Вылева
Вы́лева[1] (трансліт.: Vylieva, руск.: Вылево) — былая вёска ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Іпуць. Уваходзіла ў склад Дзям’янкаўскага сельсавета.
Знаходзілася за 20 км на паўночны ўсход ад Добруша і аднайменнай чыгуначнай станцыі (лінія Гомель — Унеча), на аўтамабільнай дарозе Дзям’янкі — Добруш. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары былі пераселены, сама вёска ліквідавана ў 2005 годзе.
Гісторыя
Раннія часы
Навакольная тэрыторыя вёскі была заселена ў старажытныя часы, пра што сведчыць гарадзішча мілаградскай (VII—III ст. да н.э.) і зарубінецкай (II ст. да н.э. — II ст. н.э.) культур, выяўленае археолагамі ва ўрочышчы Часнакова Балота.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVI стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Мяркуецца, што вёску заснавалі стараверы[2].
У 1640-х гадах згадваецца ў інвентары Гомельскага староства. Да 1734 года была ўладаннем гомельскай Свята-Раства-Багародзіцкай праваслаўнай царквы, потым была перададзена гомельскім уніяцкім святарам[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска апынулася ў складзе Беліцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Паводле звестак 1776 года, знаходзілася ў валоданні графа Пятра Румянцава-Задунайскага, былі карчма і царква.
Рэвізская сказка за 1788 год паведамляла, што ў Вылеве 28 двароў былі цяглавымі, 3 — бабыльскімі. 7 сем’яў не мелі хат. Старэйшымі жыхарамі вёскі былі 90-гадовыя Лаўрэн Кузьмін і Яфрэм Фёдараў.
У 1816 годзе — сяло ў Добрушскай эканоміі Гомельскага маёнтка, з 1834 года — уласнасць графа Івана Паскевіча. Праз Вылева праходзіла паштовая дарога з Навазыбкава ў Беліцу, былі мост і гаць. Інвентар 1847 года згадвае ў Вылеве 40 цяглавых і 10 бабыльскіх двароў, з 272 жыхароў толькі 120 чалавек былі «здольныя да працы», утрымліваліся 131 галава дробнай жывёлы, 30 кароў і 43 коней. На той час вёска лічылася беднай[2].
У 2-й палове XIX стагоддзя Вылева — адно з найбуйнейшых паселішчаў наваколля[2]. Гэта адбылося пасля таго, як вёска стала валасным цэнтрам Беліцкага, з 1852 года — Гомельскага павета ў складзе Магілёўскай, у 1919—1923 гадах — Гомельскай губерняў. У склад воласці ў 1890 годзе ўваходзілі 29 паселішчаў з агульнай колькасцю 1794 двароў.
У 1876 годзе маёнтак Вылева набыў член Дзяржаўнага савета Мікалай Герард. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, працавалі вадзяны млын, валасное праўленне, вятрак, крама, народнае вучылішча, дзе станам на 1889 год навучаліся 35 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі, царква, хлебазапасны магазін і цагельня, у 1908 годзе было 1307 дзесяцін зямлі.
Паводле звестак 1910 года, у вёсцы дзейнічалі вучылішча Міністэрства народнай асветы, царкоўна-прыходская школа, праваслаўная царква, капліца, вінная крама, млын і завод.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Гомельскага павета БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе Гомельскай губерні РСФСР, але ў выніку другога ўзбуйнення БССР 1926 года Вылева вярнулі Беларусі.
У час праведзенай у 1929 годзе экспедыцыі біёлагаў Беларускай акадэміі навук у Вылеве была арганізавана адна са стацыянарных баз, якая зафіксавала найменне целягуз у дачыненні да прадстаўніка віду Tringa ochropus. Гэта найменне прапанавалася як таксанімічнае[4].
З 8 снежня 1926 да 30 снежня 1927 года — цэнтр Вылеўскага сельсавета Веткаўскага раёна Гомельскай акругі. Дзейнічалі лячэбны пункт, паштовае аддзяленне, чатырохгадовая школа. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Герой працы» (дзейнічаў да 1959 года)[5]. У 1938 годзе мясцовасць апынулася ў складзе заснаванай Гомельскай вобласці.
У часе Вялікай Айчыннай вайны на франтах загінулі 65 вяскоўцаў.
Паводле дадзеных 1959 года, вёска адносілася да калгаса «Молат» з цэнтрам у Дзям’янках, планіровачна складалася з крыху выгнутай вуліцы, да якой далучаліся 2 завулкі. Забудова была драўлянай, сядзібнага тыпу. На 160 двароў даводзілася ўсяго 7 калодзежаў[6].
На 1986 год у вёсцы працавалі бібліятэка, клуб, крама і царква. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя апынулася радыеактыўна забруджанай. Жыхары вёскі ў 1990—1992 гадах былі пераселены ў чыстыя месцы.
Рашэннем Гомельскага аблвыканкама ад 20 студзеня 2005 года паселішча было ліквідавана[7].
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1776 год — 26 двароў, 144 жыхары (77 мужчын і 67 жанчын); 1788 год — 31 двор, 156 жыхароў.
- XIX стагоддзе: 1816 год — 50 двароў, 189 жыхароў; 1834 год — 55 двароў, 249 жыхароў; 1847 год — 50 двароў, 272 жыхары; 1881 год — 69 двароў, 187 жыхароў[8]; 1883 год — 68 двароў, 382 жыхары; 1897 год — 105 двароў, 655 жыхароў.
- XX стагоддзе: 1908 год — 111 двароў, 735 жыхароў; 1926 год — 165 двароў, 749 жыхароў; 1959 год — 524 жыхары; 1986 год — 102 двары, 194 жыхары; 1990 год — 102 сям’і.
Славутасці
- Археалагічныя помнікі: гарадзішча, курганныя могільнікі (1 тыс. да н.э. — XII ст. н.э.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000244шыфр 313В000244.
- Падмуркі і агароджа Свята-Міхайлаўскай царквы (1909 год, мураваныя).
Страчаная спадчына
- Свята-Міхайлаўская царква (1904—1909 гады, перавезена ў Гомель) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000002шыфр 313Г000002.
Вядомыя ўраджэнцы
- Пётр Харытонавіч Басянкоў (1908—1969) — савецкі танкіст, Герой Савецкага Саюза (1945).
- Міхаіл Аляксеевіч Гатальскі (нар. 1952) — беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
- Паўлюк Прануза (1918—2007) — беларускі паэт.
- Мікалай Мікалаевіч Шышкін (1918—2000) — беларускі артыст, спявак, заслужаны артыст БССР (1961).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вы́леў.
- 1 2 3 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Добрушскага раёна. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. — 555, [2] с.: іл. ISBN 985-02-0255-6
- ↑ Белицкий, Е. Под польским игом. Очерки и штрихи из жизни православных белорусов в XVIII веке / Е. Белицкий. — Вильна: Типография «Русский почин», 1907. С. 144—145
- ↑ М. П. Антропаў. По следам одной «птичьей» этимологии. // Балто-славянские исследования. XVIII: Сборник научных трудов. — М, 2009. С. 320
- ↑ Недапушчальнае адставанне // «Сталінец» — Орган Добрушскага РК КП(б)Б і Райвыканкама № 84 (611), 13 кастрычніка 1949 года.
- ↑ 7-я сесія Вярхоўнага Савета БССР, стэнаграфічная справаздача. // Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1962. С. 34 (руск.)
- ↑ Рашэнне Гомельскага абласнога савета дэпутатаў ад 20 студзеня 2005 г. № 29 «Аб выключэнні з дадзеных па ўліку і рэгістрацыі адміністратыўна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак населеных пунктаў Брагінскага, Добрушскага, Кармянскага і Нараўлянскага раёнаў» (руск.)
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. С.93
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Добрушскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.