wd wp Пошук:

Пцічанская

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Кабылічы.

Пціча́нская[1] (трансліт.: Pcičanskaja, руск.: Птичанская; да 1964 г. — Кабылічы) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на правым беразе ракі Пціч (прыток Прыпяці). Уваходзіць у склад Навасёлкаўскага сельсавета. Месціцца за 23 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, 58 км ад Мінска, 20 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі МінскАсіповічы, каля аўтамабільнай дарогі НегарэлаеПухавічы.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае і Расійская імперыя

Пад назвай Кабылічы згадваецца ў канцы XVII ст. у складзе Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У XVII ст. вёска належала Янушу Быхаўцу. Януш Быхавец быў забіты ў маёнтку Таўкачэвічы ў часе наезду суседам Андрэем Вінкам з Шацка ў 1620 годзе, фальварак быў разбураны. Маёмасць перайшла брату Януша Базылю Быхаўцу (?—1653), шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла», які паходзіў са Смаленскай зямлі. Базыль — віленскі гродскі пісар (1623—1632), меў братоў Януша і Аляксандра Пракопа (памёр 1646). Базыль быў апекуном дзяцей Януша. Валодаў маёнткамі Таўкачэвічы, Шацк, Грэбені, Дудзічы з вёскамі Церабелі, Сяргеевічы і Кабылічы, Бакшты, Сідаровічы ў Менскім ваяводстве, ды іншымі землямі ў Гарадзенскім, Троцкім і Лідскім паветах. Памёр без нашчадкаў.

У 1760 годзе (паводле іншых звестак у 1748) суддзя ваўкавыскі Уладзіслаў Быхавец перадаў правы на вечнае карыстанне Дудзічамі разам з фальваркамі Кавалевічы, Сяргеевічы і Кабылічі дачцэ Казіміра Аляксандры Заранак-Грабоўскай, якая разам з сястрой Альжбетай жыла ў Таўкачэвічах[2]. Належалі да маёнтка Сяргеевічы. Праз вена належалі Прозарам, Францішку Букатаму[d], Ліпскім.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1816 годзе уласнасць Ржавускіх, пазней належала Ельскім. У пачатку XIX ст. у Ігуменскі павеце Мінскай губерні, ёсць капліца і карчма. На карце Шуберта сярэдзіны XIX ст. на месцы сучаснай вёскі Пцічанская (Кабылічы) быў пазначаны маёнтак Кабылічы, а на месцы вёскі Прыстань была вёска Кабылічы[3]. Пасля 1863 года валодае Пётр Папоў. У канцы XIX ст. у Цітвянскай воласці. Паводле перапісу 1897 года маёнткам Кабылічы валодаў Іван Андрэевіч Бунге, шляхціц, лютэранін.

У 1910 годзе адкрытае народнае вучылішча.

Найноўшы час

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала працоўная школа 1-й ступені, 50 вучняў у 1922 годзе. У 1930-х гадах створаны калгас «Полымя», працавала кузня.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.

30 ліпеня 1964 года вёска Кабылічы праз «немілагучнасць» была перайменавана ў вёску Пцічанская[4].

Да 29 чэрвеня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Гарэлецкага сельсавета[5].

Насельніцтва

  • 1816 — 12 двароў, 80 жыхароў
  • 1858 — 45 рэвізскіх душ
  • 1897 — 75 двароў, 229 душ мужчынскага полу, 215 душ жаночага полу
  • 1910— 101 двор, 613 жыхароў
  • 1917 — 112 двароў, 599 жыхароў
  • 2002 — 70 двароў, 131 жыхар
  • 2009 — 104 жыхары[6]
  • 2012 — 45 гаспадарак, 85 жыхароў

Галерэя

  • Хата на Цэнтральнай вуліцы, 2018 г.Хата на Цэнтральнай вуліцы, 2018 г.
  • Вясковыя могілкіВясковыя могілкі
  • Карта ваколіц Шацка 1927 года, на якой пазначана вёска КабылічыКарта ваколіц Шацка 1927 года, на якой пазначана вёска Кабылічы

Спіс вуліц

  • Новая вуліца
  • Садовая вуліца
  • Цэнтральная вуліца[7]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Пціча́нскае, н.; Пціча́нка, ж.
  2. http://www.dudutki.by/history/
  3. http://too.by/verstovka.html
  4. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 ліпеня 1964 года «Аб перайменаванні некаторых населеных пунктаў Беларускай ССР»
  5. Решение Минского областного Совета депутатов от 29 июня 2006 г. № 222 «Об упразднении Горелецкого, Краснооктябрьского, Селецкого, Сергеевичского сельсоветов и изменении границ Новоселковского, Пуховичского, Ветеревичского сельсоветов и Правдинского поссовета Пуховичского района» (руск.)
  6. https://ulitsy-belarusi.openalfa.com/%D0%9F%D1%82%D0%B8%D1%87%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F
  7. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)

Літаратура

  • Пцічанская // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 171. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  • Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А-Я / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал.рэд). — Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2010. — С. 91.
  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А.Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. - Мінск : Беларусь, 2003. - 748 с. - 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  • Jelski A. Kobylicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom IV: Kęs — Kutno. — 1883. — С. 215. — 963 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be