Пучын
Пу́чын[1] (трансліт.: Pučyn, руск.: Пучин) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (143 сем’і) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].
Геаграфія
Размяшчэнне
У 19 км на поўдзень ад Брагіна, 47 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 138 км ад Гомеля, на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Транспартная сетка
На аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтра якой далучаюцца з поўначы тры кароткія, шчыльна паміж сабой пастаўленыя мерыдыянальныя вуліцы. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе валоданне Ракіцкіх. У 1897 годзе размяшчаліся капліца і сядзіба, у Савіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Пучынскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг. У 1920-х гадах дзейнічала школа. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны сцяг», працавалі вятрак (з 1909 года) і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 мясцовых жыхароў, у памяць пра якія ў 1980 годзе ўсталяваны абеліск. У 1959 годзе ўваходзіла ў склад саўгаса «Слабадскі» (цэнтр — вёска Выграбная Слабада).
Насельніцтва
Колькасць
- 2010 год — жыхароў няма.
Дынаміка
- 1850 год — 29 двароў.
- 1897 год — 75 двароў, 384 жыхара (паводле перапісу). Сядзіба — 2 двары, 17 жыхароў.
- 1908 год — 113 двароў, 536 жыхароў.
- 1959 год — 588 жыхароў (паводле перапісу).
- 1986 год — жыхары (143 сем’і) пераселены.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Брагінскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1927 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.