wd wp Пошук:

Уласы (Хойніцкі раён)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Уласы.

Уласы́[1] (трансліт.: Ulasy, руск.: Уласы) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Межавала з урочышчам Тужыр. У сувязі з радыяцыйным забруджваннем пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі (69 сем’яў) пераселены ў экалагічна бяспечныя мясціны.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Герб «Бонча» роду Харлінскіх

Найранейшая з вядомых на сёння згадак пра паселішча датаваная 26 днём чэрвеня 1600 года, калі падкаморы кіеўскі Шчасны Харлінскі адпісаў свайму сыну Мікалаю Астраглядавіцкі двор з прыселкамі, 13 сёл, сярод якіх Уласы (Ułasy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве. 14 мая 1618 года пан Мікалай Харлінскі запатрабаваў у судзе ад паноў Самуэля Гарнастая, як дзедзіча, і Стэфана Нямірыча, як дзяржаўцы, вярнуць падданых, збеглых з Уласоў, Астраглядавічаў, Хойнікаў, Стралічава, Багушоў[заўв 1] да добраў Гарнастайпаль і Самуэльпаль. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хвойнікі, Краснаселле, Уласы (яшчэ названыя 19 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[2].

Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамоганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[заўв 2] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Уласамі) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[3]. Увогуле вёска альбо хутар Уласы да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — панам Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

Паводле тарыфа падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года 6 дымоў у вёсцы Уласы трымалі[заўв 3] астраглядаўскія айцы дамініканы[5]. Інвентар 1698 года засведчыў, што жыхары Уласоў — Васіль Калечук, Міхед Іванчанка, Яцка Астапенка, Цімох Мелючэнка, Грышка, Хведараў сын, — з 5 сваіх гаспадарак не паасобку, але як і краснасельцы, грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтка князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 30 злотых чыншу, даніны мядовай 5 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасці на карысць двара Астраглядаўскага. Такія самыя памеры чыншу і даніны мядовай запісаныя ў рэвізіі 1716 года. У 1721 годзе ўласоўцы выплачвалі 15 злотых чыншу і аддавалі 5 бельцаў мёду[6].

Згодна з тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павета 1734 года, Уласы разам з 16 іншымі паселішчамі (акрамя Багушоў, прыналежных астраглядаўскай плябаніі) Хойніцкай воласці былі ўласнасцю князя Ігнацыя Шуйскага[7]. У 1754 годзе з 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) вёскі Уласы князёў Шуйскіх «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 зл. і 6 гр.[8]

Яўрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў вёсцы Уласы пражывалі адпаведна 3 і 2 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[9].

Расійская імперыя

Уласы на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.
Герб уласны роду Прозараў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уласы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[10]. Паводле рэвізіі 1795 года, ва Уласах налічвалася 13 двароў з 30 прыгоннымі мужчынскага і 30 жаночага полу. Разам з Краснаселлем вёска за 32 000 злотых была аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыэля, Крушэўскай[11].

14 лютага 1811 года Людвіка Прозар пісьмова засведчыла шляхцічу Паўлу Жукоўскаму права на 6-гадовую арэнду фальварка Аркадзія з усімі прылегласцямі[12]. З інвентара 1844 года маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварка Аркадзія належала вёска Уласы[13]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 113 жыхароў вёскі Уласы з’яўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў Масанах[14].

У парэформенны перыяд Уласы належалі да Дзёрнавіцкай воласці. На пачатак 1870 года ў вёсцы — 60 мужчынскіх душ з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да Уласоўскага сельскага таварыства[15].

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Уласы — 43 двары, 158 жыхароў, хлебазапасны магазін. На 1909 год паселішча налічвала 55 двароў, 396 жыхароў[16].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Уласы ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[17].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Уласы, Масаны і Баршчоўка на карце генштаба РСЧА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 вёска — цэнтр Уласоўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года Уласоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавала ваўначоска. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ва Уласах было 120 двароў з 432 жыхарамі. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і знішчылі 154 жыхароў[18]. 70 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года Уласы — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 267 жыхароў, уваходзіла ў склад калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — вёска Радзін). 25 снежня 1962 года Уласы ўвайшлі ў склад Хойніцкага раёна.

20 лютага 1964 года Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавета[19]. У яго складзе вёска Уласы заставалася да 8 студзеня 1987 года, калі ўвайшла ў склад Стралічаўскага сельсавета[20].

Заўвагі

  1. Да названых украінскіх маёнткаў пана С. Гарнастая мог збегчы хіба нехта з ўласоўцаў (для іх паўднёвыя мясціны бліжэй), таму невялічкая вёска і названая першай у спісе. Астатніх уцекачоў падаўца скаргі «скіраваў» туды меркавана.
  2. 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродcкім судзе.
  3. Магчыма, у заставе ад князя Канстанціна Яна Шуйскага, альбо яшчэ на якіх умовах.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 241, 637
  3. Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59
  4. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  6. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 127, 133, 143
  7. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285—286
  8. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 188
  9. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391
  10. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  11. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 264—265. Спр. 181. А. 99, 248, 259
  12. АGAD. АРіJ. Sygn. 14. S. 8
  13. НГАБ. Ф. 142. Воп.1 Спр. 1481. А. 40 і наст.
  14. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 682
  15. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
  16. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 206
  17. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  18. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36, 503
  19. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 20 лютага 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 21 (1061)
  20. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be