Бярозкі (Брагінскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бярозкі.
Бяро́зкі[1] (трансліт.: Biarozki, руск.: Берёзки) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавета.
Геаграфія
У 42 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 3 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Чарнігаў), 161 км ад Гомеля.
На ўсходзе возера Кулічоўка і пойма ракі Дняпро.
Побач аўтадарога Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой з захаду далучаецца ледзь выгнутая шыротная вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага
Вёска Бярозкі, паводле звестак І. В. Кандрацева, вядомая з 7 кастрычніка 1596 года, калі разам з Ёлчай трапіла ў пажыццёвую пасэсію да пана Івана Лобава[2]. У 1614 годзе папярэдні пасэсар, са згоды караля, «саступіў» добры на тых жа ўмовах князю Сямёну Лышко (Лычко) і яго жонцы пані Катарыне Каменскай. У Бярозках[upper-alpha 1] на той час было 3 службы, з якіх штогод разам збіралася 22 злотых, 15 грошаў, жыта 4 з паловай бочкі, кожная па злотаму, разам складалі 4 злотыя, 15 грошаў; меўся млын.[3]. Паселішча месцілася тады на землях Любецкага староства Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага.
Паводле тарыфа падымнага падатку 1628 года, з маёнтку пана Яна Мікалая Яніцкага Ёлчы і Бярозак з 12 дымоў скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 18 агароднікаў па паўтары злотыя, са святара 6 злотых, з кола млыновага 3 злотыя[4]. Тая пасэсія была пацверджана каралеўскім прывілеем ад 12 сакавіка 1631 года. Валодаў М. Яніцкі Бярозкамі і ў 1636 годзе[5].
14 снежня 1656 года каралеўскім прывілеем Ёлча і Бярозкі (Berezki) перададзеныя ў пажыццёвае валоданне пану Лукашу Бялабжэскаму. 20 сакавіка 1659 года тыя ж добры пажыццёва падараваныя пану Юрыю Нячаю (Грузевічу[6]) і жонцы яго пані Даміцэлі з Хадыкаў. 22 мая 1660 года датаваны прывілей, якім пацверджана пажыццёвае права на Ёлчу і Бярозкі сужэнства Лукаша і Ганны з Сілічаў Бялабжэскіх. Але новымі каралеўскімі прывілеямі 1662, 1667, 1668 гадоў вёскі былі замацаваныя за панамі Нячаямі; адначасова скасаваныя ўсе папярэднія наданні[7].
У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года засведчана, што з 13 дымоў вёскі Бярозкі пана Нячая да скарбу выплачваліся 2 злотыя[8].
Згаданыя Бярозкі (Beruzki) ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе ў Бярозках налічвалася крыху больш за 20 двароў, з якіх выплачваліся 2 злотыя і 11 з паловай грошаў[upper-alpha 2][9]. Паводле тарыфу 1754 года, з 40 двароў[upper-alpha 3] (×6 – каля 240 жыхароў) вёскі Бярозкі[upper-alpha 4] «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 6 злотых, 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых[10]. У апошніх двух выпадках прыналежнасць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Але ўладальнік названы ў датаваным 15 лютага 1754 года запісе «wieczystego prawa darownego» на добры Ёлча, Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[upper-alpha 5], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[upper-alpha 6][11].
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бярозкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[12]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што вёскі Бярозкі, Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, зноў жа застаўным правам[upper-alpha 7]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[13].
Паводле ведамасці Ёлчанскай Свята-Міхайлаўскай царквы за 1818 год, прыналежная да яе прыходу вёска Бярозкі была ўласнасцю маршалка Мінскай губерні пана Людвіка Ракіцкага[14]. У 1850 годзе — уласнасць паноў Прозараў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 253 жыхары вёскі Бярозкі з’яўляліся прыхаджанамі Ёлчанскай Свята-Міхайлаўскай царквы, 3 мужчыны і 3 жанчыны з ліку жыхароў фальварка Бярозкі былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[15].
У парэформенны перыяд — у Ёлчанской воласці. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Бярозкі заставаліся ў прыходзе Ёлчанскай царквы[16]. На 1909 год у Бярозках налічвалася 77 двароў, 635 жыхароў[17].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бярозкі ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[18].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля ўз’яднання з БССР, ад 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Бярозкаўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі). У 1930 годзе арганізаваны калгас «Дняпроўскі араты», працавалі гамарня, вятрак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у верасні 1943 года нямецкія карнікі спалілі 140 двароў, забілі 21 жыхара. Вызвалена 24 верасня 1943 года 15-м стралковым корпусам 13-й арміі Цэнтральнага фронта. У баях за вёску адмеціліся сяржант І. А. Юсупаў капітан М. А. Паўлоцкі, камандзір аддзялення разведкі Герой Савецкага Саюза І. Г. Лысанаў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 жыхароў, памяць пра якія ўвекавечвае абеліск, пастаўлены ў 1968 годзе ў цэнтры вёскі. У складзе саўгаса «Краснае» (цэнтр — вёска Краснае). Ёсць клуб.
Насельніцтва
- 1834 год — 56 двароў.
- 1850 год — 271 жыхар.
- 1897 год — 87 двароў, 618 жыхароў (паводле перапісу).
- 1940 год — 180 двароў, 821 жыхар.
- 1959 год — 655 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 87 двароў, 153 жыхара.
Заўвагі
- ↑ Назва паселішча запісаная тут публікатарамі па-рознаму — Bereszki, Bereczki.
- ↑ У крыніцы паведамляецца пра «puł ćwierci, puł szesnastki» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. каля 19), ды пра «астатнія халупы» (2-3, бо нават меней паўшаснаццаткі).
- ↑ Усяго ў паселішчы налічвалася «puł ćwierci dymu», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
- ↑ У гэтым выпадку назва пададзена ў малапазнавальным выглядзе — Berwiki. Але, як заўсёды, побач з Ёлчай.
- ↑ Ёсць згадка пра інвентар Ёлчанскага ключа 1771 года: APiJ. Sygn. 1. S. 1.
- ↑ Інакш кажучы, Бярозкі другой паловы XVIII ст. былі вёскай у складзе прыватнаўласніцкага маёнтку, а не дзяржаўнага, як тое паказана ў Вялікім гістарычным атласе Беларусі: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 191.
- ↑ Далейшы лёс паселішчаў паказвае, што яны, як і раней, былі ўласнасцю паноў Ракіцкіх, пакуль не перайшлі да Прозараў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Кондратьєв І. Любецьке староство (XVІ — середина XVII ст.). — Чернігів: Видавець Лозовий В., 2014. С. 300
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 301—302
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 394
- ↑ Źródła dziejowe. T. V. Lustracye królewszczyzn ziem ruskich Wołynia, Podola i Ukrainy z piérwszéj połowy XVII wieku. / Wydał Aleksander Jabłonowski. — Warszawa, 1877. S. 208
- ↑ Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1915. T. XII. S. 76
- ↑ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: APiJ). Sygn. 1. S. 202
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 66, 75, 295
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 187; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
- ↑ АРіJ. Sygn. 1. S. 205
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40523. А. 41
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв., 706
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 75
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 8
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.