Ліпнішкі
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ліпнішкі (значэнні). Лі́пнішкі[1] (трансліт.: Lipniški, руск.: Липнишки) — аграгарадок у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Аліта. Адміністрацыйны цэнтр Ліпнішкаўскага сельсавета. Насельніцтва 1450 чал. (2006). Знаходзяцца за 14 км на паўднёвы захад ад Іўя; на аўтамабільнай дарозе Гродна — Ліда — Іўе.
Гісторыя
Упершыню Ліпнішкі згадваюцца ў XV ст. як уладанне вялікіх князёў. У 1528 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча Альберту Гаштольду за зняцце маскоўскай аблогі з Полацка і складанне міру з татарамі.
У XVI ст. Ліпнішкі атрымалі статус мястэчка і ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. З XVII ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Пацаў. Адначасна з Геранёнамі (1670) Ліпнішкі перадалі на размяшчэнне артылерыі. Пазней мястэчка перайшло да Сапегаў, Бяганскіх.
6 чэрвеня 1633 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ліпнішкам Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ»[2].
У 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў Ліпнішкам гарадскія правы, у гэты час тут пачала працаваць цагельня.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ліпнішкі апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. Расійская імператрыца Кацярына II падаравала магдэбургскае мястэчка А. Безбародку, які прадаў іх у 1812 маршалку слонімскаму В. Пуслоўскаму, а яго сыны — Вольскім у 1849. У 1856 расійскі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Ліпнішак пра зацвярджэнне іх у мяшчанскім званні, на што местачкоўцы адмовіліся выконваць паншчыну. Арганізатараў выступлення кінулі ў вязніцу. У 1861 і 1862 адбыліся сялянскія хваляванні, жорстка здушаныя расійскімі карнымі войскамі[3].
У 1860-я, дзякуючы сваёй мураванай забудове, Ліпнішкі рэзка адрозніваліся ад іншых мястэчак Віленскай губерні. У гэты час тут было 105 будынкаў. Станам на 1886 у Ліпнішках рэгулярна праводзілася 5 кірмашоў, існавала 12 крамаў, вадзяны млын і бровар. У Першую сусветную вайну мястэчка занялі нямецкія войскі.
У 1894 у Ліпнішках пад таемнай партыйнай мянушкай «Віктар» хаваўся ад расійскіх уладаў дзеяч правага крыла ППС Юзаф Пілсудскі. Менавіта Ліпнішкі ў мэтах канспірацыі абрала ППС для выпуску сваёй газеты.
17 красавіка 1919 у Ліпнішках адбылася сутычка паміж польскім 7-ы Палком люблінскіх уланаў пад камандаю маёра Януша Глухоўскага і аддзеламі Чырвонай Арміі, якія адыходзілі з Ліды па паразе ў бітве. Польская кавалерыя адсекла дарогу бальшавікам і прымусіла іх здацца. Палякі здабылі значную колькасць зброі і ўзялі ў палон салдат[4]. Мястэчка трапіла пад польскую адміністрацыю. У 1920 Ліпнішкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — у Лідскім павеце Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 Ліпнішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 1940 сталі цэнтрам сельсавета Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1972 тут было 260 двароў, на 1999 — 596.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1886 — 740 чал. (474 каталікі і 266 іўдзеяў) у мястэчку Ліпнішкі і 40 чал. (усе каталікі) у фальварку Ліпнішкі[5]
- XX стагоддзе: 1972 — 831 чал.; 1999 — 1480 чал.[6]
- XXI стагоддзе: 2006 — 1450 чал.
Інфраструктура
У Ліпнішках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка.
Славутасці
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст.; фрагменты)
- Капліца (XIX ст.)
- Касцёл Св. Казіміра (1910)
- Могілкі: яўрэйскія; каталіцкія, капліца (XIX ст.)
- Сядзібна-паркавы комплекс Вольскіх (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Гандлёвыя рады
- Сінагога
- Сядзіба
Вядомыя асобы
- Рафаэль Мардэхай Барышанскі (1866—1950) — рабін. З 1893 года рабін Гомеля. З 1923 года жыў у ЗША. У 1926—1929 гадах рабін Вашынгтона, з 1929 — Нью-Ёрка.
- Андрэй Казіміравіч Гецэвіч (нар. 1981) — беларускі навуковец, гісторык, педагог.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Ліпнішкі // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Ліпнішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 370.
- ↑ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 90.
- ↑ Lipniszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 277.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Lipniszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 277.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ліпнішкі
- в. Ліпнішкі на Radzima.org
- Сайт вёскі Ліпнішкі
- Здымкі на Globustut.by
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Астравецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.