wd wp Пошук:

Анкарыдж

А́нкарыдж (англ.: Anchorage, МФА ‘æŋk(ə)rɪʤ) — горад у ЗША, размешчаны ў паўднёвай частцы штата Аляска. У Анкарыджы пражывае звыш 291 тыс. чалавек (2010), гэта самы паўночны горад у ЗША сярод гарадоў з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек. З’яўляецца найбуйнейшым горадам на Алясцы. 42 % насельніцтва штата пражывае ў Анкарыджы, толькі Нью-Ёрк мае большы працэнт жыхароў, якія пражываюць у найбуйнейшым горадзе штата. Буйны транспартны вузел (порт).

Гісторыя

Расійскае прадстаўніцтва на Алясцы было ўсталявана ў XIX стагоддзі. У 1867 годзе дзяржаўны сакратар ЗША У. Сьюард заключыў здзелку аб куплі Аляскі ў Расійскай імперыі за 7,2 мільёна долараў (у разліку прыкладна 2 цэнты за акр). Здзелка была іранічна названа палітыкамі і простым народам «вар’яцтвам Сьюарда» і «маразілкай Сьюарда».

У 1912 годзе Аляска стала адной з тэрыторый ЗША. Анкарыдж, у адрозненне ад любога іншага горада на Алясцы на поўдзень ад Ланцуга Ручаяў, ніколі не быў ні рыбалоўчым, ні горназдабыўным цэнтрам. Раён на дзясяткі міль вакол Анкарыджа з’яўляецца бясплодным участкам зямлі, на якім адсутнічаюць якія-небудзь важныя для эканомікі рэгіёна радовішчы карысных выкапняў.

Сваім узнікненнем горад абавязаны збегу акалічнасцей. У 1914 годзе месца, дзе знаходзіцца сучасны Анкарыдж, было абрана для заснавання там чыгуначнага цэнтра. Гэты цэнтр павінен быў пабудаваць Аляскінскую чыгунку. Чыгунка была пабудавана за 9 гадоў з 1915 па 1923 гады. Месца, дзе размяшчаўся штаб чыгункі, хутка стала намётавым гарадком пад назвай Шып-Крык (Ship Creek). Менавіта там і быў заснаваны Анкарыдж 20 лістапада 1920 года.

Эканоміка горада ў 1920-я гады асноўвалася на функцыянаванні чыгункі. У перыяд Другой сусветнай вайны Анкарыдж моцна развіўся з-за паветраных транспартаванняў грузаў і ваеннай тэхнікі. Менавіта тым часам ваеннае значэнне горада стала ўсё больш важным. У 1930 годзе быў пабудаваны аэрадром Мерыл Філд, названы ў гонар піянера авіяцыі на Алясцы Расела Мерыла. У 1951 годзе быў адкрыты Міжнародны аэрапорт Анкарыджа. Таксама ў 1940-я гады была пабудавана база ВПС ЗША «Эльмендорф», названая ў гонар капітана Х’ю Эльмендорфа.

27 сакавіка 1964 года ўсю Аляску патрэсла землетрасенне, у выніку якога загінула 115 чалавек і была прычынена шкода на суму 1,8 мільярдаў долараў (па курсе 2007 года). Гэта землетрасенне стала наймацнейшым землетрасеннем у гісторыі ЗША і другім у гісторыі назіранняў. Яго магнітуда склала 9,1—9,2 бала. Аднаўленне разбурэнняў, прычыненых катастрофай, адбывалася большую частку 1960-х гадоў.

Від на порт.

У 1968 годзе была знойдзена нафта на радовішчы Пруда-Бей, на беразе Ледавітага акіяна, што прывяло да бурнага развіцця горада з-за нафтавага буму. У 1970-я і 1980-я гады Анкарыдж працягвае бурна развівацца, праводзяцца актыўныя кампаніі па добраўпарадкаванні і паляпшэнні знешняга выгляду горада.

Геаграфічнае становішча

Анкарыдж размешчаны ў Паўднёвай частцы Цэнтральнай Аляскі. Размяшчаючыся на 61 градусе паўночнай шыраты, горад знаходзіцца трохі на поўнач ад Осла, Хельсінкі, Стакгольма і Санкт-Пецярбурга, але значна на поўдзень ад Рэйк’явіка ці Мурманска. Горад размешчаны на паўночны ўсход ад Аляскінскага паўвострава, вострава Кадзьяк і заліва Кука, на поўнач ад паўвострава Кенай, на паўночны захад ад праліва Прынца Вільгельма, Паўднёва-Усходняй Аляскі і на поўдзень ад найвышэйшай гары Паўночнай Амерыкі.

Клімат

Анкарыдж красавіцкім вечарам 2008 года.

Дзякуючы ўплыву цёплага Аляскінскага цячэння — галіны Паўночна-Ціхаакіянскага цячэння клімат Анкарыджа значна мякчэйшы, чым у расійскім Магадане, размешчаным больш на поўдзень (59°34’ пн. ш.), а летнія тэмпературы вышэйшыя, чым у Петрапаўлаўску-Камчацкім, які ляжыць значна далей на поўдзень (53° пн. ш.). Горны хрыбет Чугач часткова перашкаджае ўварванню арктычных паветраных мас з поўначы Аляскі. Самы цёплы месяц — ліпень з сярэднім дзённым максімумам +18,6 °С, самы халодны месяц — студзень з сярэднясутачнай тэмпературай -8,3 °С.

Клімат Анкарыджа
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 13,3 13,9 13,3 22,2 27,8 30,0 28,9 27,8 22,8 17,8 16,7 11,7 30,0
Сярэдні максімум, °C −4,9 −3 1,1 6,9 13,3 17,1 18,6 17,5 12,8 4,7 −2,3 −4 6,5
Сярэдняя тэмпература, °C −8,3 −6,6 −3 2,7 8,8 12,9 14,9 13,7 9,2 1,6 −5,4 −7,2 2,8
Сярэдні мінімум, °C −11,6 −10,1 −7,1 −1,6 4,2 8,7 11,2 10,0 5,6 −1,6 −8,6 −10,4 −0,9
Абсалютны мінімум, °C −37,2 −38,9 −31,1 −29,4 −17,2 −1,7 1,1 −0,6 −10,6 −21,1 −29,4 −37,8 −38,9
Норма ападкаў, мм 19 18 15 12 18 25 47 83 76 52 30 28 423
Тэмпература вады, °C 6 5 5 5 7 10 13 13 12 9 8 7 8
Крыніца: Надвор'е і Клімат, World Climate Guide

Насельніцтва

Перапіс насельніцтва
ПерапісНасельніцтва
19201 856
19302 27722.7%
19403 49553.5%
195011 254222%
196044 237293.1%
197048 0818.7%
1980174 431262.8%
1990226 33829.8%
2000260 28315%
2010291 82612.1%
1920-НД крыніцы:[2][3]

Паводле даных 2011 года насельніцтва горада складае 293 356 чалавек. Белыя амерыканцы складаюць 69,8 % насельніцтва горада; афраамерыканцы — 6,3 %; азіяты — 6,1 %; карэнныя амерыканцы — 5,5 %. Паводле даных мінулага перапісу 2000 года насельніцтва Анкарыджа складала 260 283, доля белых амерыканцаў тады была 72,2 %; афраамерыканцаў — 5,8 %; карэнных амерыканцаў — 7,3; азіятаў — 5,6. Найбольш распаўсюджанымі мовамі насельніцтва пасля англійскай былі: іспанская (4 %), тагальская (1,5 %) і карэйская (1,4 %).[4] Доля асоб ва ўзросце да 18 гадоў складала 29,1 %; доля асоб старэйшых за 65 гадоў — 5,5 %. Сярэдні ўзрост насельніцтва — 32 года. Палавы склад: 101,6 мужчын на 100 жанчын.

У Анкарыджы пражывае даволі буйная хмонгская дыяспара, колькасць якой паводле даных перапісу 2000 года складае 300 чалавек.

Навуковыя ўстановы

У Анкарыджы знаходзіцца Аляскінскі батанічны сад, заснаваны ў 1993 годзе.

Гарады-пабрацімы

Папулярная культура

  • У дадатку «Operation: Anchorage» да камп’ютарнай гульні «Fallout 3» місіяй іграка з’яўляецца вызваленне Анкарыджа ад НВАК, якая акупіравала горад у 2066 годзе.
  • У другой частцы тэлевізійнага фільма «На апошнім беразе» падводная лодка прыбывае ў Анкарыдж з надзеяй знайсці выжылых пасля ядзернай вайны.

Зноскі

  1. Anchorage, Alaska (AK) profile: population, maps, real estate, averages, homes, statistics, relocation, travel, jobs, hospitals, schools, crime, moving, houses, news
  2. Annual Estimates of the Population for Incorporated Places in Alaska (нявызн.) (недаступная спасылка). United States Census Bureau (1 ліпеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2011. Праверана 13 ліпеня 2009.
  3. Moffatt, Riley. Population History of Western U.S. Cities & Towns, 1850—1990. Lanham: Scarecrow, 1996, 1.
  4. MLA Data Center Results – Anchorage Municipality County, Alaska (нявызн.) (недаступная спасылка). Modern Language Association. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2007. Праверана 13 мая 2007.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1914 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be