Трабы
Тра́бы[1] (трансліт.: Traby, руск.: Трабы) — аграгарадок у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Трабскага сельсавета.
Геаграфія
Знаходзяцца за 34 км на паўночны ўсход ад горада Іўе, за 185 км ад Гродна, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі, на аўтамабільнай дарозе Юрацішкі — Ашмяны.
Гісторыя
Паводле падання, зафіксаванага ў другой рэдакцыі Літоўскай Хронікі, Трабы заснаваныя літоўскім князем Трабусам альбо Трубасам, які пабудаваў тут замак. Вядомыя з XV стагоддзя. Уладанне князёў Гальшанскіх. У 1490—1498 гадах Трабы паступова перайшлі ва ўладанне ваяводы троцкага Альбрэхта Марцінавіча Гаштольда, унука княгіні Марыі Сямёнаўны з Гальшанскіх (дачкі Сямёна Трабскага).
У 1534 годзе быў пабудаваны касцёл, адкрыта прыватная свецкая школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі ва ўласнасць вялікага князя Жыгімонта Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У Трабах знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя, праходзілі з’езды. З 1558 года — цэнтр староства, першы староста Станіслаў Пац. У 1550 годзе — 33 дымы, 7 службаў, у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У 1690 годзе належалі Е. Шымковічу, старосту трабскаму. Пазней уладальнікамі мястэчка былі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 — Дамінік Нарбут. У 1784 годзе пабудавана драўляная царква. У сярэдзіне XIX — пачатку XX стагоддзя мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1-й палове XIX працавалі суконная мануфактура (у 1813 годзе — 156 рабочых) і металаапрацоўчая майстэрня (у 1828 годзе — 5 рабочых). Мясцовыя жыхары акрамя земляробства займаліся ганчарным, суконным і іншымі рамёствамі, дробным гандлем. У 1851 заснавана сельскае вучылішча (у 1861 годзе — 45 вучняў). У 1885 годзе — 57 двароў, 143 жыхары, 14 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, школа, яўрэйская школа, 12 крам, вадзяны млын, двойчы на год праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе — 176 двароў, 1083 жыхары, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўрэйская школа, народнае вучылішча, 2 хлебазапасныя магазіны, аптэка, вадзяны млын, 5 тытунёвых крам, 15 крам дробнага тавару, 4 піўныя дамы, штотыднёвыя таргі, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У народным вучылішчы ў 1897 годзе вучыліся 67 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, у 1903 — 93 хлопчыкі і 7 дзяўчынак. У 1905 годзе — 1080 жыхароў, 1264 дзесяціны зямлі. У 1915—1918 акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі.
У 1921—1939 гадах у складзе Польшчы. Мястэчка з’яўлялася цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1921 годзе — 176 двароў, 981 жыхар. З 12 кастрычніка 1940 года мястэчка (275 двароў, 1340 жыхароў) цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. Працавалі млын, ваўначоска, 7-гадовая школа, магазін. У час Вялікай Айчыннай вайны акупіравана з 26 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 года, часткова спалена. З 20 студзеня 1960 года ў Іўеўскім раёне. У сакавіку 1960 года на базе дробных калгасаў быў створаны саўгас «Трабы». У 1970 годзе — 870 жыхароў.
Сучаснасць
Вёска Трабы — цэнтр аднайменнай аграфірмы-калгаса. Працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, Дом быта, сталовая, ветэрынарная лячэбніца, дзіцячы сад, 5 магазінаў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1866 — 499 чал., з іх 159 праваслаўных, 65 каталікоў, 275 іўдзееў; 1882 — 1238 чал. (599 муж. і 639 жан.)[2]; 1897 — 1083 чал[3].
- XX стагоддзе: 1905 — 1080 чал.; 1923 — 981 чал[4]; 1940 — 1340 чал.; 1970 — 870 чал.; 1999 — 929 чал.; 2000 — 842 чал.
- XXI стагоддзе: 2002 — 816 жыхароў у 355 дварах[5].
Славутасці
Страчаная спадчына
- Сінагога
Вядомыя асобы
- Сямён Аляксандравіч Клінцэвіч — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст[6]
- Пётр Аляксандравіч Гарбацэвіч-Клінцэвіч (1903—1938) — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, навуковец.
- Освальд-Ян Лявонавіч Бекіш — вучоны-імунолаг. Доктар біялагічных навук (1973), прафесар (1978).
- Пётр Якаўлевіч Юргелевіч (1894—1973) — беларускі мовазнавец, педагог.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Traby // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 441
- ↑ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна / рэд. Крэнь І.П. — Мн: БЕЛТА, 2002.
- ↑ Марат Батвіннік. Трабы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 517.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо.
- ↑ Клінцэвіч Сямён Аляксандравіч
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум хроніка Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці — Мн.: Белта, 2002.
- Traby // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 441
- Марат Батвіннік Трабы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 517.
- Трабы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8. — С. 495.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Трабы
- Трабы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Фотаздымкі на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.