Ківэрці
Ківерцы ці Ківэрці[1] (укр.: Ківерці) — горад раённага значэння ў Валынскай вобласці Украіны, раённы цэнтр Ківэрціўскага раёна, буйны чыгуначны вузел.
Гісторыя
Па адной з версій, назву «Ківерцы» гісторыкі звязваюць з назвай старажытнага племені ціверцаў, якое жыло на берагах ракі Днестр і ў вусце Дуная. У канцы XI ст. — пачатку XII ст. пад націскам качавых плямёнаў ціверцы адышлі на поўнач. Невялікімі групамі рассяліліся яны і па тэрыторыі Валыні. З часам назва перайначылася на «Ківерцы» і ў такім выглядзе замацавалася за месцам новага пражывання патомкаў прадстаўнікоў гэтага старажытнага племені.
У 1870—1873 г. паміж Роўна і Ковелем была пракладзена чыгунка, а за 7 км ад вёскі Ківерцы (цяпер Прылуцкае) была ўзведзена станцыя з аднайменнай назвай. У 1890 г. ваеннае ведамства Расійскай імперыі праклала праз Ківерцы шлях на Луцк, Львоў. Паселішча стала важным чыгуначным вузлом.
У пачатку 1946 г. у Ківерцах пачалі сяліцца дэпартаваныя ўкраінскія сем’і з Холмшчыны (гл. Аперацыя «Вісла»).
Чыгуначная станцыя
Ківерцы — вузлавая участковая чыгуначная станцыя Ровенскай дырэкцыі Львоўскай чыгункі паміж станцыямі Алыка (21 км) і Рожышча (18 км). Размешчана ў цэнтры горада. Ад станцыі бярэ пачатак лінія Ківерцы — Сапіжанка — Львоў (Підзамчэ) даўжынёй 182 км. Станцыю адкрылі ў 1873 г. пры будаўніцтве чыгункі Кіеў — Ковель. Спачатку была прамежкавай, пасля адкрыцця ў 1890 чыгункі на Луцк ператварылася на вузлавую. Электрыфікавана ў складзе лініі Роўна — Ковель у 2001 г. Лінія на Луцк электрыфікавана ў 2003 г.
На станцыі спыняюцца прыгарадныя цягніка і цягнікі далёкага спалучэння. Прыгараднае спалучэнне ажыццяўляецца да станцый Ковель, Луцк, Роўна, Здалбуніў, Стаяніў, Сапіжанка і Львоў.
Цягнікі далёкага спалучэння ідуць у львоўскім напрамку (праз Луцк, Стаяніў), ковельскім, кіеўскім (праз Шапятоўку, Наваград-Валынскі, Корасцень, Малын), казяцінскім (праз Шапятоўку, Бярдзічаў, далей да Дняпра, Харкава, Запарожжа, Новааляксееўкі, Адэсы), а таксама да Хэлма.
Вядомыя асобы
- Апанасюк Аляксандр Пятровіч — украінскі кампазітар, музыказнавец, педагог.
- Бельская Вольга — польская актрыса тэатра і кіно.
- Вярбіцкая Данута — польскі медык і палітычны дзеяч, пасол сейма.
- Залускі Збігнеў — польскі пісьменнік, эсэіст і сцэнарыст.
- Кобалеў Уладзімір Паўлавіч — украінскі вучоны-геафізік, доктар геалагічных навук, прафесар.
- Кралюк Пётр Міхайлавіч — украінскі філосаф, пісьменнік, публіцыст.
- Крываручка Юрый Іванавіч — украінскі архітэктар, былы галоўны архітэктар Львова.
- Струцюк Іосіф Георгіевіч — украінскі пісьменнік-«шасцідзесятнік», заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.