Вяліка-Тырнава
Вялі́ка-Ты́рнава (балг.: Велико Търново) — адміністрацыйны цэнтр Велікатырнаўскай вобласці і абшчыны Вяліка-Тырнава ў Балгарыі. Старажытная сталіца Балгарыі (XII—XIV стагоддзе), горад знакаміты архітэктурнымі помнікамі і прыцягвае шмат турыстаў.
Геаграфія
Вяліка-Тырнава размешчаны на трох узгорках — Царавец, Трапезіца і Света-Гора, на скалістым схіле даліны лукаватай ракі Янтры, у паўночных перадгор’ях Балканаў, на важным у стратэгічным плане пункце скрыжавання некалькіх дарог (ад пераправы праз Дунай пры Свіштове і Русэ, на Шыпкінскі перавал і на Слівен праз гор. Ялена).
Гісторыя
Старажытная сталіца Балгарыі
Хоць гісторыя паселішчаў у наваколлях Вяліка-Тырнава ўзыходзіць яшчэ да каменнага веку, першая ключавая дата ў гісторыі самага горада — 1185 г. Падчас паўстання балгарскія феадалы Пётр і Асень зрынулі візантыйскае валадарства і стварылі Другое Балгарскае царства.
У 1186—1393 тут была сталіца Другога балгарскага царства, месца каранавання балгарскіх цароў і рэзідэнцыя архіепіскапа, а з 1235 — балгарскіх патрыярхаў.
Пры кіраванні такіх цароў, як Іван Асень II (1218—1241), Іван Аляксандр (1331—1371) і Іван Шышман (1371—1393), горад стаў буйным рэлігійным і эканамічным цэнтрам на Балканах.
Купцы з Тырнава ўсталявалі гандлёвыя сувязі са шматлікімі еўрапейскімі гарадамі, у тым ліку з Генуяй і Венецыяй. Духоўнае, літаратурнае і мастацкае жыццё горада дасягнула небывалага росквіту. Сучаснікі ў сваіх захопленых апісаннях называюць Вяліка-Тырнава «каралевай гарадоў» і нават «другім пасля Канстанцінопаля».
Гарадскія сцены Тырнава ўсе ж не змаглі вытрымаць удару асманскіх заваёўнікаў. У 1393 Тырнава ўзялі туркі, горад быў спалены. Амаль усе помнікі эпохі росквіту культуры былі знішчаны. Але і ў гады турэцкага валадарства Тырнава заставаўся буйным эканамічным цэнтрам. Тутэйшыя купцы хутка наладзілі сувязі з найбуйнейшымі гарадамі Еўропы і Усходу.
Руска-турэцкія войны
Тырнава двойчы займалі рускія падчас руска-турэцкіх войнаў: упершыню ў канцы жніўня 1810 года атрадам генерал-маёра Сабанеева, які ўступіў у горад без бою; другі раз — 25 чэрвеня 1877 года кавалерыяй з адной коннай батарэяй перадавога атрада генерала І. У. Гурко, з якой турэцкія войскі, якія займалі горад, абмяняліся толькі некалькімі гарматнымі выстраламі, а затым адступілі ва ўсходнім кірунку. Да пачатку студзеня 1878 года Тырнава з’яўляўся базай для аперацый рускіх войскаў у Сярэдняй Балгарыі і служыў ім галоўным складам.
Незалежная Балгарыя
У 1879 годзе Тырнава была прынята першая, Тырнаўская канстытуцыя Балгарыі.
На 1893 год у горадзе было 12 800 жыхароў. Ад турэцкага насельніцтва, якое складала раней палову насельніцтва горада, да канца XIX стагоддзя ў Тырнава заставалася толькі 700 чалавек. Значная ў турэцкую эпоху прамысловасць Тырнава ў канцы XIX стагоддзя знаходзілася ў заняпадзе, толькі гандаль меў па-ранейшаму некаторае значэнне. У горадзе размешчана рэзідэнцыя мітрапаліта. Каля горада знаходзіцца манастыр Ляскавец з багаслоўскім вучылішчам.
Дэмаграфія
Год | Насельніцтва |
---|---|
1985 | 69 223 |
1992 | 67 540 |
2000 | 64 513 |
2005 | 66 228 |
2010 | 67 099 |
Насельніцтва горада паводле даных на 2011 год складае 73443 чалавек і працягвае расці[2] Паводле нацыянальнага і рэлігійнага складаў пераважная большасць — праваслаўныя балгары, а таксама туркі—мусульмане, як балгарамоўныя, так і тыя, што захоўваюць турэцкую мову, і цыганы.
Музеі
У старадаўняй частцы горада размешчана большая частка мясцовых музеяў, цікавасць сярод якіх уяўляюць Археалагічны музей, Музей «Адраджэнне і Устаноўчы сход», Музей новай і найноўшай гісторыі, Сарафкін дом, Дом-музей П. Р. Славейкава, заезны двор Стамбалова, заезны двор Хаджы Ніколі і іншыя[3].
Адукацыя
У горадзе размешчаны дзве буйныя навучальныя ўстановы — Велікатырнаўскі ўніверсітэт імя Св. Кірыла і Св. Мяфодзія [4], і ваенны ўніверсітэт імя Васіля Леўскага. Пры Велікатырнаўскім ўніверсітэце штогод праводзяцца трохтыднёвыя міжнародныя семінары па балгарыстыцы [5].
Славутасці
- Стары горад — маляўнічае ядро горада, узнік у эпоху балгарскага Адраджэння не поўдні і захадзе ад узгорка Трапезіца. Архітэктурная своеасаблівасць горада складаецца ў тым, што шматлікія старадаўнія будынкі як бы навісаюць над Янтрай
- Крэпасць Царавец — былая рэзідэнцыя балгарскага цара і патрыярха.
- Квартал рамеснікаў — маляўнічы сярэднявечны квартал рамеснікаў пад пад крапасным узгоркам.
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага
- Царква Сарака Велікамучанікаў — пахавальня некалькіх балгарскіх цароў, месца абвяшчэння незалежнасці Балгарыі ў 1908 годзе.
- Царква Святых Пятра і Паўла — маленькая царква XIII—XIV стст., у якой добра захаваліся фрэскі XIV—XVII стст.
- Царква Святых Канстанціна і Алены
- Царква Святых Кірыла і Мяфодзія
- Турэцкі канак — будынак, дзе ў 19 стагоддзі размяшчалася паліцыя.
Гарады-пабрацімы
- Палтава, Украіна (з 1963 г.)
- Ніш, Сербія (з 1973 г.)
- Кракаў, Польшча (з 1975 г.)
- Таледа, Іспанія (з 1983 г.)
- Серэ, Грэцыя (з 1988 г.)
- Асты, Італія (з 1989 г.)
- Калонія Тавар, Венесуэла (з 1992 г.)
- Цвер, Расія (з 1997 г.)
- Охрыд, Паўночная Македонія (з 1998 г.)
- Голдэн, Каларада, ЗША (з 2000 г.)
- Шопран, Венгрыя (з 2002 г.)
- Баёна, Францыя (з 2005 г.)
- Бітала, Паўночная Македонія (з 2006 г.)
- Ясы, Румынія (з 2006 г.)
- Таршын, Мальта (з 2007 г.)
- Цэтынэ, Чарнагорыя (з 2007 г.)
- Задар, Харватыя (з 2008 г.)
- Эль-Карак, Іарданія (з 2008 г.)
Вядомыя асобы
- Балдуін I Фландрскі (1171—1205) — славуты фламандскі феадал, які аб’яднаў пад сваім скіпетрам Фландрыю і Эно; крыжак, імператар Лацінскай імперыі. Памёр у Тырнаве.
- Грыгорый Цамблак (~1364—1419/1420) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, мітрапаліт малдава-валашскі, пісьменнік.
Зноскі
- 1 2 https://www.grao.bg/tna/t41nm-15-09-2022_2.txt
- ↑ Таблица на населението по постоянен и настоящ адрес област БЛАГОЕВГРАД община БАНСКО
- ↑ Город Велико-Тырново Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Афіцыйны сайт універсітэта Архівавана 31 студзеня 2016.
- ↑ Международен българистичен център Архівавана 14 чэрвеня 2010.
Літаратура
- Цапенко М София. Тырново. Пловдив. — М., Искусство, 1972. (Серия «Города и музеи мира»).
Пры напісанні гэтага артыкула выкарыстоўваўся матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона (1890—1907). Спасылкі ——–
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вяліка-Тырнава
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.