Шумілінскі раён
Шумі́лінскі раён (з 17 ліпеня 1924 па 23 лістапада 1961 Сіроцінскі раён) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Шуміліна. Размешчаны ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Полацкім, Гарадоцкім, Віцебскім, Бешанковіцкім і Ушацкім раёнамі.
Прырода
Паверхня раёна пераважна раўнінная. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, усходняя і паўднёва-ўсходняя — у межах Гарадоцкага ўзвышша. Агульны нахіл паверхні з усходу на захад. 85 % тэрыторыі на вышыні 130—150 м. Найвышэйшы пункт 177 м (за 2 км на поўнач ад вёскі Лескавічы), найбольш нізкая адзнака 110 м (урэз Заходняй Дзвіны).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй залягаюць утварэнні сожскага, дняпроўскага, месцамі бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў 50—80 м.
Карысныя выкапні: торф, цагляная гліна, жвір, будаўнічы пясок.
У складзе сельгасугоддзяў пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу глебы пераважна сугліністыя і супясчаныя.
Найбольшая рака Заходняя Дзвіна з прытокамі Обаль (з Усысай і Чарнаўкай) і Сечна. Густата натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км².
Азёры на тэрыторыі Шумілінскага раёна: Будавесць, Віцір, Гародна, Дабееўскае, Заронаўскае, Княжно́, Круглік, Лезвінка, Лескавічы, Мошня, Разван, Расалай, Сасноўскае, Сосна, Бубальскае, Хвоя і інш.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца геалагічны помнік прыроды Вялікі камень. Сярод 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння 2 знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Гэта ландшафтны заказнік «Казьянскі» і гідралагічны заказнік возера «Сосна», адзін заказнік мясцовага значэння «Варануха».
Лясныя ўчасткі размеркаваны па раёне нераўнамерна, больш у паўночнай і паўночна-заходняй, менш у паўднёва-ўсходняй частцы. У складзе лясоў хвоя, бяроза, елка і інш.
На балоты прыпадае каля 10 % тэрыторыі раёна. Гэта масівы верхавых балот: Обаль-2, Обаль-1, Ямішча і іншых, адзінае нізіннае балота — Дабееўскі Мох.
Гісторыя
23 лістапада 1961 года Сіроцінскі раён перайменаваны ў Шумілінскі раён. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, Мікалаеўскі сельсавет перададзены Бешанковіцкаму раёну, Дабейскі, Лескавіцкі, Пагарэліцкі, Сіроцінскі сельсаветы, 9 населеных пунктаў Лаўжанскага сельсавета і гарадскі пасёлак Шуміліна — Віцебскаму раёну, 20 населеных пунктаў Казьянскага сельсавета — Гарадоцкаму раёну, Лаўжанскі, Казьянскі, Клётчынскі, Мішневіцкі, Обальскі сельсаветы — Полацкаму раёну.
30 ліпеня 1966 года Шумілінскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Шуміліна і 8 сельсаветаў: Дабейскі, Клётчынскі, Лаўжанскі, Лескавіцкі, Мікалаеўскі, Обальскі, Пагарэлецкі і Сіроцінскі. 2 жніўня 1966 года да раёна далучаны Мішневіцкі сельсавет Гарадоцкага раёна. 12 студзеня 1968 года ўтвораны Казьянскі сельсавет. 30 верасня 1968 года вёска Обаль набыла статус гарадскога пасёлка. 1 лістапада 1968 года скасаваны Обальскі сельсавет, 26 сакавіка 1973 года Лескавіцкі сельсавет перайменаваны ў Светласельскі, Клётчынскі сельсавет — у Лявонаўскі, 19 красавіка 1973 года Пагарэліцкі сельсавет — у Язвінскі. 18 ліпеня 1985 года ў склад раёна з Бешанковіцкага раёна перададзены Каўлякоўскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Шумілінскі раён і гарадскі пасёлак Шуміліна аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 лютага 2000 года Обальскі пассавет рэарганізаваны ў Обальскі сельсавет, скасаваны Лявонаўскі сельсавет. 26 верасня 2002 года скасаваны Казьянскі сельсавет[4], 8 красавіка 2004 года — Язвінскі сельсавет[5].
Насельніцтва
2001 — 25,8 тыс. 2008 — 21,4 тыс. 2015 — 18806. Гаспадарка ———-
Буйнейшыя прадпрыемствы:
- «Вежа», СП
- ДРБУП-204
- «Малако», ААТ
- Обальскі керамічны завод
- Торфапрадпрыемства імя Даўмана
- Шумілінскі льнозавод, ААТ
- Шумілінскі лясгас, ДЛГУ
Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вытворчасці зерня і льну.
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Шумілінскім раёне Сістэма адукацыі Шумілінскага раёна ў 2012 годзе складалася з 9 сярэдніх, 3 базавых, 1 пачатковай, 4 сярэдніх школы-сада, 2 базавых дзіцячых садоў-школ, 3 пачатковых дзіцячых садоў-школ, Шумілінскай раённай гімназіі, у якіх навучалася 2733 навучэнцаў.
Былі адкрыты 8 гімназічных і 3 ліцэйскія класы на базе Обальскай СШ і СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Ахова здароўя
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Шумілінскім раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Шумілінская цэнтральная раённая бальніца».
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Шумілінскага раёна На тэрыторыі Шумілінскага раёна ўзяты на ўлік 108 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 14 помнікаў археалогіі (7 з іх рэспубліканскага значэння), 3 помнікі архітэктуры, 91 помнік гісторыі (22 з іх рэспубліканскага значэння).
Старшыні Шумілінскага райвыканкама
- Аляксандр Іванавіч Снараў
- 13 лістапада 2018 — 29 ліпеня 2019 — Алег Пятровіч Быкаў
- з 29 ліпеня 2019 — Віктар Сяргеевіч Гутараў
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Даніла Васілеўскі (1889, в. Новае Сяло — 1963) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец.
- Іван Антонавіч Віткоўскі — беларускі гісторык.
- Еўфрасіння Савельеўна Зянькова — Герой Савецкага Саюза.
- Аркадзь Іванавіч Лапо — беларускі вучоны-раслінавод.
- Мікалай Аляксеевіч Ласкуноў — Герой Савецкага Саюза.
- Алег Уладзіміравіч Салтук — беларускі паэт, перакладчык.
- Людміла Іванаўна Сіманёнак (нар. 1975, в. Обаль) — беларуская паэтэса.
- Соф’я Тарасаўна Пальвінская — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Мікалай Браніслававіч Паўловіч (1897, в. Мазурына) — ваенна-марскі тэарэтык, контр-адмірал.
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 26 сентября 2002 г. № 162 Об упразднении Козьянского сельсовета и изменении границ Мишневичского сельсовета Шумилинского района Витебской области
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / С.Д. Гриневич и др. — Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Т. 2: (1944―1980 гг.). — Минск: «Беларусь», 1987. — 283 с.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — 583 с. — 10 000 экз.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шумілінскі раён
- Шумілінскі раённы выканаўчы камітэт
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»
- Спіс населенных пунктаў Шумілінскага раёна па сельсаветах
- Адметныя мясціны Шумілінскага раёна ў фотаздымках на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шумілінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Шумілінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Полацкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Сіроцінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ульскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Шумілінскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1968 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 2000 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Шумілінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.