Клічаўскі раён
Клі́чаўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Клічаў. Размешчаны на захадзе Магілёўскай вобласці. Мяжуе з Асіповіцкім, Бабруйскім, Кіраўскім, Быхаўскім, Магілёўскім, Бялыніцкім раёнамі Магілёўскай вобласці і Бярэзінскім раёнам Мінскай вобласці.
Геаграфія
Плошча 1800 км².
У тэктанічных адносінах Клічаўскі раён прымеркаваны да паўночнага схілу Бабруйскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы: паўднёва-ўсходняга крыла Чэрвеньскага структурнага заліва Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць антрапагенавыя ўтварэнні сожскага, дняпроўскага і Бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю 40—70 м, ніжэй на поўдзень верхнемелавыя да 40 м. Пашыраны адклады дэвону і верхняга пратэразою (венд і рыфей) магутнасцю да 600 м. На большай частцы тэрыторыі заляганне грунтовых вод неглыбокае — 2,5 м, на асобных плошчах — менш 2 м.
Паверхня раўнінная, слабапарэзаная, у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Яе вышыня над узроўнем мора 200—240 м. Агульны нахіл паверхні з поўначы на поўдзень. 80 % тэрыторыі знаходзіцца на вышыні 150—165 м, 18 % — ніжэй за 150 м. Паверхню Друць-Бярэзінскага вадападзелу ў шыротным напрамку расчляняюць скразныя даліны глыбінёй расчлянення 5—7 м на кв. км. Найвышэйшы пункт раёна — 176 м (за 6 км на паўночны захад ад в. Дубно), самы нізкі пункт раёна — 136 м (урэз Бярэзіны). Рачныя даліны і паніжэнні ў рознай ступені забалочаныя і затарфаваныя, агульны нахіл у бок ракі Ольса.
Асноўныя рэкі — Бярэзіна, Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, а таксама Друць з прытокам Даўжанкай. Іншыя рэкі: Ваданоска. Азёры: Дубавец і Орлінскае.
Карысныя выкапні: мел, пясок, пясчана-жвіровыя сумесі. Пераважаюць землі: лёгкія суглінкі 68 %, супясчаныя — 30 %. Лясамі занята — 25,7 % плошчы раёна. Балоты займаюць 3,2 % тэрыторыі.
Ёсць біялагічны мікразаказнік, гідралагічны і паляўнічы заказнікі мясцовага значэння, гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Астравы Дулебы. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі Клічаўскага раёна займаюць 36280 гектараў, з іх ворыва — 25385 гектараў.
Гісторыя
Археалагічныя даследаванні і знойдзеныя матэрыялы дазволілі высвятліць, што тэрыторыя Клічаўшчыны была заселеная чалавекам яшчэ ў эпоху неаліту. У раннім жалезным веку тут насялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. У раёне выраблялі жалезныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгажэнні, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. У 6-9 стагоддзях у гэтых месцах жылі славянскія плямёны дрыгавічоў. У раёне налічваецца 29 Курганоў.
На тэрыторыі раёна ў 1998 годзе на грамадзянскім могілках вёскі Баркі археолагамі быў знойдзены помнік дахрысціянскай культуры «хатка-церамок» — від пахавання памерлых продкаў-язычнікаў. Такі абрад пахавання існаваў на тэрыторыі Клічаўскага раёна і ў першай палове 20 стагоддзя. Падобны помнік з’яўляецца адзіным захаваным на тэрыторыі Беларусі.
У 9 стагоддзі тэрыторыя цяперашняй Клічаўшчыны ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, у 12 стагоддзі — належала Мсціслаўскаму княству, з першай паловы 14 стагоддзя — Вялікага Княства Літоўскага, з другой паловы 16 стагоддзя — пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ў Мінскае ваяводства. У 1793 годзе, калі да Расійскай імперыі была далучана цэнтральная частка Беларусі, і на яе тэрыторыі ўтварылася Мінская губерня. У яе склад увайшлі Бацэвіцкая і Свіслацкая воласці Бабруйскага павета, Брадзецкая і Даўжанская воласці Ігуменскага павета. Гэтыя землі і сталі тэрыторыяй сучаснага Клічаўскага раёна.
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Бабруйскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Клічаў. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Бацэвіцкі, Ваевіцкі, Ганчанскі, Запольскі, Кабылянкаўскі (Кабылянскі), Каўбчанскі, Клічаўскі, Новамаксімавіцкі (Максімавіцкі), Нясяцкі, Убалацкі, Уладзіміраўскі, Усакінскі. 8 кастрычніка 1924 года ўтвораны Усохскі сельсавет, 17 снежня 1926 года — Наталаўскі нацыянальны польскі сельсавет. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Віркаўскі, Востраўскі, Сялібскі, Якшыцкі сельсаветы скасаванага Свіслацкага раёна і Грыбавецкі, Доўгаўскі (Даўжанскі), Дубенскі, Ядрына-Слабадскі сельсаветы скасаванага Чачэвіцкага раёна. 25 ліпеня 1931 года Сялібскі і Якшыцкі сельсаветы перададзены Бярэзінскаму раёну, 12 лютага 1935 года Грыбавецкі сельсавет — Кіраўскаму раёну. 14 жніўня 1937 года скасаваны Наталаўскі нацыянальны польскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 27 верасня 1938 года Клічаў атрымаў статус гарадскога пасёлка. 10 ліпеня 1939 года Клічаўскі сельсавет скасаваны, адначасова ўтвораны Дзмітраўскі сельсавет. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Ваевіцкі, Востраўскі, Дубенскі, Запольскі, Убалацкі, Уладзіміраўскі, Усохскі сельсаветы, утвораны Бёрдаўскі сельсавет. 21 кастрычніка 1960 года скасаваны Бёрдаўскі, Максімавіцкі, Усакінскі, Ядрынаслабадскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя цалкам далучана да Кіраўскага раёна.
6 студзеня 1965 года Клічаўскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Клічаў, Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Дзмітраўскі (Дзмітрыеўскі), Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі сельсаветы, якія былі перададзены з Кіраўскага раёна. 19 жніўня 1966 года Дзмітраўскі сельсавет перайменаваны ў Патоцкі. 20 кастрычніка 1995 года Клічаўскі раён і гарадскі пасёлак Клічаў аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 15 снежня 2000 года Клічаў аднесены да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання. 23 снежня 2009 года скасаваны Віркаўскі сельсавет[5], 21 снежня 2011 года — Ганчанскі сельсавет[6], 20 верасня 2013 года — Акцябрскі сельсавет[7].
Дэмаграфія
Насельніцтва раёна складае 17 246 чал. (2009)[1], 15 148 (2016). Усяго акрамя Клічава налічваецца 140 сельскіх населеных пунктаў.
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Клічаўскага раёна На тэрыторыі раёна размешчана 85 помнікаў гісторыі і культуры. Сярод іх помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19-пачатак 20 ст.).
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Аляксандр Васілевіч Акуліч, Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь
- Леанід Марцінавіч Дайнека (1940—2019), беларускі пісьменнік
- Язэп Зазека, беларускі пісьменнік, навуковец і педагог
- Сяргей Касцян (нар. 1941), беларускі палітык
- Мікалай Паўлавіч Кніга, беларускі вучоны ў галіне оталарынгалогіі
- Анатоль Кудравец, беларускі пісьменнік
- Аркадзь Смоліч (1891—1938), беларускі географ, дзяржаўны дзеяч, навуковец, ахвяра камуністычных рэпрэсій
- Мікола Татур, беларускі перакладчык, паэт, крытык
- Анатоль Харлап, беларускі палітык і дыпламат
- Марыя Сіланцьеўна Шаўчонак, беларуская паэтэса
- Ігнат Яўхімавіч Грынявіцкі (1855—1881) — шляхціч герба Прагоня, беларускі рэвалюцыянэр-нарадаволец, які забіў расейскага імпэратара Аляксандра ІІ.
Транспарт
Праз раён праходзяць чыгунка Асіповічы — Магілёў, аўтадарогі на Беразіно, Бабруйск, Магілёў.
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области Архівавана 14 красавіка 2019.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 сентября 2013 г. № 22-12 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области Архівавана 29 снежня 2021.
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Інфармацыя на партале Магілёўскай вобласці Архівавана 5 студзеня 2011.
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online
- Славутасці на партале globustut.by
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Клічаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Клічаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Клічаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Кіраўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Свіслацкага раёна (Бабруйская акруга) Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чачэвіцкага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Клічаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.