раней, 4 студзеня 1799 г., запісе ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198) усё пададзена яшчэ не гэтак урачыста: і дзяўчынка названая адно Тэкляй, і кумамі ў той дзень была адна толькі пара — Ігнацы Аскерка і Тэкля Валовічава, і самы хрост адбыўся ў маёнтку Гарадзішча (in praedio Horodyszcze; пэўна, тут маем адпаведнік іншаму лацінамоўнаму выразу — in aula (у двары)). Увогуле, найчасцей ужываўся тэрмін «двор». Пазней жа, у 1812 (14 студзеня ўпершыню), 1815, 1818 – 1822 гг. колькі разоў згаданы «zamek Horodyski» альбо «zamek Horodyszcze» (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 47адв., 59адв., 60адв.,72адв.-73, 75, 77адв., 79адв.-82адв.). Магчыма, акрамя знаходжання на даўнім гарадзішчы з валамі (што могуць высветліць хіба спецыялісты-археолагі), той нібыта Вішнявецкіх замкавы мур, урэшце атачыўшы палац, часам і выклікаў у святароў Актавіяна Даўгерда і Максіміліяна Эйсманта жаданне называць яго «замкам».
- ↑ 5 жніўня 1774 г. ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім прэсбітэрам Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 г. з усімі ўжо касцёльнымі цырымоніямі – айцом Эгідыюшам Піатроўскім, вікарыем Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 160).
- ↑ Спачыў 14 мая 1802 г. у фальварку Людамонт Мінскага павета, пахаваны на Кальварыйскіх могілках (Минские губернаторы, etc. С. 212).
- ↑ Паводле метрычнага запісу Юравіцкага касцёла, пайшла з жыцця 13 мая 1794 г., пасля нараджэння сына; была парафіянкай касцёла ў Астраглядах, пахаваная ў Рудакове (НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97).
- ↑ Антоні, сын Яна, Скібінскі, рыма-католік, на 1814 год названы ў сялецкіх метрыках канюшым, на 1816 год маршалкам двара Гарадзішча, згаданы і ў 1825 годзе (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 58, 66адв., 94адв.). Памёр 20 снежня 1844 г. у Малейках (НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 36адв.).
- ↑ Капельмейстар двара Гарадзішча Казімір Казлоўскі вядомы яшчэ ад 24 жніўня 1802 года з метрычнага запісу Сялецкага кляштара аб хросце яго і Барбары з Скрычэўскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касцёла, дачкі Разаліі Эльжбэты Юзэфы (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 16адв.).
- ↑ Антоні Гаўсман з жонкай Марыянай, медыкі (konsyliarze medycyny) двара Гарадзішча, рыма-католікі, у метрычных запісах Сялецкага кляштару згаданы ў 1816 і 1819 г. (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 67, 75, 76).
- ↑ У сувязі з пражываннем у двары Гарадзішча музыкантаў, бацькі і сына Казіміра і Антонія Казлоўскіх, варта задацца пытаннем: а ці наведваў тутэйшую сядзібу, браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму менавіта Юзаф, сын Антонія, Казлоўскі, знакаміты кампазітар (гл.: Восіп Антонавіч Казлоўскі)? Тэму пачала В. Дадзіёмава; наведванні тыя, канешне, вельмі верагодныя. Але Міхал Ельскі згадаў толькі доктара Гаўсмана[upper-alpha 10] і Казлоўскага, якія прызнаныя першымі скрыпкамі ў аркестры Л. Ракіцкага, а значыць былі сталымі яго музыкантамі. І хто той Казлоўскі? Можна дапусьціць, што бацька і сын даводзіліся адпаведна старэйшым братам і пляменнікам Юзафу. Ці мо нехта з іх даў колькі ўрокаў К. Ельскаму?.. Акрамя таго. А. Ахвердава, а потым і В. Дадзіёмава ў сваіх працах напэўна ж адвольна лакалізавалі Гарадзішча «пад Мінскам». І хоць С. Немагай тое ў свой час абвергла (Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага – помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21), расійская даследчыца А. Лебедзева-Ямеліна паспрабавала яшчэ неяк і ўдакладніць месцазнаходжанне сядзібы Л. Ракіцкага: «вблизи Минска (то есть, по дороге из Пропойска в Залесье Огинских)…» і «Городищи Ракицких отстоят от Дудичей Ельских на приличное расстояние (около 80 км)!» (А. Лебедева-Емелина. Осип Козловский » белорус? (Новое о композиторе) // Старинная музыка. 2015. № 2 (68). С. 9). Здагадка пра «по дороге…» А. Лебедзевай-Амелінай – штучная. І адлегласць паміж маёнткамі Ракіцкага і Ельскага была ў чатыры разы большая. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на працу якога, акрамя іншых, спасылалася і С. Немагай (Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169 – 171; № 23. S. 180 – 182), як і брат-энцыклапедыст Аляксандр, дакладна ведаў, што двор Гарадзішча маршалка Л. Ракіцкага месціўся ў Рэчыцкім павеце, а настаўнікамі іх бацькі ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі (S. 181, 182).
- ↑ Юзаф, сын Даміяна, Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пенсію (ад 24 ліпеня 1828 г. дажыццёвае права на валоданне вёскай Пясочанка з сялянамі[8]), жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў, да апошніх дзён. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям — графу Людвіку Ракіцкаму і ягонай дачцэ Тэклі Прозар. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны паланез» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя творы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу.
- ↑ Вартае ўвагі тое, аднак, што А. П. Патон, паводле ўспамінаў сына Яўгена (Патон Е. О. Воспоминания. Литературная запись Ю. Буряковского. – Київ: Державне видавництво художньої літератури, 1933. С. 5, 12), быў знаёмы «по службе» з найталенавітым інжынерам Станіславам Валерыянавічам Кербедзем, які ўжо ў 1883 г. стаў уладальнікам маёнтку Брагін, пазней перайшоўшым да сына Міхала (гл. Брагін).
- ↑ Выглядае, што звязаная з гэтым валуном мясцовая “легенда” пра рамантычнае спатканне Ілжэдзмітрыя з Марынай Мнішак нават не ў Брагіне (што таксама было б фантасмагорыяй), а менавіта тут, з’явілася пад уплывам вершу “В Городище есть преданье:_У реки, где панский сад_Были встречи и свиданья_Много лет тому назад…” (поўны тэкст гл.: Памяць. Брагінскі раён. — Мінск, 2003. С. 47). Сам жа верш, дзеля забавы, мог скласьці не пазбаўлены мастацкага густу чалавек са службы П. А. Патона ў познім двары Гарадзішча альбо, — і гэта падаецца больш верагодным, — нехта з абазнаных у расійскай гісторыі паэтаў ужо савецкіх часоў. У кожным выпадку, натхненне выклікана сюжэтам, напрыклад (бо ёсць і іншыя), як у гравюры С. Ф. Галакціёнава “Марина Мнишек и Дмитрий Самозванец в саду Самборского замка” пачатку XIX ст.
- ↑ Назва паводле Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь – Парк з рэшткамі сцяны замка Вішнявецкіх. Але пры князях Вішнявецкіх (малодшая галіна роду, XVI ст. — пачатак 1670-х гг., і пасля немалога перапынку Міхал Сервацы са старэйшай галіны і апошні з мужчын у родзе, 1730-я — 1740-я гг.; гл. Брагін) у Гарадзішчы не было мураванага замка і нават драўлянай панскай сядзібы. На 1609 год ёсць звестка пра дарогу гарадзішчаўскую, 1742 і 1750 — пра млыны, 1754 — пра дзве халупы (хаты) у вёсцы Гарадзішча (гл. Гарадзішча). На здымку, верагодна, — рэшткі сцяны ў комплексе мураваных збудаванняў вялікапанскай сядзібы маршалка Людвіка Ракіцкага, якая з цягам часу перастала быць патрэбнай наступным уладальнікам і яе пачалі разбіраць, магчыма, яшчэ ў канцы XIX ст.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 211-211адв.
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72, 74
- ↑ Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016 (далей: Минские губернаторы, etc.). С. 211
- ↑ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. T. III. S. 143
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 77, 206
- ↑ НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
- ↑ А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65).
- ↑ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. – Poznań, 1895. Rocznik XVII. S. 151 – 152
- ↑ НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 831. А. 9
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв.
- ↑ Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 61
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 5. — С.-Петербург, 1886. С. 111
- ↑ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 368
- ↑ НГАБ. Ф. 1477. Воп. 1. Спр. 2620
- ↑ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
- ↑ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 110 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск: Навука і тэхніка, 1986. С. 58, 168
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 43
- ↑ Насельніцтва Гомельскай вобласці па выніках перапісу 2009 года (руск.)
- ↑ Малейкаўскі сельскі савет
- ↑ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. — С. 112
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тэльман (Брагінскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.