wd wp Пошук:

Швянчоніс

Швянчоніс (літ.: Švenčionys), традыцыйная беларуская назва — Свянця́ны (афіцыйная да 1940) — горад у сучаснай Літве, адміністрацыйны цэнтр Швянчоніскага раёна Вільнюскага павета. Насельніцтва 4 065 чалавек (2020). Знаходзяцца за 6 км ад літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы, за 60 км на ўсход ад Вільнюса; аўтамабільныя дарогі звязваюць горада з Вільнюсам, Зарасаем, Лынтупамі.

Свянцяны — даўняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны) і Нальшанскага края[2]. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй горада належыць да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштайція.

Назва

Паходжанне тапоніма «Свянцяны» звязваюць са святым гаем, на месцы якога альбо побач з якім узнікла першае пасяленне[2].

Гісторыя

Упершыню Свянцяны ўпамінаюцца ў ХV стагоддзі. Паселішча ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і стаяла на шляху да Полацка і Віцебска. У Свянцянах знаходзіўся палац вялікага князя Вітаўта, па загаду якога тут збудавалі першы касцёл. Апрача таго, Вітаўт запрасіў у горада татар.

Росквіт Свянцян прыйшоўся на другую палову XVXVI стагоддзі. У 1486 годзе вялікі князь Казімір Ягелончык надаў гораду Магдэбургскае права. З 1565 года ў Свянцянах мясціўся земскі суд. У 1633 годзе ў ваколіцах горада заснавалі францысканскі кляштар.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Свянцяны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, спачатку у Літоўскай губерні, потым у Віленскай губерні. З 1795 года Свянцяны — цэнтр Завілейскага павета, які ў 1842 годзе быў перайменаваны ў Свянцянскі павет.

Падчас вайны 1812 года ў месце спыняўся Напалеон.

Свянцяны былі галоўным апорным пунктам у часы паўстання (1830—1831). 22 сакавіка 1860 года з’явіўся праект гарадскога герба: «у блакітным полі дзве сярэбраныя рыбы з чырвонымі вачыма і плаўнікамі»[3]. У канцы XIX стагоддзя ў Свянцянах дзейнічалі праваслаўная і стараверская цэрквы, касцёл, 6 сінагог і яўрэйскіх малітоўных дамоў; працавалі гарадская, прыходская, 2-класная яўрэйскае вучылішча і талмуд-тора. Акрамя таго, у месце была бальніца[4].

Свянцяны (паштоўка, 1915).

У час Першай сусветнай вайны германскія войскі 9 верасня 1915 года пачалі Свянцянскі прарыў, рускі фронт абрынуўся, і горад быў акупаваны. Пад канец 1918 года Германія пацярпела паразу ў вайне. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Свянцяны ўключаны ў склад Беларуская ССР як цэнтр павета («падраёна»)[5]. Неўзабаве горад занялі польскія войскі, у далейшым Свянцяны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы (1920), а з 1922 года — у міжваеннай Польскай Рэспубліцы. 20 кастрычніка 1933 года да Свянцян далучылі населены пункт з аднайменнай гміны — засценак Лігумы (мясцовая назва — Падлігумы)[6].

Пасля падзей верасня 1939 года Свянцяны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, атрымаўшы статус раённага цэнтра Вілейскай вобласці. Аднак 1—2 кастрычніка 1940 года ўрад СССР перадаў горад Літоўскай ССР.

Цягам 1941—1944 гадоў Швянчоніс знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. За гэты час гітлераўцы знішчылі 4 тыс. яўрэяў. 20 мая 1942 года немцы забілі каля 400 жыхараў, у большасці палякаў[7].

У 1994 годзе ў Швянчонісе ўтварыліся дзве беларускія суполкі: Беларускае таварыства Свянцянскага раёна (старшыня Ніна Сусвіла) і Свянцянскае аддзяленне ТБК, якое ў 1997 годзе аб’ядналася з Беларускім таварыствам Свянцянскага раёна[8].

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1867 — 5994 чал.; 1880 — 6795 чал., з іх паводле веры: 880 старавераў, 813 каталікоў, 613 праваслаўных, 2 евангелісты, 4480 юдзеяў; паводле стан, сацыяльная група стану: 377 шляхты, 16 духавенства, 43 ганаровых грамадзян і купцоў, 5775 мяшчан, 75 сялян, 464 ваенных, 39 інш.[9]; 1900 — 6322 чал.[4]
  • XX стагоддзе: 1941 — 5,9 тыс. чал.; 1970 — 4560 чал.; 1979 — 5284 чал.; 1989 — 6469 чал.; 1990 — 6,6 тыс. чал.[10]
  • XXI стагоддзе: 2001 — 5684 чал.; 2009 — 5562 чал.; 2020 — 4065 чал.[11]

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці, швейная фабрыка і фабрыка перапрацоўкі лекавых раслін.

Культура

Дзейнічае Нальшанскі музей (колішні Свянцянскі краязнаўчы).

Славутасці

  • Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты)
  • Каплічка прыдарожная
  • Касцёл Усіх Святых (1898)
  • Могілкі
  • Царква Св. Мікалая (1898)

Страчаная спадчына

  • Капліца могілкавая
  • Сінагога

Галерэя

  • Краявіды Свянцян
  • Касцёл Усіх СвятыхКасцёл Усіх Святых
  • Касцёл Усіх Святых, інтэр'ерКасцёл Усіх Святых, інтэр’ер
  • Царква Св. МікалаяЦарква Св. Мікалая
  • Стараверская царкваСтараверская царква

Гарады-пабрацімы

Вядомыя асобы

Крыніцы

  1. Resident population by city / town at the beginning of the yearStatistics Lithuania, 2019. Праверана 19 чэрвеня 2022.
  2. 1 2 Уладзімір Міхневіч. Свянцяны — убачыць святыя гаі на ўласныя вочы // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 28 лютага 2009
  3. Свянцяны // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  4. 1 2 Свенцяны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  5. У якіх межах былі абвешчаны Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? Архівавана 12 снежня 2007. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  6. Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 12 października 1933 r. o zmianie granic miasta Święcian w powiecie święciańskim, województwie wileńskiem, Dz. U. Nr 81, poz. 587 Архівавана 10 сакавіка 2016. (польск.)
  7. Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 92.
  8. Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў (Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г.) Архівавана 7 кастрычніка 2008. / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — 312 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 17). ISBN 985-6638-15-1.
  9. Święciany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 683.
  10. Швенченис // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  11. vle.lt

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Вільнюскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Швянчоніскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Літвы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be