Туніс (горад)
Туніс (араб. تونس) — сталіца і найбуйнейшы горад Туніса, цэнтр аднайменнага вілаета. Насельніцтва складае 1 200 000 чалавек (2008). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт (з аванпортам Хальк-эль-Уэд). Міжнародны аэрапорт. Галоўны эканамічны і культурны цэнтр краіны. Прамысловасць: харчасмакавая, металаапрацоўчая, тэкстыльная, цэментная; каляровая металургія. Мастацкія рамёствы.
Гісторыя

Як антычнае паселішча вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э. У 7-2 стагоддзях да н.э. пад уладай Карфагена, з 2 стагоддзя да н.э. — Рыма. У 5 стагоддзі н.э. заваяваны вандаламі, у 6 стагоддзі — візантыйцамі, у 669 годзе — арабамі (называўся Тунус) і ўваходзіў у склад арабскіх дзяржаў Паўночнай Афрыкі. З 13 стагоддзя сталіца ўсходнемагрыбскай дзяржавы Хафсідаў; буйны цэнтр рамесніцтва, гандлю і навукі. У 1535 годзе захоплены і разрабаваны іспанцамі. З 1574 года пад уладай Асманскай імперыі, галоўны горад яе туніскай правінцыі. Перасяленне ў 17 стагоддзі з Іспаніі маўраў садзейнічала далейшаму росквіту ў Тунісе гандлю і рамесніцтва. У 18 стагоддзі Туніс — рэзідэнцыя правіцеляў дынастыі Хусейнідаў. У 1881 годзе захоплены французскімі войскамі, адміністрацыйны цэнтр французскага пратэктарату Туніс (1883—1956). У 1942-43 гадах акупіраваны італа-германскімі войскамі. Пасля Другой сусветнай вайны цэнтр нацыянальна-вызваленчага руху. З 1956 года сталіца незалежнай дзяржавы Туніс.
Клімат
Клімат Туніса блізкі да міжземнаморскага. Лета гарачае і сухое, але меней спякотнае, чым у пустынях, а зіма дажджлівая і халаднаватая.
| Клімат Туніса | |||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
| Сярэдні максімум, °C | 15,7 | 16,5 | 18,1 | 20,7 | 24,9 | 29 | 32,6 | 32,7 | 29,7 | 25,2 | 20,5 | 16,7 | 23,52 |
| Сярэдняя тэмпература, °C | 11,5 | 12 | 13,2 | 15,6 | 19,3 | 23,2 | 26,3 | 26,8 | 24,4 | 20,4 | 15,9 | 12,5 | 18,4 |
| Сярэдні мінімум, °C | 7,2 | 7,4 | 8,3 | 10,4 | 13,7 | 17,3 | 20 | 20,8 | 19 | 15,5 | 11,3 | 8,2 | 13,3 |
| Норма ападкаў, мм | 59 | 57 | 47 | 38 | 23 | 10 | 3 | 7 | 33 | 66 | 56 | 67 | 466 |
Архітэктура
Ад гарадскіх сцен (IX стагоддзе, XIII-XIV стагоддзі) захаваліся каменныя вароты Баб аль-Джадыд (1276), Баб аль-Менара (XIII стагоддзе), рэшткі сцен касбы (цытадэлі). У Старым горадзе (медзіне) знаходзяцца: мячэці Вялікая («Мячэць аліў», 732, перабудавана ў 9 стагоддзі), аль-Ксар (каля 1106, мінарэт 1647), аль-Хаўа, ці Таўфік (XIII стагоддзе), аль-Халік (1375), Меласін (1435), Юсуф Дэя (1616, медрэсэ 1677); маўзалей-куба Бені Харасан (1093); рынкі 13 і 14 стагоддзяў; палацы 18-19 стагоддзяў. Вакол сярэдневяковага горада кварталы пазнейшай забудовы: паштамт (1893, архітэктар А.Саладэн), дзелавыя будынкі, жылыя дамы, вілы; косплекс універсітэта, Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, гатэль «Афрыка». Стары горад унесены ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Адукацыя і культура
Універсітэт. Нацыянальны музей. Музей Бардо (Алауі)
Гарады-пабрацімы
Адносіны пабрацімства ўсталяваны паміж Тунісам і наступнымі гарадамі[2]:
Аман, Іарданія
Джыда, Саудаўская Аравія
Доха, Катар
Кёльн, Германія
Кувейт, Кувейт
Лісабон, Партугалія
Марсель, Францыя
Маскат, Аман
Манрэаль, Канада
Масква, Расія
Парыж, Францыя
Прага, Чэхія
Рабат, Марока
Рым, Італія
Стамбул, Турцыя
Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія
Сант’яга, Чылі
Стакгольм, Швецыя
Ташкент, Узбекістан
Трыпалі, Лівія
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
Зноскі
- ↑ http://census.ins.tn/sites/default/files/pdf_actualites/depliant-rgph2014_v2_0_0.pdf
- ↑ Cooperation internationale(фр.) . commune-tunis.gov.tn. — Cooperation et jumelage. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2014. Праверана 22 лютага 2014.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Туніс (горад)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.