wd wp Пошук:

Дуброўнае

Дубро́ўнае[1] (трансліт.: Dubroŭnaje, руск.: Дубровное) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Буркоўскага сельсавета.

Геаграфія

За 11 км на захад ад Брагіна, 18 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 130 км ад Гомеля.

Транспартная сістэма

Побач аўтадарога Камарын — Хойнікі.

Планоўка складаецца з ледзь выгнутай, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі вуліцы, забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Хутар Тарарынскі альбо Дуброўнае ў рэестры 1768 г.

Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў інвентары Хойніцкага маёнтка 1721 года, калі добры вярталіся ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча сыну нябожчыка князя Дамініка Шуйскага Мікалаю. Тады на хутары Астраглядаўскага ключа жылі Даніла, Кандрат і Сымон Тарары, ад прозвішча якіх ён і атрымаў назву Тарарын. Усе разам, акрамя дзякла, яны плацілі 10 злотых чыншу і яшчэ  — 2 бельцы мёду[2]. Тарыф падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства на 1734 год засведчыў прыналежнасць Тарарына[upper-alpha 1] да маёнтка Хойнікі князя Ігнацыя, сына Дамініка, Шуйскага[3]. У тарыфе 1754 года хутар згаданы ўжо пад сваёй сённяшняй назвай Дуброўнае. З яго 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 злотыя і 6 грошаў[4].

У 1768 годзе, згодна з адпаведным інвентаром, складзены рэестр пабору Астраглядаўскага ключа. З гаспадароў хутара Tararynski alias Dombrowne Сцяпана і Івана Тарараў[upper-alpha 2], Ярмолы, Міхала, Івана, Васіля, Яўсея Данчанкаў, Савы Карповіча збіралася, акрамя дзякла, 42 злотых чыншу, 17 квартаў мёду[5].

Расійская імперыя

Дуброўны на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дуброўнае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[6]. У крыніцы, заснаванай на звестках расійскай рэвізіі 1795 года, сказана што хутар Дуброўна, сяло Астраглядавічы, вёскі Плоскае, Вязок, Бардакі належалі[upper-alpha 3] шамбяляну Яну Ястржэмбскаму[7].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дуброўнае ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[8].

Насельніцтва

  • 1897 год — 49 двароў, 316 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 60 двароў, 402 жыхара.
  • 1959 год — 518 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 17 двароў, 29 жыхароў.
  • 2021 год — 3 жыхары[9].

Заўвагі

  1. Назва паселішча запісана як wieś Tatary, але гэткай у рэгіёне ніколі не існавала. Відавочна, варта чытаць і разумець — Tarаry.
  2. У іншых выпадках прозвішча Тарара падавалася ў форме Тарала. Астатняя і дажыла да нашых дзён.
  3. Папраўдзе, знаходзіліся ў трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар; гл.: Астрагляды

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 127
  3. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  4. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  5. НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 134, 136
  6. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  7. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  8. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  9. Буркоўскі сельскі савет. 2021 г.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be