Каралішчавічы
Каралі́шчавічы[1] (трансліт.: Karališčavičy, руск.: Королищевичи) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Свіслач. Уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета. Месцяцца на шашы H9050, за 4 км на паўднёвы ўсход ад Новага Двара.
Гісторыя
У 1582 годзе сяло маёнтка Гатава і панскі двор, уласнасць князёў П. Крышынскага і Ю. Масальскага, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1597—1598 гадах сяло, двор, уласнасць Д. С. Тышкевіча, Г. М. Масальскай, А. Крушынскага. У другой палове XVI ст. вядомы як прыватнае ўладанне на тэрыторыі Менскага павета[2]. У 1667 годзе маёнтак, уласнасць Ф. К. Друцкага-Горскага. У 1778 годзе былі царква, фальварак, 2 сырабойні, уласнасць І. Прушынскага. У 1785 годзе з фундацыі Станіслава Прушынскага ў Каралішчавічах збудавалі драўляны касцёл Апекі Маці Божай. У 1791 годзе сяло — цэнтр маёнтка, 2 карчмы, уласнасць Менскай парафіі і Прушынскіх.
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, ёсць драўляны касцёл Святой Тройцы, капліца, карчма, панскі двор з пабудовамі, драўляны мост цераз Свіслач, уласнасць С. Прушынскага і каталіцкай царквы. У 1858 годзе сяло, уласнасць К. Прушынскага і М. Прушынскага. У 1861 годзе Каралішчавічы, у сувязі з пабудовай у касцёле новага аргана, наведаў кампазітар Станіслаў Манюшка[3]. Магчыма, Станіслаў Манюшка не раз быў у Каралішчавічах, нейкім чынам з Каралішчавічамі быў звязаны яго стрыечны брат (сын цёткі Міхаліны з Манюшак) Ян Эдвард Ваньковіч, які тут і пахаваны.
У 1897 годзе ёсць хлебазапасны магазін, касцёл, капліца, піцейны дом, у Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета. З 1907 года працавала народнае вучылішча.
У канцы лютага 1918 года тэрыторыя акупіравана войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Каралішчавіцкага сельсавета[4] Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1926 годзе працавалі кузня і шавецкая майстэрня. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. Нямецкія войскі спалілі 56 двароў, забілі 6 жыхароў і 3 вывезлі на прымусовую працу ў Германію.
З 1956 года паблізу Каралішчавічаў дзейнічаў Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў імя Якуба Коласа. З 5 сакавіка 1959 года па 20 студзеня 1960 года вёска ў складзе Трасцянецкага сельсавета[5]. З 20 студзеня 1960 года ў Навадворскім сельсавеце.
У 2010 годзе дзейнічалі клуб-бібліятэка, магазін.
- Каралішчавічы на старых здымках
- Касцёл, да 1917 г.
- Касцёл, 1914 г.
- Касцёл, 1914 г.
- Сядзіба Прушынскіх, каля 1909 г.
Вядомыя асобы
- Ганна Цюндзявіцкая (1803—1850) — аўтарка папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня». Сястра Ганны Прушынскай (Цюндзявіцкай) — Міхаліна Прушынская (у шлюбе Семірадская), маці вядомага польскага і рускага мастака Генрыха Семірадскага. Генрых Семірадскі часта наведваў Каралішчавічы, дзе ў 1873 годзе ажаніўся са сваёй 18-гадовай кузінай Марыяй Прушынскай.
- Язэп Пушча (1902—1964) — беларускі пісьменнік.
- Язэп Гуткоўскі (1908—1986) — беларускі грамадскі дзеяч, публіцыст.
- Іван Ляўко (1920—?) — беларускі інжынер-будаўнік.
Славутасці
- Сядзіба Прушынскіх — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000362шыфр 613Г000362
- Касцёл Апекі Маці Божай
-
Магіла (кенатаф?) паўстанца 1863 года на каталіцкіх могілках
- Каралішчавічы на старых здымках
- Касцёл, 2018 г.
- Руіны стайні, 2018 г.
- Руіны стайні, 2021 г.
- Магіла Антонія Доўнар-Запольскага і яго сына Гераніма, удзельніка паўстання 1863 года, які загінуў у Сібіры
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Спірыдонаў, М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. [Карта] / М.Ф. Спірыдонаў // Нацыянальны атлас Беларусі. — Мінск: Белкартаграфія, 2002. — С. 266—267.
- ↑ Ruch muzyczny, 1861.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
Літаратура
- Каралішчавічы // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 3 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — С. 407. — 624 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9.
- Koroliszczewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom IV (Kęs — Kutno), 1883. — S. 410 (польск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каралішчавічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.