Гарадоцкі раён
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гарадоцкі раён (значэнні).
Гарадо́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Раён размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі і займае каля 3000 км² (па тэрыторыі адзін з буйнейшых у краіне). На поўначы мяжуе з Невельскім і Усвяцкім раёнамі Пскоўскай вобласці Расіі, на паўднёвым усходзе з Віцебскім раёнам, на захадзе з Шумілінскім і Полацкім раёнамі.
Геаграфія
Каля 88 % паверхні знаходзіцца ў межах Гарадоцкага ўзвышша, рэльеф мясцовасці ўзгорысты, са шматлікімі азёрамі. На захадзе і паўднёвым усходзе раёна — Полацкая і Суражская азёрна-ледавіковыя нізіны са згладжанай слабахвалістай паверхняй. 58 % тэрыторыі раёна знаходзіцца на вышыні 170—180 метраў над узроўнем мора, 32 % — на вышыні 200 метраў і больш. Найвышэйшы пункт — ля вёскі Загараны Бычыхінскага сельсавета (259 м над узроўнем мора). Ніжэйшая адзнака (140 метраў) — урэз ракі Обаль на захадзе. У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-заходніх схілаў Аршанскай упадзіны.
Найбольшыя з рэк, што працякаюць па тэрыторыі раёна — Обаль і яе прытокі Чарнуйка, Чарняўка, Усыса, а таксама Аўсянка, Лужаснянка. Да басейна Нявы належыць рака Ловаць. У раёне знаходзіцца 162 возеры. Найбольш буйныя Езярышча, Лосвіда, Вымна. Іншыя азёры: Немцава.
Агульная плошча лугоў — 31,4 тыс. га, сухадолаў — 24,1 % усёй плошчы, нізінныя — 70,6 %, заліўныя — 5,3 % плошчы. Пад лясамі знаходзіцца 44 % тэрыторыі раёна. Найбольшая лясістасць назіраецца на паўднёвым усходзе і паўночным захадзе раёна. Сярэдняя плошча лясных масіваў ад 700 да 1000 га. Найбольшыя з іх — Беразнянскі масіў, Лосвідская, Горкаўская, Селішчанская, Паташненская дачы. Лясы пераважна хваёвыя.
Заказнікі
На тэрыторыі раёна ў верасні 1993 года ўтворана сетка тарфяных заказнікаў:
- Абалонне
- Гарэлае
- Лазасек
- Лог
- Лясное
- Мох
- Мох-1
- Мураўёўка
- Перавал
- Тарасава
- Траццякоўскі мох
- Чысцік-1
- Ягукаўка
Заказнік:
- Азёрна-іхтыялагічны заказнік на возеры Ціёста
- Езярышчанскі арніталагічны заказнік абласнога значэння
- Батанічны заказнік «Вослепна»
- Батанічны заказнік «Дубрава»
- Батанічны заказнік «Паташанскі»
- Біялагічны заказнік «Ловаць»
- Біялагічны заказнік «Сурміна»
- Гідралагічны заказнік «Карыценскі Мох»
Гісторыя
Гарадоцкі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года) БССР. 20 жніўня 1924 года раён быў падзелены на 13 сельсаветаў: Аляксандраўскі, Болецкі, Бяскатаўскі, Вайханскі (Новавайханскі), Віраўлянскі, Гарадоцкі, Іванаўскі, Канчанскі, Кузьмінскі, Маскаляняцкі, Пальмінскі, Паташнянскі, Селішчанскі. 24 верасня 1926 года скасаваны Гарадоцкі сельсавет. 9 кастрычніка 1929 года Паташнянскі сельсавет перайменаваны ў Першамайскі, Іванаўскі сельсавет — у Пралетарскі. 12 кастрычніка 1929 года да раёна далучаны 8 сельсаветаў скасаванага Езярышчанскага раёна: Асіпоўскі, Горкаўскі, Езярышчанскі, Мехаўскі, Пылькінскі, Саладухінскі, Халамерскі, Хвошненскі (Хвашнянскі), 15 лютага 1931 года — Кабішчанскі і Мікалаёўскі сельсаветы скасаванага Віцебскага раёна, 8 ліпеня 1931 года — 7 сельсаветаў скасаванага Мяжанскага раёна: Вышадскі, Вярэцкі, Газьбенскі (Газьбянскі), Зайкаўскі, Мяжанскі, Паташненскі (Паташнянскі), Рудненскі (Руднянскі). 5 снежня 1931 года Мікалаёўскі сельсавет уключаны ў гарадскую рысу Віцебска, Асіпоўскі сельсавет перайменаваны ў Обальскі. 12 лютага 1935 года Віраўлянскі, Газьбенскі (Газьбянскі), Горацкі (Горкаўскі), Езярышчанскі, Зайкаўскі, Кузьмінскі, Мехаўскі, Мяжанскі, Обальскі, Паташненскі (Паташнянскі), Пылькінскі, Рудненскі (Руднянскі), Саладухінскі, Халамерскі, Хвошненскі (Хвашнянскі) сельсаветы перададзены Мехаўскаму раёну. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вышадскі, Кабішчанскі, Маскаляняцкі, Селішчанскі сельсаветы, Аляксандраўскі сельсавет перайменаваны ў Прудніцкі, утвораны Даўгапольскі сельсавет. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Канашынскі сельсавет скасаванага Суражскага раёна. 4 сакавіка 1960 года скасаваны Болецкі сельсавет, 22 снежня 1960 года — Канчанскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны 20 населеных пунктаў Казьянскага сельсавета Шумілінскага раёна, Бычыхінскі, Віраўлянскі, Газьбенскі, Гуркінскі, Зайкаўскі, Кудзінскі, Мяжанскі, Рудненскі, Халамерскі, Хмяльніцкі, Шабраўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Езярышча скасаванага Езярышчанскага раёна. 18 сакавіка 1963 года далучаны Мішневіцкі сельсавет Полацкага раёна, які 2 жніўня 1966 года перададзены Шумілінскаму раёну. 3 ліпеня 1970 года скасаваны Шабраўскі сельсавет. 26 сакавіка 1973 года Бяскатаўскі сельсавет перайменаваны ў Стадолішчанскі, 12 снежня 1977 года Кудзінскі — у Марчанскі. 10 снежня 1986 года скасаваны Канашынскі сельсавет, 26 чэрвеня 1997 года — Пралетарскі сельсавет, 8 красавіка 2004 года — Вярэцкі, Газьбенскі, Зайкаўскі, Марчанскі, Прудніцкі, Халамерскі і Хмяльніцкі сельсаветы, 13 верасня 2018 года — Руднянскі сельсавет[4].
Насельніцтва
Дынаміка насельніцтва:
2005 — 32,2 тыс. 2009 — 28,4 тыс. 2015 — 23 667. Гарадскія паселішчы (тыс. чал., 2015) — г. Гарадок (13 558), г.п. Езярышча (1307).
У Гарадоцкім раёне зарэгістравана 13 рэлігійных суполак. З іх: 9 праваслаўных (г. Гарадок, г. п. Езярышча, в. Пальмінка, в. Кабішча, в. Вархі, в. Хвошна, в. Рамні, в. Халамер’е), 1-рымска-каталіцкая (г. Гарадок), 3 пратэстанцкіх (хрысціяне веры евангельскай, евангельскія хрысціяне-баптысты, царква хрысціян адвентыстаў сёмага дня).
Адміністрацыйны падзел
У склад уваходзяць г.п. Езярышча, 369 населеных пунктаў, Езярышчанскі пасялковы Савет і 10 сельскіх саветаў: Бычыхінскі, Вайханскі, Віраўлянскі, Гуркінскі, Даўгапольскі, Межанскі, Пальмінскі (цэнтр — вёска Пальмінка), Першамайскі, Руднянскі, Стадалішчанскі.
Гаспадарка
Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. У склад АПК уваходзяць 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, ЗАТ “Агракамбінат «Стайкаўскі», ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб», 10 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 15 фермерскіх гаспадарак.
Землі сельскагаспадарчай вытворчасці займаюць 65 000 га, у тым ліку раллі 25 000 га. Раён спецыялізуецца ў раслінаводстве на вытворчасці зерня, бульбы, лёну; у жывёлагадоўлі — на вытворчасці малака, мяса, свініны, яек. Удзельная вага прадукцыі раслінаводства ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна складае 18 %, жывёлагадоўлі 82 %.
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 87 аб’ектаў Гарадоцкага раённага спажывецкага таварыства, 21 ведамасны магазін, 42 магазіны прыватнай уласнасці, 45 камерцыйных пунктаў продажу і 1 міні-рынак. Агульная плошча магазінаў раёна складае 9465,8 кв.м. Колькасць работнікаў гандлю ў сістэме райпа складае 292 чалавекі, у ведамасным гандлі працуюць 72 чалавекі, на аб’ектах гандлю прыватнай уласнасці — 314 чалавек.
Транспарт
Праз тэрыторыю раёна праходзяць чыгунка і аўтамабільная шаша Санкт-Пецярбург — Адэса, аўтадарога Невель — Полацк.
Агульная працягласць аўтадарог у раёне перавышае 1600 км.
Адукацыя і культура
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Гарадоцкага раёна Сістэма адукацыі прадстаўлена 16 сярэднімі, 11 базавымі, 6 пачатковымі школамі, 1 школай-інтэрнатам, 22 дашкольнымі ўстановамі, дзіцячай школай мастацтваў, 2 музычнымі школамі, аграрна-тэхнічным каледжам, прафесійна-тэхнічным каледжам сельскагаспадарчай вытворчасці.
Працуюць Гарадоцкі Дом культуры, Езярышчанскі гарпасялковы Дом культуры, 16 сельскіх Дамоў культуры, 13 сельскіх клубаў, 36 бібліятэк, Гарадоцкая дзіцячая школа мастацтваў, Езярышчанская дзіцячая музычная школа, краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору.
Вядомыя асобы
- Марыя Ісаёнак — беларускі жывапісец (нарадзілася ў в. Кісялі)
- А. Я. Казлоў — Герой Савецкага Саюза (нарадзіўся ў в. Газьба)[5][6]
- М. І. Аверчанка (1922, Маісеенкі — 1960) — Герой Савецкага Саюза
- А. П. Амбросенка (1925, Марчанкі —) — Герой Савецкага Саюза
- М. І. Гапяёнак (1919, Глінішча — 2008) — Герой Савецкага Саюза
- І. І. Бышнёў (1964, в. Халамер’е) — беларускі вучоны-арнітолаг, эколаг, рэжысёр дакументальнага кіно
- А. Ф. Кавалёў (1926, Даўгаполле) — беларускі мастацтвазнаўца, жывапісец, дызайнер
- П. М. Каралёў (1915, Крыцкія — 1998) — Герой Савецкага Саюза
- М. А. Ананьеў (1900, Ісайкі — 1982) — Герой Савецкага Саюза
- Р. Б. Багданаў (1910, Марцюшы — 1943) — Герой Савецкага Саюза
- Канстанцін Вераніцын (1834, Астраўляны — 1903) — удзельнік літаратурнага жыцця ў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.
- С. Т. Воранаў (1906, Вірок — 1959) — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў час ВАВ
- Мікола Воранаў, беларускі пісьменнік
- Міхась Паўлаў (1957, в. Селішча — 2017) — краязнаўца і актывіст грамадскага руху[7]
- Іван (Іаан) Сакалоўскі (1867, в. Вайханы — 1943) — праваслаўны святар[8]
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://gorodok.vitebsk-region.gov.by/ru/rayispolkom-ru/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 13 сентября 2018 г. № 47 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Городокского района Витебской области
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
- ↑ Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. У 5-і т. Т.5.: Бібліяграфічны даведнік / Рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн.: Гал. рэд. БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. — Т. 5. — С. 268. — 720 с. — 15 000 экз.
- ↑ Пайшоў з жыцьця Міхась Паўлаў, віцебскі краязнаўца і актывіст грамадзкага руху https://www.svaboda.org/a/pajsou-z-zyccia-michas-paulau/28455703.html
- ↑ Уладзімер Арлоў Імёны свабоды, стар. 216—217 https://docs.rferl.org/be-BY/2020/11/07/96247f72-a7e0-4382-ad1c-ec68459cf6b7.pdf
Літаратура
- Гарадоцкі раён // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 45—46. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
- Гарадоцкі раён // Рэспубліка Беларусь : Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В.. Календа. — Мн., 2004. — С. 121—124.
- Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская; рэдкал. Н. А. Бурунова [і інш.]. — Мн., 2004.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- Спіс населенных пунктаў па сельсаветах
- Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гарадоцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Гарадоцкага раёна (Львоўская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты Гарадоцкага раёна (Хмяльніцкая вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гарадоцкага раёна Катэгорыя·Былыя раёны Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гарадоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Езярышчанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мяжанскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны Львоўскай вобласці Катэгорыя·Раёны Хмяльніцкай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1997 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2018 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гарадоцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.